Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 студзеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня ў Менску адбыліся зладжаныя Беларускім Народным Фронтам санкцыянаваныя шэсьце й мітынг на знак пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Паводле ацэнкі назіральнікаў, у акцыі ўзяло ўдзел каля 4 тысячаў чалавек. Рэзалюцыя мітынгу складаецца ўсяго з трох словаў: «НЕ акупацыі Беларусі!».

Сёньняшняя дэманстрацыя Беларускага Народнага Фронту сталася працягам шэрагу акцыяў беларускай апазыцыі, якая актыўна пратэстуе супраць чарговага вітку беларуска-расейскай інтэграцыі. Сэнс усіх выступленьняў - прадэманстраваць, што ўсе спробы зьнішчэньня беларускай дзяржаўнасьці як мінімум не застануцца незаўважаныя, а як максымум - створаць кантэкст, у якім аб'яднаўчыя ініцыятывы губляюць законнасьць.

Учора зранку Беларускі Народны Фронт правёў пікет, а цяпер, а 17 гадзіне зьбірае на пляцы Якуба Коласа людзей для шэсьця й мітынгу пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і антыінтэграцыйнымі лёзунгамі. Лёзунгі, дарэчы, простыя й зразумелыя - «Чым саюз цясьнейшы, тым народ бяднейшы». У акцыі бяруць удзел прадстаўнікі як Беларускага Народнага Фронту, гэтак і іншых дэмакратычных партыяў - сацыял-дэмакратаў, Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі. Прысутнічаюць і прадстаўнікі «Хартыі-97».

Калёна, на чале якой лёзунг «БНФ за незалежнасьць», рушыла праезнай часткай праспэкту Скарыны да месца правядзеньня мітынгу.

(Карманаў:) Вы прымаеце ўдзел у шэсьці, але чаму, на Вашую думкку, так мала маладых людзей сёньня выйшла на акцыю?

(Удзельнік шэсьця:) «Ня ведаю нават. Цяпер сэсія йдзе ў інстытутах - можа, таму».

Мітынг распачаў выканальнік абавязкаў старшыні Беларускага Народнага Фронту Лявон Баршчэўскі

(Баршчэўскі:) «Гэтай акцыяй пачынаецца другі этап выступаў беларускага народу за сваю дзяржаву, за свае неад'емныя правы. Наш нацыянальна-вызвольны рух мірны. Пакуль што. Нам не патрэбная зброя, каб ісьці ў цывілізаваную Эўропу».

Лявон Баршчэўскі паведаміў, што створаны Народны Трыбунал, які будзе выносіць вырокі парушальнікам Канстытуцыі. На чале Трыбуналу стануць Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, Мікола Крукоўскі, Міхал Пастухоў, Сяргей Антончык, Іван Нікітчанка ды іншыя.

Учорашні міжпарлямэнцкі сход Беларусі й Расеі сп. Баршчэўскі назваў «незаконнай парлямэнцкай зборняй». Ён заклікаў усіх далучацца да акцыяў БНФ, у тым ліку па зборы подпісаў за адстаўку Лукашэнкі і ўступленьні ў грамадзянства БНР. Да гэтага заклікалі й намесьнік старшыні фронту Юры Беленькі, сакратар Управы Алесь Чахольскі, Алег Трусаў.

Прадстаўніца «Хартыі-97» Людміла Гразнова назвала сёлетні год вырашальным для Беларусі. І ад таго, ці здолеюць беларускія дэмакратычныя сілы аб'яднацца, будзе залежаць і будучыня незалежнай Беларусі.

Сяргей Антончык паведаміў на мітынгу, што днямі будзе створаны Рэспубліканскі Страйкавы Камітэт. Паводле Антончыка, беларускія працоўныя павінны змагацца ня толькі за каўбасу й хлеб, але й за незалежнасьць Беларусі. Пра гэта сказаў і старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Міхал Марыніч.

Завершыў мітынг намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка, які назваў абвешчаныя Вярхоўным Саветам прэзыдэнцкія выбары...

(Хадыка:) «... - гэта крок да рэальнага двоеўладзьдзя ў нашай краіне. Гэтае двоеўладзьдзе можам зрабіць рэальным толькі мы з вамі. Таму гэта вельмі важная кампанія, і яна якраз будзе ў значнай ступені абмяркоўвацца на Кангрэсе Дэмакратычных Сілаў».

Рэзалюцыя мітынгу складаецца ўсяго з трох словаў: «НЕ РАСЕЙСКАЙ АКУПАЦЫІ!». Дарэчы, паводле нашай інфармацыі, сёньня ўначы над Менгарвыканкамам чырвона-зялёны сьцяг быў заменены на бел-чырвона-белы. Бел-чырвона-белы сьцяг правісеў да ранку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG