Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 студзеня 1999 г.


Браніслава Станкевіч, Ворша

Як заўважылі сёньня наведнікі Аршанскага цэнтральнага рынку, інтэнсіўнага, як заўсёды, гандлю тут з раніцы не распачалося. Прадаўцы стаялі каля сваіх палатак без тавару - у знак пратэсту супраць невыносных умоваў працы і непамерна высокіх падаткаў. А 10-тай гадзіне раніцы проста на гандлёвай плошчы распачаўся мітынг пратэсту. Выступалі пераважна актывісты свабоднага прафсаюзу аршанскіх прадпрымальнікаў. Зь іхных словаў вынікала, што ні адміністрацыя рынку, ні гарадзкое кіраўніцтва не імкнуцца зразумець сёньняшнія праблемы і патрэбы гандляроў.

Падлічыўшы агульны кошт падаткаў, якія выплочваюцца штомесяц, прадпрымальнікі зразумелі, што кожны зь іх утрымлівае двух-трох пэнсіянэраў, бо агульная сума штомесячных пералічэньняў складае ад 10 да 15 мільёнаў беларускіх рублёў. Да таго ж, памеры асобных падаткаў у Воршы значна большыя, чым, да прыкладу, у недалёкім Магілеве. Між тым, спаганяючы падатак нават за ўезд на тэрыторыю рынку на ўласнай аўтамашыне, адміністрацыя зусім не займаецца яго добраўпарадкаваньнем. Частка рынку закрытая пад даўно замарожанае будаўніцтва. На астатняй жа плошчы даводзіцца гандляваць літаральна па калена ў вадзе, бо пра новае асфальтавае пакрыцьцё з дырэктарам дамовіцца не ўдалося.

Увогуле, як сьцьвярджае большасьць гандляроў, з дырэктарам Цэнтральнага аршанскага рынку дамовіцца цяжка пра ўсё. Часьцей, чым канструктыўныя прапановы, ад яго можна пачуць абразы й пагрозы. Аднак, калі дырэктар пачуў, што прадпрымальнікі не зьбіраюцца плаціць падаткі ў наступным месяцы, пакуль тэрыторыя рынку ня будзе даведзеная да ладу, ён даў нейкія абяцаньні.

У сёньняшнім мітынгу ўзялі ўдзел некалькі сотняў чалавек. Пасьля яго заканчэньня аршанскі рынак так і не запрацаваў. Толькі валютчыкі, як і кожны дзень, працягвалі сваё дзяжурства за базарнай брамай.

XS
SM
MD
LG