Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 студзеня 1999 г.


Дзьве ўплывовыя заходнія газэты прысьвяцілі свае старонкі апошнімі днямі падзеям у Беларусі. Амэрыканская New York Times апублікавала камэнтар зь Менску свайго спэцыяльнага карэспандэнта Майкла Ўайнза пад загалоўкам "Пакуты беларускіх незалежных журналістаў". А лёнданская газэта Financial Times пад загалоўкам "Амбасадары вяртаюцца ў беларускі бяздонны вір" надрукавала рэдакцыйны камэнтар у справе нядаўняга частковага вырашэньня канфлікту з рэзыдэнцыямі амбасадараў Эўрапейскага Саюзу ў Драздах.

Артыкул Майкла Ўайнза ў New York Times прысьвечаны сытуацыі незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі. Галоўны сэнс яго: сьцьвярджэньне афіцыйных беларускіх уладаў аб тым, што пераважная колькасць беларускіх сродкаў масавай інфармацыі незалежная ад дзяржавы - нішто іншае, як фікцыя.

Вонкава ўсё выглядае даволі нармальна. З амаль 1000 інфармацыйных выданьняў толькі 285 афіцыйна знаходзіцца пад кантролем урадавай адміністрацыі. Аднак з 715 так званых незалежных выданьняў толькі 30 часам піша на палітычныя тэмы і адважваецца крытыкаваць прэзыдэнта Лукашэнку. Рэшта - гэта апалітычныя, рэклямныя выданьні, розныя коміксы і бульварныя часопісы. А са згаданых 30 выданьняў, якія маюць палітычны характар, толькі адно выходзіць часьцей, чым раз на тыдзень.

Акрамя таго Майкл Ўайнз на старонках New York Times згадвае такую зьяву, як самацэнзура. Ён прыгадвае словы старшыні Рады кіраўнікоў незалежнага агенцтва "БелАПАН" Міколы Ініна, які падчас інтэрвію з Ўайнзам сьцьвердзіў, што многія выдаўцы незалежнай прэсы проста баяцца крытыкаваць прэзыдэнта Лукашэнку і ягонае атачэньне, бо крытыка можа прывесьці да рэпрэсіяў і нават да закрыцьця іх рэдакцыі.

***

«Менскі аэрапорт, сымбаль савецкай архітэктуры, пабудаваны ў 70-х гадах дзеля абслугоўваньня дзясяткаў тысячаў пасажыраў. Сёньня ў яго паўпустых калідорах гуляе рэха.

Электронныя таблё, на якіх высьвятляюцца дадзеныя аб прыбыцьці самалётаў, разьлічаныя на З0 рэйсаў штодня, аднак 17 студзеня ў Менску прызямлілася толькі тры машыны. І гэта ілюструе ізаляцыю Беларусі на міжнароднай арэне», - так пачынаецца артыкул карэспандэнта Financial Times у Менску Чарлза Главэра.

Ён працягвае: 17 студзеня адзін з трох рэйсаў прывёз у Менск 5 амбасадараў зь Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Францыі, Італіі й Грэцыі. Яны як бы абрынуліся ў бяздонны вір найбольш жорсткай палітычнай канфрантацыі, якую перажывае цяпер Беларусь ад моманту абвяшчэньня незалежнасьці ад Савецкага Саюзу ў 1991 годзе.

На думку Чарлза Главэра, вяртаньне амбасадараў адбылося ў самы недарэчны момант, калі апазыцыя рыхтуецца да арганізацыі несанкцыянаваных урадавай адміністрацыяй прэзыдэнцкіх выбараў. Больш таго, вяртаньне гэтае адбываецца на варунках прэзыдэнта Лукашэнкі, які нават не зьбіраецца заплаціць кампэнсацыю за невыгоды, зьвязаныя з высяленьнем.

Прыгадаем, што ЗША не згадзіліся на вяртаньне свайго амбасадара і патрабуюць ад беларускага ўраду ня толькі словаў прабачэньня, але й грашовай кампэнсацыі за незаконнае высяленьне.

Чарлз Главэр прыводзіць словы аднаго зь лідэраў беларускай апазыцыі Станіслава Шушкевіча, які лічыць, што па сутнасьці ўрады краінаў ЭС прызналі перамогу Лукашэнкі, прызналі, што ён меў рацыю, высяляючы іх з Драздоў.

У падсумаваньні свайго артыкула Чарлз Главэр ставіць пытаньне: як жа цяпер дзяржавы ЭС будуць рэагаваць на праблему легітымнасьці прэзыдэнта Лукашэнкі? Паводле беларускай канстытуцыі, тэрмін яго паўнамоцтваў канчаецца летам сёлета. Вынікі ж рэфэрэндуму, які падоўжыў яго паўнамоцтвы на два гады, пакуль ніхто на Захадзе Эўропы не прызнаў.

XS
SM
MD
LG