Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 студзеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Сёньня ў друку апублікаваныя ўказы прэзыдэнта Лукашэнкi аб прызначэньні намесьнiкаў міністра замежных справаў Беларусi. Але гэтым кадравыя зьмены ў абноўленым мінiстэрстве, хутчэй за ўсё, не абмяжуюцца.

Указ прэзыдэнта аб рэарганiзацыі Мiнiстэрства Замежных Справаў, якое ўзначаліў Урал Латыпаў, зьявіўся яшчэ напрыканцы мінулага году. Аднак на зацьверджаньне новай структуры МЗС, у якую ўвайшлі таксама Міністэрства Зьнешнеэканамічных Сувязяў і Міністэрства Справаў СНГ, спатрэбіўся даволі працяглы час.

Цяпер у Латыпава, згодна з прэзыдэнцкімі ўказамі, ёсьць два першыя намесьнікі. Сяргей Мартынаў займаў аналягічную пасаду і раней. А вось другі першы намесьнік – Валянцін Вялічка - да гэтага ўзначальваў апарат Міністэрства Справаў СНГ, што фактычна адпавядала рангу міністра без партфэля. Міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч атрымаў значна больш сьціплую пасаду – ён накіраваны амбасадарам у Латвію. Цікава, што пасада надзвычайнага амбасадара Беларусі ў гэтай краіне доўгі час заставалася вакантная, паколькі кандыдатуры, прапанаваныя Менскам – сярод іх, напрыклад, Сяргея Посахава - не атрымлівалі агрэман. Што тычыць Марыніча, пры якім эканамічныя стасункі Беларусі з Латвіяй разьвіваліся досыць пасьпяхова, ягоная кандыдатура Рыгу задавальняе.
Захаваў пасаду намесьніка міністра замежных справаў Уладзімер Герасімовіч – былы кіраўнік Службы зьнешняй выведкі. Яшчэ адным намесьнікам стаў Аляксандр Пятроў, які адначасова прызначаны генэральным сакратаром МЗС. Увядзеньне гэтай новай для дыпляматычнага ведамства пасады павінна сымбалізаваць узмацненьне ролі сакратарыяту ў МЗС. Дарэчы, раней Пятроў кіраваў апаратам супрацоўнікаў у адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. (Нагадаем, што Урал Латыпаў быў памочнікам прэзыдэнта.) Апошнім часам Пятроў працаваў дараднікам у беларускай амбасадзе ў Баўгарыі.

Такім чынам, з чатырох намесьнікаў міністра, які сам мае ранг віцэ-прэм'ера, толькі аднаго можна цалкам аднесьці да ліку кадравых дыпляматаў.

Раней плянавалася, што ў міністэрстве будзе шэсьць намесьнікаў міністра. Колькі іх застанецца ў рэшце рэшт – пакуль невядома. Аднак, паводле папярэдняй інфармацыі, былыя намесьнікі міністра Ніна Мазай і Мікалай Бузо будуць далей працаваць ужо ў новай якасьці.

А вось былы амбасадар Беларусі ў Швэйцарыі Агурцоў, які мусіў вярнуцца ў Менск пасьля вядомага скандалу ў Кран-Мантане, верагодна, узначаліць адно з упраўленьняў зьнешнепалітычнага ведамства.

У міністра Латыпава ёсьць і свой прэсавы сакратар – Мікалай Барысевіч, які працаваў раней у беларускай амбасадзе ў Лёндане. Дарэчы, з ранейшай практыкай, калі з журналістамі рэгулярна сустракаліся па чарзе намесьнікі міністра альбо асабіста міністар, верагодна, будзе скончана. Плянуецца, што брыфінгі ў МЗС будзе праводзіць цяпер прэсавы сакрактар.

Пасьля прызначэньня Латыпава міністрам ды ягонай першай прэсавай канфэрэнцыі на новай пасадзе паўза ва ўзаемадачыненьнях зьнешнепалітычнага ведамства з прэсай яўна зацягнулася. Магчыма, гэта зьвязана з адсутнасьцю міністра, які знаходзіўся зь візытам у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, адкуль накіраваўся на інаўгурацыю прэзыдэнта Казахстану Назарбаева. (Адзначым, паміж іншым, што сярод афіцыйных замежных гасьцей у сталіцы Казахстану Астане толькі Беларусь была прадстаўленая на ўзроўні віцэ-прэм'ера. Ранг астатніх гасьцей быў фармальна больш высокі.) Можна дапусьціць, аднак, што адкрытасьць ды празрыстасьць зьнешняй палітыкі ня ёсьць на сёньняшні дзень прыярытэтамі ў дзейнасьці МЗС.

XS
SM
MD
LG