Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 студзеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Сёньня апублікаваны дэкрэт прэзыдэнта Беларусі «Аб некаторых мерах па ўпарадкаваньні дзейнасьці палітычных партыяў, прафэсійных саюзаў і іншых грамадзкіх аб'яднаньняў». Шмат якія палажэньні гэтага дэкрэту выклікаюць небеспадстаўныя засьцярогі грамадзкіх арганізацыяў у сувязі з усеагульнай перарэгістрацыяй, якая будзе праводзіцца ад 1 лютага да 1 ліпеня сёлета ў адпаведнасьці з новымі правіламі.

Зьяўленьне гэтага дакумэнту ў партыях і грамадзкіх арганізацыях чакалі даўно - яшчэ зь мінулага году, але меркавалася, што гэта будзе указ, які закране толькі некаторыя фармальныя моманты рэгістрацыі ў МінЮсьце. І вось апублікаваны дэкрэт, зьмест якога насамрэч закранае альбо перакрэсьлівае цэлы шэраг законаў ды падзаконных актаў.

Як адаб'ецца чарговы дэкрэт прэзыдэнта на дзейнасьці «трэцяга сэктару» грамадзтва?

Вось думка старшыні бюро Беларускага Фонду Падтрымкі Дэмакратычных Рэформаў імя Сапегі Сяргея Альфера:

(Альфер:) «Я думаю, што дэкрэт прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь значна ўскладніць жыцьцё нашых грамадзкіх аб'яднаньняў. Што тычыцца палітычных партыяў - гэта другая перарэгістрацыя палітычных партыяў з пасьлядоўным павелічэньнем колькасьці іх сяброў. Падчас першай патрабаваная колькасьць сяброў была павялічаная ад 250 да 500, а зараз павялічылі ад 500 да 1000 чалавек. Адпаведна, большасьць дзейных у Беларусі палітычных партыяў гэтую перарэгістрацыю па колькасьці сяброў ня зможа прайсьці, і рэальна дзейных палітычных партыяў застанецца на сёньняшні дзень ня больш за дзесяць. Найхутчэй іх будзе пяць-шэсьць. Больш таго, адпаведна з гэтым дэкрэтам і дададзеным да яго палажэньнем, любая палітычная партыя, якая мела заўвагі ад Міністэрства Юстыцыі - не папярэджаньні, а заўвагі - у сваёй дзейнасьці на працягу ад 1998 году, мае быць зачыненая «у адпаведнасьці з законам»».

Паводле зьвестак Сяргея Альфера, на перарэгістрацыю ў адпаведнасьці з патрабаваньнем да колькаснага складу могуць разьлічваць найперш Беларускі Народны Фронт, Аб'яднаная Грамадзянская Партыя, абедзьве камуністычныя партыі, Народная Грамада і, магчыма, Лібэральна-Дэмакратычная Партыя. Але, як мы раней паведамлялі, БНФ і АГП атрымалі летась папярэджаньні ад МінЮсту. Мелі такія папярэджаньні й некаторыя грамадзкія арганізацыі.

Асобнае месца адведзенае ў дэкрэце прафсаюзам. І гэта яўна невыпадкова, улічваючы іхную актыўнасьць, якая асабліва ўзрасла апошнім часам.

(Альфер:) «Для прафэсійных саюзаў з майго пункту гледжаньня ўведзеная дыскрымінацыйная норма аб тым, што на кожным прадпрыемстве для йснаваньня прафсаюзу колькасьць яго сяброў павінна быць ня менш як 10% працаўнікоў. Адпаведна з гэтым большасьць нашых незалежных прафсаюзаў страцяць свае суполкі на прадпрыемствах. Але паводле фармальнага прызнаку - паводле агульнай колькасьці сяброў прафсаюзаў - амаль усе незалежныя прафсаюзы застануцца йснаваць, але яны будуць існаваць без канкрэтнага асяродзьдзя на прадпрыемствах, і таму іх дзейнасьць як прафэсійных арганізацыяў у абароне правоў працоўных, правоў рабочых будзе вельмі замаруджаная, і гэта прывядзе да таго, што іх актыўнасьць будзе слабая, і сябры, якія будуць прыходзіць у гэтыя прафсаюзныя арганізацыі, таксама ня будуць атрымваць дзейнай дапамогі ад свайго канкрэтнага прафсаюзу.

Што датычыць грамадзкіх арганізацыяў - я думаю, што большасьць грамадзкіх арганізацыяў, якія цяпер існуюць у Беларусі, ня будуць перарэгістраваныя з пэўнага шэрагу прычынаў. Па-першае, гэта, напэўна, фінансавыя прычыны. Пры папярэдняй перарэгістрацыі, якая адбылася каля 5 гадоў таму, больш за 30% арганізацыяў не былі перарэгістраваныя. Цяпер сябры, якія стварылі грамадзкую арганізацыю, павінны будуць за перарэгістрацыю, за рэгістрацыю сымболікі ды за іншыя працы плаціць дастаткова вялікія грошы, і адпаведна з гэтым перарэгістрацыя напэўна ўсё-ж такі не адбудзецца. Больш таго, спыняць існаваньне тыя арганізацыі, якія зарэгістраваныя па месцы жыхарства - атрымаць офіс па месцы жыхарства для большасьці грамадзкіх арганізацыяў таксама будзе немагчыма».

Дарэчы, у дэкрэце згадваецца «рэспубліканская камісія», на якую цяпер ускладаюцца функцыі рэгістрацыі ды перарэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў. Склад гэтай камісіі пазначаны ў асобным дадатку, які чамусьці пакуль не апублікаваны. Між тым сьпіс сяброў камісіі варты ўвагі. Узначальвае яе віцэ-прэм'ер Замяталін. У камісію зь неакрэсьленымі ў дэкрэце паўнамоцтвамі ўвайшлі сярод іншых міністар юстыцы Варанцоў, памочнік прэзыдэнта Кучынскі, старшыня Камітэту справаў моладзі Пазьняк, старшыня Беларускага Таварыства дружбы й культурных сувязяў з замежнымі краінамі Ваніцкі, начальнік Галоўнага Ўпраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі адміністрацыі прэзыдэнта Саламаха. Усяго - 12 чалавек, якія будуць цяпер вырашаць лёс няўрадавых арганізацыяў у Беларусі.

XS
SM
MD
LG