Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 студзеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

На чарговы віток беларуска-расейскай інтэграцыі Беларускі Народны Фронт адрэагаваў сёньня чатырма санкцыянаванымі пікетамі пад агульным лёзунгам «Чым саюз цясьнейшы, тым народ бяднейшы».

Пікеты былі выстаўленыя а 15 гадзіне ў ажыўленых месцах Менску - на скрыжаваньні вуліцаў Няміга й Гарадзкі Вал, ля кінатэатра «Перамога», ля станцыі мэтро «Усход», а таксама на пляцы Якуба Коласа.

Арганізатар пікету на пляцы Я.Коласа Алесь Чахольскі заявіў нашаму радыё:

(Чахольскі:) «Сёньня ўсе пікеты адбываюцца толькі з адной мэтай - абароны незалежнасьці Беларусі. Мы пратэстуем супраць прыезду сюды расейскіх захопнікаў у выглядзе іхнай Дзяржаўнай Думы. Мы пратэстуем таксама супраць таго, каб Аляксандар Лукашэнка здаваў незалежнасьць Беларусі, уцягваў нас у расейскую палітычную гульню, у іхныя бойкі. Таксама мы ня хочам, каб нашыя хлопцы ваявалі ў тым самым Таджыкістане, у Чачнях, Інгушэціях - а Расея заўсёды будзе ваяваць, гэтыя крывавыя падзеі ўвесь час будуць цягнуцца. Мы для іх - людзі другога гатунку.

І яшчэ я хачу папярэдзіць гэтых расейскіх захопнікаў: беларусы маюць права на збройны чын. Як толькі тут зьявяцца акупацыйныя войскі, будзе іншая сытуацыя. Мы тут маем поўнае маральнае права са зброяй у руках змагацца за сваю незалежнасьць».

Міліцыя надзіва спакойна рэагавала на бел-чырвона-белыя сьцягі і лёзунгі «Russian Duma go home!», «Абаронім Беларусь ад расейскага імпэрыялізму!» і г.д.

Думкі мінакоў падзяліліся:

(Карманаў:) Ці хацелі б Вы жыць у беларуска-расейскай адзінай дзяржаве?

(Голас жанчыны:) «Вядома. У мяне сын жыве ў Расеі, і я не магу да яго зьезьдзіць столькі гадоў. Вы разумееце, якая абстаноўка? І воць гэтыя, што стаяць з плякатамі, - я проста дзіву даюся - як гэта можна такое напісаць! Мы ўсё жыцьцё былі з Расеяй разам, усё жыцьцё! Я сама працую ў сфэры забесьпячэньня й збыту і ведаю, што ўся прадукцыя йдзе на Расею. Ніякі Захад - ніхто нас ня прыме».

(Карманаў:) Скажыце, ці хочаце Вы жыць у беларуска-расейскай дзяржаве?

(Голас мужчыны:) «Не».

(Карманаў:) А чаму?

(Голас мужчыны:) «Зарплату па паўгода будзем не атрымоўваць, ці як?»

(Голас жанчыны:) «Адным жа лепей жыць - малой дзяржаве адной лепей жыць? Лепей, вядома. А нашто нам вялікая краіна?»

(Голас мужчыны:)
«С президентом всё прошлое грустное,
Любит нас он больными да пьяными,
Скоро ляжем мы спать белорусами,
А проснёмся уже россиянами.
День и ночь крутят речи лукавого
Про Россию, союз, интеграцию...
Не лишить им рассудка нас здравого,
Не хотим мы идти в оккупацию».

Антыінтэграцыйная патэтыка, як мяркуецца, будзе дамінаваць і заўтра - на шэсьці й мітынгу, якія распачнуцца а 17 гадзіне на пляцы Якуба Коласа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG