Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 студзеня 1999 г.


У першыя гады незалежнасьці ў Беларусі зьявіліся спробы пераасэнсаваньня гісторыі, адыходу ад савецкага пункту погляду да беларускага, нацыянальнага. У такім духу пісалі падручнікі Георгі Штыхаў, Міхаіл Біч і Павал Лойка. Аднак разам з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі зьмянілася і кіруючая ідэалёгія: маўляў - не было ніколі ніякай Беларусі, толькі трыадзіная славянская дзяржава.

А як на фоне Беларусі выглядае справа падручнікаў па гісторыі ў суседняй Польшчы?

Падручнікі па гісторыі у Польшчы прайшлі даўгі шлях эвалюцыі.

Першай спробай выхаду па-за цесныя рамкі цэнзуры быў падручнік Тадэвуша Сяргейчыка "Гісторыя. Найнавейшы пэрыяд 1939-1945", апублікаваны у 1988 годзе на хвалі гарбачоўскай перабудовы. Больш абшырныя, зь вялікай колькасьцяй ілюстрацыяў, кнігі усё роўна былі ідэалягічна тэндэнцыйныя. У іх замоўчваліся такія факты, як захоп часткі Польшчы Савецкім Саюзам у верасьні 1939 году, не згадвалася пра тэрор з боку НКВД, а масавыя ссылкі палякаў у Сыбір і Казахстан былі названыя дабраахвотнай эміграцыяй. Памешваўся таксама генацыд гэбраяў у пэрыяд ІДругой сусьветнай вайны. Зьява антысэмітызму разглядалася як нявартае згадкі выключэньне, супраць якога пасьлядоўна выступала асноўная, здаровая частка грамадзтва.

Тым ня менш, некаторыя спэцыялісты лічаць, што пра поўны аб'ектывізм усё роўна ня можа быць і гутаркі. Гэтак лічыць у прыватнасьці д-р гісторыі Яўген Мірановіч:

(Мірановіч:) «Я як шматгадовы настаўнік гісторыі - бо я 10 гадоў працаваў у школе - і гісторык паводле адукацыі, маю такое меркаваньне наконт навучаньня гісторыі й друку падручнікаў. Перш за ўсё, кожная нармальная дзяржава, кожная нармальная нацыя вучыць гісторыі дзеля таго, каб яе грамадзяне ганарыліся мінуўшчынай сваёй краіны, свайго народу, каб ганарыліся тым, што мелі продкаў, якія змагаліся за свабоду сваёй краіны, што найчасьцей былі пераможцамі. Каб маладыя людзі ганарыліся тым, якія іх продкі былі разумныя - у гісторыі паказваюцца выдатныя людзі. І гэта ўсё ёсьць у падручніках па гісторыі Польшчы.

Затое гісторыя, якая б кампрамэтавала нейкім чынам дзяржаву ці народ, на жаль, ня ўводзіцца ў падручнік. Тых людзей, якіх трэба было б саромецца, хоць яны былі й лідэры краіны, там не паказваюць».

Падручнікі, якія зьявіліся пасьля краху камунізму у 1989 годзе, усё ж вельмі адрозьніваліся ад папярэдніх і зьместам і формай: хоць бы вялікай колькасьцяй крыніцаў, здымкаў і картаў. Ва ўступе да аднаго з падручнікаў навейшай гісторыі гаворыцца: "Любое адлюстраваньне рэальнасьці няпоўнае - абмежаванае неабходнасьцяй падбору фактаў ды інтэрпрэтацыі іх... Мы спрабавалі ў меру магчымасьцяў прадставіць розныя пункты погляду на разьвіцьцё падзеяў". Зьмянілася тэрміналёгія і - што галоўнае - настаўнікі ўпершыню атрымалі магчымасьць выбару падручнікаў. Вось што сказала наконт гэтага Данута Мяшкоўская, загадчык Аддзелу Праграмаў Навучаньня ў Міністэрстве Адукацыі:

