Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 студзеня 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск-Барысаў-Лагойск

Беларускі Народны Фронт на працягу другой паловы гэтага тыдня плянуе праводзіць агульнарэспубліканскае пікетаваньне супраць аб'яднаньня Беларусі з Расеяй і масавага зьбядненьня людзей. Але ўжо на стадыі разгляду адпаведных заявак вэртыкальныя ўлады ідуць на зрыў пікетаваньня.

Заяўкі БНФ адносна месца правядзеньня акцыяў у Менску 23 студзеня гарвыканкам у большасьці сваёй задаволіў. Як паведамілі ва Ўправе Народнага Фронту, у цэнтры сталіцы пікеты адбудуцца каля ўваходу ў станцыю мэтро «Усход», кінатэатру «Кастрычнік», на скрыжаваньні вуліцаў Няміга й Гарадзкі Вал. Гэткія палітычныя мерапрыемствы адбудуцца ў людных месцах і на ўскраінах гораду.

Зусім іншы малюнак назіраецца ў прысталічных рэгіёнах. Так, заўчора актывіст барысаўскай філіі БНФ Руслан Касьцяневіч і кіраўнік арганізацыі БСДП у Барысаве - тутэйшыя сацыял-дэмакраты вырашылі далучыцца да акцыі - Аляксандар Абрамовіч на сваю заяўку атрымалі даволі ляканічны адказ мясцовага гарвыканкаму за подпісам ягонага старшыні Васіля Бургуна. Тэкст заканчваецца недвухсэнсоўнай фразай: «Вам адмоўлена ў правядзеньні пікетаваньня 23 студзеня 1999 году». Ліст адметны тым, што ў ім нават не называюцца прычыны забароны акцыі, хоць яшчэ год таму новы галава гарадзкой улады Васіль Бургун казаў журналістам, што дыялёг зь мясцовай апазыцыяй хоча будаваць цывілізавана і дэмакратычна, а ў размове з карэспандэнтам Радыё Свабода 3 лютага 1998 году выказаўся і адносна месца правядзеньня ў Барысаве грамадзка-палітычных мерапрыемстваў:

(Бургун:) «Гэтае пытаньне мы будзем пераглядаць. Я даў даручэньне ўнесьці такую прапанову, каб ладзіць акцыі ня толькі на стадыёне. Гэта можна рабіць каля Дому Культуры. Там ёсьць пляцоўка».

Аднак, на думку тутэйшых дэмакратаў, за апошні год Васіль Бургун пераглядаць нічога ня стаў. Вось чаму апошняя забарона пікетаў выклікала рэзкую рэакцыю барысаўскіх апанэнтаў рэжыму. Гаворыць сябра БНФ, лідэр філіі Маладога Фронту Сяржук Салаш:

(Салаш:) «Я хачу зьвярнуцца да ўсіх сьвядомых беларусаў - падтрымаць гэтую акцыю, не пабаяцца выйсьці, бо сядзець больш нельга».

А вось што сказаў мне Аляксандар Абрамовіч:

(Абрамовіч:) «У рэшце рэшт мы не дазволім, каб нас лічылі нейкай анучай, аб якую выціраюць ногі. Калі ўлада адмаўляе нам у законнай, рэальнай магчымасьці, дык з нашага боку будуць іншыя дзеяньні, адказнасьць за якія будзе цалкам ляжаць на ўладах».

А вось у Лагойскім райвыканкаме акцыю забараняць ня сталі, а «закінулі» пікет на гарадзкі стадыён, у бязьлюдны цяпер зімовы парк, хоць лідэр тутэйшай Рады БНФ дэпутат Вярхоўнага Савету XIII скліканьня Аляксандар Шут прасіў дазволу на пікетаваньне на плошчы 8-га Сакавіка. Да таго ж кіраўнікі райвыканкаму забаранілі пікетоўшчыкам карыстацца любой сымболікай акрамя дзяржаўнай.

Учора я быў сьведкам непрыемнай размовы ў выканкаме паміж сп. Шутом і адным з падпісантаў адказу, кіраўніком справаў раённай адміністрацыі Уладзімерам Лушчынскім:

(Шут:) «Не дазваляецца дзесяці чалавекам стаць на плошчы і сказаць: вось, ёсьць аб'яднаньне з Расеяй, вось нашыя меркаваньні. Можа нашыя меркаваньні будуць абвергнутыя іншымі людзьмі. Прышліце сваіх людзей, давайце пагутарым. А так вы па сутнасьці хаваеце гэтае пытаньне аб'яднаньня - што яно - змова ці што?»

(Лушчынскі:) «Ня я адзін вырашаў гэтае пытаньне, на гэта ёсьць выканкам, а парушаць пастанову вам ніхто не дазволіць. Не рабіце з мухі слана».

Пасьля размовы ў выканкаме адбылося паседжаньне Лагойскай Рады Народнага Фронту. Была прынятая адмысловая заява.

На малалюдны гарадзкі стадыён патрапіў і пікет Салігорскай філіі Беларускага Народнага Фронту. Толькі жодзінскія ўлады вызначылі сваёй апазыцыі больш-менш бойкае месца.

XS
SM
MD
LG