Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 студзеня 1999 г.


Галіна Айзэнштат, Менск

Чым далей разгортваецца выбарчая кампанія ў мясцовыя саветы, тым больш відавочным становіцца, што закон аб іх не дае нават і маленькага шанцу на нейкі ўдзел у іх тых, хто не падзяляе палітыку цяперашняй улады.

24 студзеня пачаўся чарговы этап выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы - вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты. Праўда, нейкіх зьвестак пра тое, што недзе ўжо адбылося такое вылучэньне, у ЦВК яшчэ няма. І ў значнай ступені гэта тлумачыцца ня толькі тым, што прайшло толькі некалькі дзён з моманту абвяшчэньня чарговага выбарчага этапу, але й тым, што да 29 студзеня працягваецца завяршэньне фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў.

Дарэчы, удзел у апошніх быў адзіным шанцам для грамадзкіх арганізацыяў хоць у нейкай ступені ўзяць пад кантроль правядзеньне выбарчай кампаніі, бо згодна з Законам аб выбарах у мясцовыя саветы кожная грамадзкая арганізацыя і нават грамадзянін могуць падаць заяву на ўдзел у працы камісіі. А што на справе?

Як паведаміў Радыё Свабода кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Прававая абарона» Алег Волчак, ён прадставіў у Фрунзэнскую тэрытарыяльную камісію г. Менску дакумэнты на аднаго зь юрыстаў сваёй арганізацыі нават раней за ўсіх, калі камісія і напалову не была сфармаваная, аднак гэты юрыст так і ня трапіў у сябры камісіі. Чаму - Волчаку не патлумачылі, бо згодна з законам выканкам, які ўтварае гэтыя камісіі, і не павінен даваць нейкія тлумачэньні, а толькі канстатаваць: стаў прэтэндэнт сябрам камісіі або не. Тым ня менш, чаму адмовілі вылучэнцу арганізацыі Волчака - можна здагадацца. Хутчэй за ўсё з-за кандыдатуры самога Волчака, які ўвайшоў у ЦВК па выбарах прэзыдэнта Беларусі, абвешчаных Вярхоўным Саветам XIII скліканьня. На гэтым прыкладзе відаць, наколькі шчыльна прапісаныя палажэньні закону, прынятыя прэзыдэнтавым заканадаўчым ворганам, - пакарыстацца імі апазыцыі немагчыма, нават калі б яна такое жаданьне і праявіла.

Узяць тое самае вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты. Вылучаць іх згодна з законам могуць толькі палітычныя партыі, зарэгістраваныя МінЮстам, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў. Дэмакратычныя партыі адмовіліся ўдзельнічаць у сёлетніх выбарах, але калі б пажадалі, то іх лідэры - а гэта людзі найбольш вядомыя ў грамадзтве - усё роўна ня маюць на гэта права, бо мелі - і не аднойчы - адміністрацыйныя пакараньні праз суд, а такім закон забараняе вылучацца. У працоўных калектывах вылучаць тых, каго пажадае ўлада. Досьвед такі назапашаны за дзесяцігодзьдзі савецкай улады. Застанецца вылучацца шляхам збору подпісаў грамадзянаў - самы цяжкі і небясспрэчны шлях, бо, з аднаго боку, адчуваецца яўная апатыя грамадзянаў, а з другога - для правядзеньня такой акцыі патрэбныя значныя фінансавыя сродкі, якіх у большасьці сваёй дэмакраты ня маюць.

Між тым, сёлетнія выбары ў мясцовыя саветы маюць вялікае значэньне, бо паводле такіх правілаў пройдуць у пэрспэктыве парлямэнцкія й прэзыдэнцкія выбары, калі іх абвесьціць улада. Таму яна й зьвяртае такую пільную ўвагу на іх правядзеньне. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына пачала камандыроўку па абласьцях краіны. У Гомлі яна заявіла, што выбары дадуць імпульс абнаўленьню мясцовых саветаў, бо, маўляў, некаторыя старшыні саветаў працуюць аж па дзесяць гадоў.

Між тым Ярмошына не паведаміла пра іншае - пра тое, што дэпутаты «нацыянальнага сходу» прынялі летась у сьнежні зьмены ў Законе аб мясцовым кіраваньні й самакіраваньні, згодна зь якімі цяпер старшыня савету мае права працаваць больш за два чатырохгадовыя тэрміны, гэта значыць - і дванаццаць гадоў.

XS
SM
MD
LG