(Мяшкоўская:) «Рэчаіснасьць апошніх гадоў карэнным чынам зьмяніла польскую школу, погляд на гісторыю, на мінуўшчыну. Адыйшлі у нябыт адзіна слушныя, абавязковыя падручнікі, у тым ліку па гісторыі. Зьявіліся шматлікія адукацыйныя выдавецтвы, і настаўнікі атрымалі магчымасьць выбару падручніка. У сувязі з гэтым выдаўцы абавязаны зацьвярджаць свае выданьні ў Міністэрстве Адукацыі, а настаўнікі і пэдагогі выбіраюць зь ліку ўсіх даступных і зацьверджаных тыя, якія найлепш адпавядаюць ім і іхным вучням. У выніку - падручнік наблізіўся да вучня, стаўся яму больш прыязным. Гісторыя ўжо не прадстаўляецца аднабакова, што спрычыняецца і да большай абьектыўнасьці. У падручніках перастала адыгрываць ролю тлумачэньне падзеяў, зьніклі ацэначныя камэнтары й прыметнікі. Цяпер гісторыкі намагаюцца прадстаўляць факты, а камэнтар пакідаюць настаўнікам і вучням. Мы імкнемся да таго, каб падручнікі прадстаўлялі падзеі як мага больш аб'ектыўна. Зразумела, кожны аўтар мае свой уласны погляд на мінуўшчыну, на падзеі якія апісвае, цяжка знайсьці абсалютна аб'ектыўна прадстаўленыя факты, але прынамсі імкнемся да гэтага».

Рэакцыя на карэнны перагляд найнавейшай - ваеннай і пасьляваеннай - гісторыі была вельмі эмацыйная. Упершыню ў школах адкрыта гаварылася пра камуністычны тэрор, сфальшаваньне выбараў у 1947 годзе, перасьлед палітычнай апазыцыі, Царквы, гэтак званай «Арміі Краёвай» і пра саветызацыю культуры. Слова «таталітарызм» ужывалася нароўні з «нацызмам» і «сталінізмам», хоць дагэтуль сталінізм называўся толькі пэрыядам «памылак і скажэньняў» на шляху да сацыялізму, гаварылася пра ўзьнікненьне й разьвіцьцё антыкамуністычнай апазыцыі і палітычныя крызісы ў 1956, 1968, 1970, 1976 і 1980 гадох

(Мірановіч:) «Што сталася пасьля 1989 году? Зьмянілася ідэалягічная афарбоўка зьместу гэтых падручнікаў, інакш прадстаўленыя дачыненьні польска-нямецкія, польска-расейскія. Ёсьць матэрыял, якога раней не было - пра польска-гэбрайскія, польска-украінскія, польска-літоўскія, польска-беларускія дачыненьні. А ў асноўным гісторыя сьвету ў падручніках страціла такія элемэнты, як клясавая барацьба. Карацей, гэтыя падручнікі пішуцца больш чалавечай мовай. Ёсьць магчымасьць крытыкі, і Польшча, маючы асьпірацыі ўваходу ў эўрапейскія структуры, мусіць улічваць факт, што й пра мінуўшчыну трэба гаварыць больш нармальна. Трэба выхоўваць сваіх грамадзянаў, каб шанавалі іншыя нацыі».

Зьмена наступіла таксама ў стаўленьні ня толькі да іншых народаў, але і да нацыянальных меншасьцяў у Польшчы, у тым ліку беларускай. Гісторык Юры Туронак таксама лічыць, што гэта сталася дзякуючы таму, што урэгуляваньня адносінаў з нацыянальнымі меншасьцямі патрабуюць менавіта заходнія структуры.

(Туронак:) «Пасьля 1989 году стаўленьне польскіх уладаў да нацыянальна-культурнага жыцьця беларускага насельніцтва адбываецца згодна з прынцыпамі Эўрапейскага Саюзу ў галіне адносінаў да нацыянальных меншасьцяў. Гэта й ёсьць асноўная зьмена ў параўнаньні з ранейшым пэрыядам, калі Польшча абвяшчалася аднанацыянальнай краінай».

