Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 студзеня 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

Інтэлігенцыя Беларусі далучае свой голас да антыінтэграцыйных пратэстаў дэмакратычных сілаў краіны.

Першымі супраць новага ўсплёску інтэграцыйнай актыўнасьці беларускіх уладаў выступілі мастакаі творчай суполкі «Пагоня». На сваім агульным сходзе яны прынялі адмысловую заяву пратэсту. У ёй між іншага зазначаецца, што ў гісторыі нашай Бацькаўшчыны такія згубныя змовы, як падпісаная ў Маскве 25 сьнежня летась дэклярацыя, былі ўжо не аднойчы - анэксія Беларусі Расеяй у канцы XVIII стагодзьдзя, здача Беларусі кайзэраўскай Нямеччыне паводле Берасьцейскага міру ў 1918 годзе, падзел нашай краіны паводле Рыскага трактату 1921 году, здача часткі беларускіх земляў суседнім дзяржавам паводле Ялцінскіх пагадненьняў у 1945 годзе - і заўсёды гэта рабілася рукамі захопнікаў і акупантаў.

«Але 25 сьнежня незалежнасьць нашай дзяржавы спрабуе ліквідаваць яе кіраўнік - прэзыдэнт, які паводле Канстытуцыі прысягаў бараніць галоўную каштоўнасьць Беларусі - незалежнасьць. Каб захаваць сваё эканамічнае й палітычнае банкруцтва і пазьбегнуць адказу перад народам, робіцца чарговая спроба зьліквідаваць Беларусь як дзяржаву, уключыўшы яе ў крымінальную, скарумпаваную, сацыяльна бяспраўную, наскрозь шавіністычную імпэрскую Расею», - гаворыцца ў заяве мастакоў.

Заява суполкі «Пагоня» заканчваецца зваротам да кожнага суайчыньніка, кожнага дзеяча культуры, асьветы, навукі, каму дарагі лёс народу і будучыня Беларусі, да творчых саюзаў, мастацкіх калектываў, творчых гуртоў - з заклікам публічна выказаць свой рашучы пратэст супраць спробы ліквідаваць дзяржаўнасьць краіны, адстойваць яе незалежнасьць усімі магчымымі канстытуцыйнымі сродкамі.

А 25 студзеня нечарговая рада Саюзу Беларускіх Пісьменьнікаў прыняла таксама заяву з нагоды новых спробаў прэзыдэнта Лукашэнкі зьнішчыць незалежнасьць краіны. Падпісаныя Лукашэнкам і Ельцынам 25 сьнежня ў Маскве заяву і дэклярацыю пра аб'яднаньне дзьвюх краінаў у «саюзную дзяржаву» рада Саюзу Беларускіх Пісьменьнікаў разглядае як нелегітымны акт, які ў выпадку яго ажыцьцяўленьня будзе азначаць страту нацыянальнай незалежнасьці Беларусі.

Супраць гэтага рада выказалася рашуча й адназначна:

«Зьмена дзяржаўнага статусу Рэспублікі Беларусь зьяўляецца нічым іншым, як ігнараваньнем нацыянальных інтарэсаў і ня можа лічыцца легітымнай, бо супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».

Трэба аднак сказаць, што да пратэсту супраць антыбеларускіх дзеяньняў прэзыдэнта краіны далучыліся ня ўсе беларускія літаратары. І ўжо ёсьць зьвесткі, што некаторыя наважыліся адасобіцца ў свой саюз «літаратараў-інтэгратараў».

XS
SM
MD
LG