Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 26 студзеня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Пра тое, што эканоміку Беларусі чакае крах, прадказвалі шматлікія экспэрты. Але звычайна спэцыялісты адмаўляліся назваць тэрмін каляпсу. І вось мы пачулі дату крызысу - 2000 год. Менавіта гэты тэрмін фігуруе ў дакумэнтах Нацыянальнага Выканаўчага Камітэту - ценевага ўраду Беларусі.

Пачну з цытаты: «Беларускі эканамічны «цуд» прывядзе эканоміку нашай краіны ў 2000 годзе да краху, выйсьці зь якога самастойна Беларусь ужо будзе ня ў стане». Гэта цытата з справаздачы кіраўніка Нацыянальнага Выканаўчага Камітэту Генадзя Карпенкі, зь якой ён будзе выступаць 29 студзеня на Кангрэсе Дэмакратычных Сілаў Беларусі.

А 26 студзеня асноўную тэзу гэтай справаздачы абмеркавалі на сваім чарговым паседжаньні сябры Выканкаму. Яны пагадзіліся з тым, што менавіта ў наступным годзе краху пазьбегнуць будзе ўжо немагчыма. Да гэтага вядзе ўся эканамічная палітыка, увесь незразумелы шлях, усе мадэлі разьвіцьця Беларусі - ад узбэцкай і кітайскай да «рынкавага сацыялізму». Аднак ніводзін з гэтых шляхоў не прывёў да паляпшэньня, а тыя статыстычныя дадзеныя, якімі насельніцтва Беларусі пераконваюць у посьпеху эканамічнага курсу прэзыдэнта і ягонага ўраду, на самой справе зьяўляюцца, як адзначана ў справаздачы, «сьвядомым маніпуляваньнем зь лічбамі».

Напрыклад, паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі ў 1997 і 1998 годзе зафіксаваны ўзрост валавога ўнутранага прадукту на 10%, а паводле дадзеных Нацыянальнага Выканаўчага Камітэту - на самой справе было зьніжэньне, у 1997 годзе на 2%, а летась - на 4%.

Сытуацыя з эканомікай у Беларусі ў справаздачы параўноўваецца з караблём, які кінуты ў моры і якім ніхто не кіруе. У прэзыдэнта і ўраду няма ня толькі пэрспэктыўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі, але й нават нейкіх сур'ёзных прагнозаў на год бягучы. Асабліва цяжкое становішча склалася ў сельскай гаспадарцы.

Удзельнікі паседжаньня трапна заўважылі - калі раней Лукашэнка заклікаў выйсьці на рубеж 1990 году, дык цяпер ён нават пра гэта ня ўзгадвае. Зьявіўся новы арыентыр - год 1994-ты - той самы год, у якім Лукашэнка быў абраны прэзыдэнтам. Але вярнуцца нават у гэты год цяпер немагчыма.

Сябры Нацыянальнага Выканаўчага Камітэту адзначылі: пэўны час прамысловасьць нашай краіны трымалася за кошт праяданьня асноўных фондаў прадпрыемстваў, абіраньня самых лепшых фабрыкаў і заводаў і рабаваньня насельніцтва. Але й гэтыя крыніцы не бясконцыя. Таму й зроблены прагноз для беларускай эканомікі - каляпс у 2000 годзе.

XS
SM
MD
LG