На думку Яўгена Мірановіча, якія-б не былі прычыны зьмены стаўленьня да Беларусі і да Беларусаў у Польшчы, яны усё такі
значныя:

(Мірановіч:) «У гэтым сэнсе ёсьць вялікі прагрэс. Раней на ўвесь Усход глядзелі як на нейкую расейскую спадчыну. Пасьля 1989 году ў польскай гісторыяграфіі зьявіліся такія элемэнты, як гісторыя беларускага народу, якая таксама моцна зьвязаная з гісторыяй Польшчы - як дарэчы й гісторыя Расеі. Шмат публікацыяў, артыкулаў публіцыстыкі даволі аб'ектыўна ацэньвае гэтыя дачыненьні, а таксама складаныя справы, зьвязаныя з палітыкай Польшчы на тэрыторыі Беларусі. Нават яшчэ ў камуністычны пэрыяд зьявіліся кніжкі Юрыя Тамашэўскага, які даволі крытычна прадставіў палітыку Другой Рэчыпаспалітай. Былі й іншыя гісторыкі, напрыклад, прафэсар Левандоўскі, які пісаў пра долю Беларусі, пра гісторыю польска-савецкай вайны і асабліва пра палітыку польскіх уладаў у Беларусі ў той пэрыяд. На жаль, у Польшчы ўвогуле няма інфармацыі пра тое, што дзеялася ў Беларусі пасьля Другой сусьветнай вайны. Таму некаторыя са зьдзіўленьнем успрымаюць такія факты, як палітыка Лукашэнкі, усялякія антынацыянальныя дзеяньні».

Важнае месца ў новых падручніках па гісторыі займае пытаньне прымірэньня зь немцамі і зьявы антысэмітызму. Самазадаволены вобраз нібыта талерантнага польскага грамадзтва быў азмрочаны праўдай пра пагром у Кельцах у 1946 годзе і антысэміцкую істэрыю у 1968 годзе. На думку Дануты Мяшкоўскай зь Міністэрства Адукацыі, новыя падручнікі выхоўваюць маладое пакаленьне палякаў у адпаведным духу:

(Мяшкоўская:) «Усе тыя з'явы, якія былі прызнаныя нэгатыўнымі, як прыкладам праблема антысэмітызму, што вяртаецца раз-пораз, цяпер аб'ектыўна асьвятляецца ў падручніках па гісторыі. Была створаная адмысловая польска-гэбрайская камісія, якая дала гісторыкам некаторыя рэкамэндацыі. Мы робім усё, каб гэтыя рэкамэндацыі выконваліся. Безупынна вядуцца таксама кансультацыі зь нямецкімі гісторыкамі. Мы таксама імкнемся да таго, каб і тут наступіла зьмена ва уяўленьні пра немца, каб не прадстаўляць толькі пакуты, спрычыненыя немцамі, але каб выяўляць і тыя станоўчыя моманты ў сужыцьці зь імі. Цяпер малады чалавек на пытаньне пра немца кажа, што ён прыстойны, працавіты, добры гаспадар. Ён асацыюецца з добрым аўтамабілем, перастаў асацыявацца толькі з тым, што на працягу
стагодзьдзяў бясконца нападаў на Польшчу».

У новых падручніках часткова зьмянілася таксама стаўленьне да ранейшай гісторыі. Раней, як лічыць Магда Гавін з Польскай Акадэміі Навук, крытычна ацэньваўся ў прыватнасьці пэрыяд Ягайлавічаў XV-XVI стагодзьдзяў, калі ў склад Рэчы Паспалітай уваходзілі цяперашнія Ўкраіна, Літва й Беларусь, затое ўсхваляўся пэрыяд панаваньня Пястаў X-XIV стагодзьдзяў, якія пацьвярджалі права Польшчы на вяртаньне ёй пасьля 1945 году былых нямецкіх земляў.

«Мне здаецца, што самыя падручнікі па гісторыі адыгрываюць вельмі важную ролю, але значэньне мае перш за ўсё спосаб падачы фактаў настаўнікамі падчас урокаў», - лічыць Данута Мяшкоўская. Спэцыялісты выказваюць думку, што хоць зьмяніўся падыход да гісторыі, аднак не зьмяніліся мэтады навучаньня. Вучні ў пачатковых і сярэдніх школах далей вывучаюць гісторыю пасіўна і ў храналягічным парадку без глыбейшага асэнсаваньня, без магчымасьці дыскусіі і ўсебаковага абмеркаваньня прадмету.

Кастусь Бандарук, Прага

XS
SM
MD
LG