Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 студзеня 1999 г.


Галіна Айзэнштат, Менск

У Менск для ўдзелу ў Х-ай нечарговай сэсіі парлямэнцкага сходу Беларусі й Расеі прыбыў кіраўнік ультранацыяналістычнай партыі Сэрбіі Воіслаў Шэшаль.

Шэшаля на лётнішчы «Менск-2» сустракаў намесьнік старшыні «палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Беларусі» Уладзімер Канаплёў, і абняліся яны як лепшыя сябры. І як было не дэманстраваць сяброўскія пачуцьці Шэшалю, калі той неаднойчы хваліў беларускага прэзыдэнта, называючы яго «сапраўдным славянскім лідэрам».

Шэшаль прыхільна паставіўся і да ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі наконт далучэньня Югаславіі да саюзу Беларусі й Расеі. Больш таго, зьяўляючыся адначасна і віцэ-прэм'ерам ураду Сэрбіі, ён сьцьвярджае, быццам гэтае пытаньне па сутнасьці вырашанае, а само далучэньне - толькі справа часу.

Трэба зазначыць, што ідэю «траістага саюзу» Аляксандар Лукашэнка ўпершыню выказаў у канцы студзеня 1998 году, калі быў зь візытам у Югаславіі. Маўляў, калі «мы» - Расея, Югаславія й Беларусь - сядзем разам за стол, дык будзем уяўляць сабой магутную сілу, зь якой усе будуць вымушаныя лічыцца. Тады назіральнікі й палітолягі паставіліся да такой заявы Лукашэнкі даволі паблажліва, расцаніўшы яе як чарговы й звычайны для беларускага прэзыдэнта прапагандысцкі трук дзеля наданьня сабе большай палітычнай вагі.

Але ўжо ў траўні 1998 году на сэсію парлямэнцкага сходу Беларусі й Расеі, якая праходзіла ў Гомлі і перад удзельнікамі якой выступіў Аляксандар Лукашэнка, прыбылі два прадстаўнікі Сацыялістычнай Партыі Югаславіі Мілошавіча і адзін – сэрбскай радыкальнай партыі Шэшаля. Прывітальнае слова тады прамаўляў Станіслаў Нікаліч, старшыня Камітэту па зьнешняй палітыцы і зьнешнеэканамічных сувязях Веча грамадзянаў Скупшчыны. Ён заявіў, што Югаславія знаходзіцца на паўдарозе да саюзу Беларусі й Расеі і што геаграфічныя адлегласьці - не праблема для стварэньня саюзу славянскіх дзяржаваў. Галоўнае - каб быў агульны пункт погляду на падзеі і агульныя мэты. Мэта ж у тым, каб славянскія народы выжылі ў сёньняшняй сытуацыі, калі з Захаду нападаюць імпэрыялістычныя сілы, з Усходу - ісьлям.

Гэтыя паўдарогі Югаславія наўрад ці пасьпела прайсьці за мінулы год, хоць той самы Шэшаль пасьпеў пабываць на сэсіі парлямэнцкага сходу Беларусі й Расеі ў Яраслаўлі ў лістападзе 1998 году, і там было вырашана, што ў бліжэйшай пэрспэктыве Югаславія атрымае статус назіральніка ў гэтай структуры. А вось мэты й задачы трох краінаў-сяброў і адзіны погляд на падзеі безумоўна ня толькі засталіся ранейшыя, але й яшчэ больш умацаваліся, бо тыя самыя Беларусь і Югаславію збліжае становішча міжнароднай ізаляцыі, у якой апынуліся абедзьве краіны. Дый Расея, абцяжараная імпэрыялістычнымі амбіцыямі, усё цяжэй знаходзіць агульную мову, напрыклад, з ЗША.

Любым крокам Югаславіі Беларусь аказвае й будзе аказваць рашучую падтрымку, пра што заўсёды заяўляў Аляксандар Лукашэнка. Безумоўна, гэты матыў зноў прагучыць на яго сустрэчы з Воіславам Шэшалем, якая, верагодна, адбудзецца заўтра.

Сёньня ж у праграме Шэшаля - гутаркі зь віцэ-прэм'ерам Уладзімерам Замяталінам, старшынямі «палатаў нацыянальнага сходу» Паўлам Шыпуком і Анатолем Малафеевам, наведаньне вытворчага аб'яднаньня «Гарызонт».

Вынікам жа ўдзелу дэлегацыі Югаславіі, якую ўзначальвае Шэшаль і ў якой каля дзясятка дэпутатаў прадстаўнікоў розных палітычных партыяў, стане ўхваленьне парлямэнцкім сходам Беларусі й Расеі заявы Саюзнай Скупшчыны Югаславіі аб наданьні ёй статусу сталага назіральніка пры парлямэнцкім сходзе.

XS
SM
MD
LG