Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 студзеня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былому міністру сельскай гаспадаркі Беларусі Васілю Лявонаву адмоўлена ў пераводзе зь сьледчага ізалятару ў шпіталь для лячэньня ад сардэчнага захворваньня і правядзеньня комплекснага мэдыцынскага абсьледаваньня.

Аб тым, што былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў перанёс у турме сардэчны прыступ, паведаміла ягоная дачка Сьвятлана Ўласава. Родныя Лявонава падазраюць, што ў яго разьвілася стэнакардыя, якая сур'ёзна пагражае здароўю, і выказваюцца за неадкладнае лячэньне ва ўмовах стацыянару.

Між тым былому міністру адмоўлена ў пераводзе ў шпіталь, дзе магчымае гэткае лячэньне і комплекснае мэдыцынскае абсьледаваньне.

Болі ў сэрцы - не адзіная хвароба Васіля Лявонава, якая абвастрылася за час арышту. «У бацькі ўсталяваўся ціск вышэйшы за норму і пачалі моцна балець суставы ног. Калі ў ягоным становішчы ў найбліжэйшы час нічога ня зьменіцца, яму пагражае інваліднасьць», - заяўляе дачка Лявонава.

Нядаўна Сьвятлана мела спатканьне з бацькам у сьледчым ізалятары і сьцьвярджае, што нават зьнешне ён выглядае як вельмі хворы чалавек. Між тым турэмныя дактары ўпэўненыя, што здароўе вязьня ў норме. «Васіль Лявонаў адчувае сябе здавальняюча, а часам нават добра», - казалі Сьвятлане лекары менскага сьледчага ізалятару.

Нагадаем, што за краты Лявонаў трапіў у лістападзе 1997 году. Ужо на наступны дзень пасьля арышту міністра сельскай гаспадаркі з вуснаў прэзыдэнта Лукашэнкі ў ягоны бок прагучалі вельмі сур'ёзныя абвінавачаньні - Лявонаў, маўляў, хабарнік і рабаўнік дзяржавы.

Больш году цягнецца сьледзтва, аднак пракуратура Беларусі так і не прадаставіла грамадзкасьці канкрэтных доказаў віны былога міністра. Сам Лявонаў сябе вінаватым не прызнае і заяўляе, што яму помсьцяць высокапастаўленыя карупцыянэры. З пачатку леташняга сьнежня былы міністар знаёміцца з выстаўленымі яму абвінавачаньнямі і вывучае матэрыялы справы.

Паводле словаў адваката Вольгі Зудавай, вывучэньне дакумэнтаў, сабраных сьледчымі, ішло б куды хутчэй, калі б Лявонаў сябе добра адчуваў. Між тым сьледзтва нічога ня робіць, каб паспрыяць выздараўленьню абвінавачанага, заяўляе адвакат Зудава і прыводзіць гэткі прыклад: даведаўшыся пра абвастрэньне хваробы Лявонава, яна зьвярнулася ў пракуратуру з хадайніцтвам аб пераводзе яго ў стацыянар, дзе можна правесьці комплекснае абсьледаваньне і пачаць лячэньне. Аднак гэтае хадайніцтва задаволенае не было.

«Майго бацьку проста хочуць замарыць у турме яшчэ да суду. Падазраю, што такое выйсьце задаволіла б і сьледзтва, і ўлады», - заяўляе дачка былога міністра Сьвятлана Ўласава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG