Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 студзеня 1999 г.


Галіна Айзэнштат, Менск

Сёньня ў Менску адбылася нечарговая сэсія парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі й Расеі. Бадай самай адметнай падзеяй на ёй было выступленьне прэзыдэнта Лукашэнкі.

Нельга было не зьвярнуць увагу на тое, што гэтым разам напярэдадні парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі й Расеі ніводзін расейскі дэпутат, уключаючы сьпікера Дзярждумы і адначасна старшыню парлямэнцкага сходу Генадзя Селязьнёва, не камэнтаваў чаканае мерапрыемства, як гэта было заўсёды раней, калі зьбіралася чарговая або нечарговая сэсія парлямэнцкага сходу.

Узьнёслыя словы й лёзунгі зыходзілі выключна зь беларускага боку. Складвалася ўражаньне, што яны гаворацца ад адчаю, нагадваюць рытуальныя заклінаньні, нежаданьне публічна прызнаць, што і дэклярацыя, падпісаная зь вялікай помпай у Маскве 25 сьнежня летась, зноў аказалася ня больш чым паперкай.

Чарговы доказ таму - чарга з 500 беларускіх машынаў, якія перавозяць грузы з трэціх краін у Расею, на смаленска-беларускай мяжы. Гэта - сьвежы прыклад. А вось - больш аддалены, але адначасова і пастаянны факт: агульны бюджэт саюзу Беларусі й Расеі за 1998 год выкананы расейцамі на 27%, беларусамі - на 90%. Пры тым, што Расея павінна была ўнесьці ў бюджэт 65% сродкаў, а Беларусь - 35%.

Такія суадносіны захаваныя і ў саюзным бюджэце на 1999 год, але пра канкрэтнае напаўненьне яго ў гэтым годзе, улічваючы эканамічнае становішча Расеі, гаварыць яшчэ больш праблематычна. Між тым, у бюджэт закладзена аж 19 праграмаў, у тым ліку ўпершыню некалькі аграрных - на прапанову беларускага боку - зьвязаных з вытворчасьцю бульбы й лёну.

А Лукашэнка, выступаючы перад удзельнікамі парлямэнцкага сходу, заклікаў аднавіць супольную працу і над касьмічнымі праграмамі. Ягоны даклад доўжыўся аж паўтары гадзіны і як заўсёды быў супярэчлівы. З аднаго боку Лукашэнка сьцьвярджаў, што пачынаючы ад 1996 году ў Беларусі пераадолены спад вытворчасьці, з другога - прызнаў, што, скажам, АПК летась у адносінах да 1997 году прыросту не атрымаў.

Зьвярнуўшыся ж да зьнешняй палітыкі, Лукашэнка зазначыў, што саюз Беларусі й Расеі, да якога могуць далучыцца і іншыя краіны - гэта «гістарычны шанец выжываньня славянскай цывілізацыі ў жорсткіх умовах сучаснага сьвету». Ён, дарэчы, абурыўся тым, што, паводле ягоных словаў, «пачалі кастыляць Сталіна», перапісваць гісторыю - «а мы - выратавалі ўвесь сьвет!».

Але асноўная частка дакладу Лукашэнкі была прысьвечаная дачыненьням Беларусі й Расеі. Расея ня робіць крокаў да Беларусі, не купляе яе тэхніку, асабліва сельскагаспадарчую, дый тую, якая павінна йсьці туды па бартэру, своечасова не забірае. Галаву зноў узьнялі супраціўнікі інтэграцыі, і калі Расея ня зробіць высноваў, Беларусь больш ня будзе выступаць з новымі ініцыятывамі, бо гэта абарочваецца супраць яе, і ў яе сувэрэнітэт больш ніхто ня верыць. «Хутка ў вас і ў нас выбары. З чым мы пойдзем на іх? Шумім, шумім, а рэальнай карысьці для людзей няма», - вырвалася ў Лукашэнкі. Ён нават гатовы цяпер вырашаць пытаньне аб кіраўніку саюзнай дзяржавы. Можа, гэта будзе Прымакоў, можа - Селязьнёў, але каб справа нарэшце пайшла.

Узгадаў Лукашэнка і пра абвяшчэньне прэзыдэнцкіх выбараў Вярхоўным Саветам XIII скліканьня, расцаніўшы гэта як адпрацоўку дэпутатамі заходніх грошай, асабліва цяпер, калі ў Менск вярнуліся паслы.

«Больш адданага Расеі чалавека, чым я, вы ў сьвеце ня знойдзеце», - запэўніў Лукашэнка парлямэнцкі сход, дэпутаты якога адказалі на гэта воплескамі.

У працы сэсіі прынялі ўдзел дэпутацкія групы з Украіны і Армэніі, якія маюць статус назіральнікаў, а таксама Югаславіі, якая гэты статус атрымала сёньня. З трыццаці ж расейскіх удзельнікаў сходу ў Менск прыбылі дваццаць чатыры.

XS
SM
MD
LG