Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 студзеня 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

Беларускія аўтатранспартныя фірмы, якія займаюцца перавозкай грузаў з Эўропы ў Расею ды іншыя краіны СНД, сутыкнуліся з новымі цяжкасьцямі. Шэраг эўрапейскіх кліентаў, зважаючы на няпэўную сытуацыю на беларуска-расейскай мяжы, сталі ўстрымлівацца ад паслугаў беларускіх перавозьнікаў.

Нягледзячы на тое, што крызыснае становішча на беларуска-расейскай мяжы часова ўдалося ўрэгуляваць і чэргі беларускіх грузавікоў пад Воршай і Гомлем сёньня не стаяць, айчынныя аўтатранспартныя фірмы працягваюць цярпець страты. Многія адпраўнікі грузаў у Заходняй і Ўсходняй Эўропе, устрывожаныя падзеямі тыднёвай даўнасьці, адмаўляюцца загружаць беларускія аўтамабілі. Прычым гэта датычыць ня толькі тых грузаў, якія адрасуюцца непасрэдна ў Расею, але й тых, што перавозяцца транзытам праз расейскую тэрыторыю ў іншыя краіны садружнасьці.

Запэўненьні кіраўніцтва беларускіх фірмаў пра тое, што грузы ў любым выпадку будуць дастаўленыя і што блякады беларускіх грузавікоў з расейскага боку на мяжы болей ня будзе - гэтай праблемай займаецца сам прэзыдэнт Лукашэнка - такія запэўненьні як правіла не падамагаюць. Прававых гарантыяў таго, што сытуацыя не паўторыцца, у беларускага боку няма. А часовы дазвол на бесьперашкодны пропуск беларускіх грузавікоў, якога пры ўдзеле прэм'ер-міністра Сяргея Лінга ўдалося дабіцца ў мінулую пятніцу, фармальна дзейнічае толькі да 27 студзеня. У гэты дзень праблему ў чарговы раз павінны абмеркаваць урадавыя дэлегацыі і альбо падоўжыць гэты дазвол на неабмежаваны ўезд або ўсё ж абмежаваць працу беларускіх фірмаў на расейскім рынку квотамі.

Спадзяваньняў на тое, што перамовы гэтыя будуць хуткія і пасьпяховыя, у беларускіх перавозьнікаў няшмат. Ні ў кога няма ілюзіяў наконт таго, нібы рашэньне расейскага боку было непаразуменьнем ці чыёйсьці сьвядомай палітычнай правакацыяй, накіраванай супраць інтэграцыйных ініцыятываў Лукашэнкі. Проста на працягу апошніх гадоў беларускія аўтатранспартныя фірмы, карыстаючыся таннасьцю сваіх паслугаў, пачалі выцясьняць расейцаў з расейскага рынку. Летась беларускімі грузавікамі з Расеі ў Эўропу і ў адваротным напрамку перавезена болей грузаў, чым уласна расейскімі. Тым часам усё больш расейскіх транспартных прадпрыемстваў застаецца без заказаў, а значыць і бяз працы.

Зразумела, у імя палітычных мэтаў Масква магла б заплюшчыць вочы на гэтую прыватную сытуацыю і ахвяраваць дабрабытам адной сваёй ня самай значнай галіны эканомікі. Менавіта да такога рашэньня заклікае расейцаў прэзыдэнт Лукашэнка: маўляў, падумаеш, нейкая тысяча нашых грузавікоў - дык для вас жа вязем тое, што заказалі вашыя людзі! Але ў тым і справа, што гэтая ды іншыя прыватныя сытуацыі, якія ўзьнікалі і непазьбежна будуць узьнікаць у блізкай будучыні, дакладна ілюструюць якую рэальную цану гатовая заплаціць цяпер Расея за Лукашэнкаву палітыку. Палова транспартнага рынку аб'ёмам прыкладна ў 1,5 мільярды даляраў выглядае сёньня для расейцаў занадта высокім коштам аб'яднаньня.

XS
SM
MD
LG