Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 студзеня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня арганізатары Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў правялі апошнюю напярэдадні кангрэсу прэсавую канфэрэнцыю, на якой заявілі, што іхныя пляны не зьмяніліся.

(Карпенка:) «Кангрэс адбудзецца 29-30 студзеня. Пасьля кароткіх канвульсіяў, якія прадпрыняў гарвыканкам ці нехта вышэйшы, паўторна атрыманая згода на правядзеньне кангрэсу ў тым самым памяшканьні і ў тым самым часе».

З гэтай заявай Генадзь Карпенка як старшыня аргкамітэту пачаў свой выступ перад журналістамі. Карпенка паведаміў, што кангрэс пачне працаваць а 14 гадзіне ў пятніцу ў палацы культуры акцыйнага таварыства «Сукно» на адрасе Матусевіча, 20.

Далей старшыня аргкамітэту пералічыў дакумэнты, якія будуць запрапанаваныя да разгляду дэлегатам кангрэсу. Гэта праекты рэзалюцыяў «Аб дзяржаўнасьці Беларусі», «Аб кансалідацыі дэмакратычных сілаў», «Аб эканамічнай і сацыяльнай палітыцы ўраду», «Аб правох чалавека ў Беларусі». Асобная рэзалюцыя будзе прысьвечаная становішчу беларускай мовы.

Генадзь Карпенка асабліва падкрэсьліваў, што праекты ўсіх дакумэнтаў узгодненыя палітычнымі партыямі - удзельнікамі кангрэсу. На ягоную думку, гэта - красамоўны доказ гатовасьці і здольнасьці дэмакратаў аб'яднацца.

Кангрэс - ня першая спроба кансалідавацца. Якія ёсьць падставы лічыць, што й гэтая спроба ня будзе марная? - прагучала пытаньне да сяброў аргкамітэту. Генадзь Карпенка, адказваючы на гэтае пытаньне, зьвярнуў увагу на падрыхтаваны плян дзеяньняў дэмакратычных сілаў пасьля правядзеньня кангрэсу: «Раней сапраўды здаралася, што мы зьбярэмся, пагамонім і разыйдземся. Зараз будзе выпрацаваны далейшы плян дзеяньняў. Каб яго рэалізаваць, будзе створаная Каардынацыйная Рада. Дамоўленасьць аб стварэньні гэтага воргану ўжо йснуе».

Генадзь Карпенка ўпэўнены, што арганізацыйнае забесьпячэньне супольнай дзейнасьці дэмакратаў будзе значна вышэйшае, чым было раней. А адзін з кіраўнікоў Хартыі-97 Андрэй Саньнікаў патлумачыў якія палітычныя фактары спрыяюць сёньня дэмакратам. Галоўны з гэтых фактараў - страта прэзыдэнтам Лукашэнкам сваёй легітымнасьці пасьля 20 ліпеня, у выпадку, калі ня будуць праведзеныя новыя прэзыдэнцкія выбары. Апазыцыя тады атрымвае шмат новых магчымасьцяў для ўзьдзеяньня на рэжым, лічыць Андрэй Саньнікаў і прыводзіць такі прыклад: пасьля 20 ліпеня страціць сваю легітымнасьць ня толькі прэзыдэнт Лукашэнка, але й беларускія амбасадары, прызначаныя прэзыдэнтам. У такім выпадку апазыцыя можа заклікаць дэмакратычныя краіны, якія не прызналі Лукашэнкаву «канстытуцыю» 1996 году, да непрызнаньня паўнамоцтва гэтых прадстаўнікоў. «Такія факты ў гісторыі былі, тэхналёгія йснуе, і мы можам яе выкарыстаць», - зазначыў Андрэй Саньнікаў. Паводле ягоных словаў, дэталёвы плян таго, што апазыцыя павінна зрабіць пасьля 20 ліпеня, і варта прыняць на кангрэсе.

Як упэўнены сакратар аргкамітэту кангрэсу Юры Захаранка, гэты сход будзе заўважаны міжнароднай супольнасьцю. На кангрэс прыедуць дэлегацыі больш чым 30 краінаў сьвету. А дыпляматычныя місіі, што месьцяцца ў Менску, ужо пацьвердзілі, што прышлюць сваіх прадстаўнікоў, сказаў Захаранка. Ён таксама нагадаў, што ў суботу адбудзецца мітынг у падтрымку рэзалюцыяў, якія плянуецца прыняць на кангрэсе. Дазвол на шэсьце ад плошчы Якуба Коласа ад 15-ай гадзіны і сам мітынг а 16 гадзіне на плошчы каля Опэрнага тэатру ад Менгарвыканкаму атрыманы, паведаміў журналістам Юры Захаранка.

XS
SM
MD
LG