Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 студзеня 1999 г.


Пяць гадоў таму памёр Алесь Адамовіч. Слова памяці.

- Чаму вы пішаце, дзеля чаго гаворыць Радыё Свабода? - спытаўся ў мяне Алесь Адамовіч падчас апошняй нашай сустрэчы ў сьнежні 1993-га, за некалькі тыдняў да таго, як спынілася ягонае сэрца. Мы сустрэліся ў будынку Інстытуту Праблемаў Кінамастацтва, які Адамовіч узначаліў, калі з ласкі мясцовых уладаў быў вымушанны пакінуць Беларусь.

Быў вечар, ці проста ў сьнежні ў Маскве рана цямнее? - ня памятаю. На Адамовічу быў ягоны ўлюбёны швэдар, мы сядзелі адны ў велізарнай залі, дзе некалі праходзіла першае пасяджэньне антысталінскага «Мэмарыялу» - Адамовіч і Быкаў разам з Сахаравым і Салжаніцыным былі абраныя туды народным галасаваньнем, паводле апытаньня тысячаў людзей на вуліцах.

Да Адамовіча з павагай ставіліся розныя людзі, ад апошняга генсэка ЦК КПСС да расейскага праваабаронцы Сяргея Кавалёва, які некалі абраў мянушку «Алесь» у гонар беларускага пісьменьніка; Адамовіча цярпець не маглі савецкія генэралы і ці ня ўсё беларускае начальства: «Хай уведае Алесь, як ня просяць, дык ня лезь!»

Мы гаварылі з Алесем Міхайлавічам пра ягоную апошнюю кнігу - «З-пад кропельніцы», пра ягоную маці, пра Васіля Быкава і Сьвятлану Алексіевіч, пра беларускую мову і беларускі КГБ, пра нашыя Курапаты і ўсіхны Чарнобыль, пра сілу і бясьсільле слова. Мне тады здавалася, што слова страціла энэргію, новая свабода была больш падобная да пусткі - дзеля чаго Вы гаворыце цяпер, дапытваўся я ў Адамовіча. І тады Адамовіч спытаўся сам - а дзеля чаго гаворыць вашае радыё?

І сам адказаў - некаторыя словы трэба паўтараць, каб на іх увогуле не забыліся. Свабода, радзіма, каханьне...

Алеся Адамовіча многія ненавідзелі - але куды больш людзей любіла яго. І калі першых становіцца зь цягам часу толькі менш, дык колькасьць другіх будзе толькі расьці.

Аляксандар Лукашук

XS
SM
MD
LG