Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 студзеня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

27 студзеня каля сталічнага Палаца Спорту адбыўся 10-тысячны прафсаюзны мітынг супраць пагаршэньня сацыяльна-эканамічнага становішча беларускіх працоўных. Адметнасьцю гэтай акцыі пратэсту стаўся супольны ўдзел у ёй прадстаўнікоў афіцыйных і свабодных прафсаюзаў.

Старшыня рэспубліканскага галіновага прафсаюзу аўтасельгасмашу Аляксандар Бухвостаў перш за ўсё застаўся задаволены атмасфэрай шматтысячнага мітынгу. "Працоўныя Беларусі, - сказаў ён, - пачынаюць разумець, дзе галоўная прычына іхнага цяперашняга бядотнага становішча. Віна ляжыць на ўладах. Вось думка, якая ўсё глыбей асядае ў галовах беларускіх рабочых". Сп. Бухвостаў адзначыў, што такая радыкальнасць настрояў зьдзівіла некаторых прафсаюзных кіраўнікоў.

Удзельнікі мітынгу, паводле назіраньняў аднаго зь яго арганізатараў, найбольш гучнымі воплескамі падтрымлівалі тых прамоўцаў, хто казаў пра неабходнасьць адстаўкі цяперашняга ўраду. Так, галіновыя прафсаюзы з Фэдэрацыі Уладзімера Ганчарыка, што прымалі ўдзел у акцыі 27 студзеня, палічылі неабходным далучыцца і да патрабаваньня адстаўкі ўраду Сяргея Лінга пасьля 30 сакавіка. З гэтай ініцыятывай выступіў Свабодны прафсаюз мэталістаў. Яго лідэр Міхаіл Марыніч сказаў у гэтай сувязі ў інтэрвію нашаму радыё:

(Марыніч:) "У маёй прамове на мітынгу дата 30 сакавіка азначала своеасаблівы эканамічны ультыматум. Калі да гэтага дня не адбудзецца стабілізацыі жыцьцёвага ўзроўню насельніцтва, ня будуць публічна агучаныя захады ў справе павышэньня жыцьцёвага ўзроўню, то прафсаюзам неабходна арганізаваць агульнанацыянальны страйк. Прычым, страйк у працоўны час з патрабаваньнем адстаўкі ўраду і выказваньнем недаверу дзейнасьці прэзыдэнта".

Як станоўчую зьяву ў дзейнасьці беларускіх прафсаюзаў ахарактарызаваў учорашнюю акцыю пратэсту старшыня прафкаму Менскага трактарнага заводу Анатоль Кудзялевіч, лідар адной з найбуйнейшых у краіне прафсаюзных арганізацыяў. Адказваючы на крытыку з боку афіцыйных масс-мэдыя, Анатоль Кудзялевіч сказаў:

(Кудзялевіч:) "Мітынгі адбываюцца ва ўсім сьвеце. Гэта нармальная, цывілізаваная форма ўзаемадачыненьняў уладаў і прафсаюзаў. На іх рабочыя даносяць свой пункт гледжаньня да кіруючых структураў. І яны, адпаведна, павінны ўносіць карэктывы ў сваю палітыку. Таму варта ўспрымаць такія мерапрыемствы спакойна, без адмоўных эмоцыяў".

Учорашняй акцыяй пратэсту застаўся задаволены і намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Менскага маторнага заводу Іван Саломка: " Усебеларускі страйк пасьля 30 сакавіка ў выпадку невыкананьня ўладамі рэзалюцыяў мітынгу, - ініцыятыва своечасовая і патрэбная. Трэба тэрмінова выбірацца з той эканамічнай ямы, у якой, - сказаў Іван Саломка, - мы цяпер знаходзімся".

XS
SM
MD
LG