Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 студзеня 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

16 студзеня 1969 году дваццацігадовы чэскі студэнт Ян Палах, пратэстуючы супраць савецкай акупацыі, падпаліў сябе ў цэнтры Прагі. Сваім учынкам юнак зьвяртаўся да паняволеных народаў Чэхаславаччыны і Эўропы: з наступам камунізму нельга зьмірыцца. Сёньня, 19 студзеня - роўна трыццаць гадоў з дня сьмерці Яна Палаха.

Гэтае месца на Вацлаўскай плошчы з таго часу пазначанае сьціплым крыжам і надпісам: «Ахвярам камунізму». Тут - два здымкі маладых людзей: Яна Палаха і яго пасьлядоўніка Яна Зайца. Тут заўсёды сьвечкі і кветкі.

Трыццаць гадоў таму па Вацлаўскай плошчы яшчэ хадзілі трамваі. Пакуль людзкі натоўп зьнерухомеў пры зьяўленьні жывога факелу - адрэагаваў менавіта дыспэчар трамвая. Ён накінуў на Палаха сваё паліто. Таму хлопец не згарэў на месцы, ён памёр праз тры дні ў шпіталі.

З таго часу тры дзесяцігодзьдзі нацыя зноў і зноў вяртаецца да асэнсаваньня гэтага ўчынку.

Ці сапраўды ўчынак Палаха разбудзіў Чэхаславаччыну? Колькі ў яго было пасьлядоўнікаў? Ці мелі пад сабой глебу спэкуляцыі пра яго псыхічнае здароўе? Якую ролю ўзялі на сябе службы бясьпекі? Адкуль увогуле прыйшла у Эўропу гэтая крайняя форма пратэсту і як сёньня глядзяць на Палахаў учынак чэскія студэнты?

Ян Палах, як пішуць яго біёграфы, быў страшэнна рады, што бацькі выбралі для яго імя Ян. Хлопец такім чынам адчуваў сваю духоўную еднасьць зь яго любімым героем чэскай гісторыі Янам Гусам. Пра Гуса ён напісаў некалькі сачыненьняў. Але, згадаем, Гус за свае ідэі быў спалены інквізытарамі на вогнішчы прымусова. Традыцыя самаспаленьня як пратэсту доўгія стагодзьдзі была вядомая на азіяцкім усходзе, але не ў Эўропе. Так, у 1960-я гады да такой формы пратэсту зьвярнуліся ў Паўдзённым Віетнаме будысцкія манахі. Палах меў іх за прыклад, мяркуючы, што ў Віетнаме манаскія ахвяры паспрыялі зьмене сытуацыі.

Палах выйшаў на Вацлаўскую плошчу праз паўгады пасьля акупацыі яго краіны войскамі Варшаўскай дамовы. Бо, як выглядала, пасьля першай хвалі абурэньня народ пачынаў звыкацца з умовамі акупантаў.

Вось што кажа, напрыклад, чэская актрыса, вядомая па удзелу ў колішнім дысыдэнцкім руху, Власта Храмостава:

"Галоўнае, што ён у тых першых прыкметах кампрамісу, зьмірэньня, саступак мане прадчуў тую яшчэ больш глыбокую і горшую трагедыю, да якой ішло. І гэта больш сур'ёзна, чым тыя танкі ў гарадах і тыя чужыя акупацыйныя войскі - гэты ўнутраны распад народу".

Учынак Палаха глыбока ўразіў яго суайчыньнікаў. Не застаўся таямніцай і яго пасьмяротны ліст, у якім былі словы "памятайце пра жнівень" - гэта месяц пачатку савецкай акупацыі. Ліст называўся "Паходня нумар адзін", што нейкім чынам падштурхоўвала да працягу яго акцыі. Крыху больш чым празь месяц на падыходах да той самай Вацлаўскай плошчы спаліў сябе яшчэ адзін студэнт - Ян Заіц.

Увогуле, у наступныя гады гэтую акцыю ў Чэхаславаччыне паўтарылі 26 чалавек. У сувязі з гэтым мэдыкі -псыхолягі правялі тады спэцыяльнае дасьледаваньне ўплыву шокавых фактараў на масавыя паводзіны. Было прызнана, што сярод пасьлядоўнікаў Палаха былі людзі сапраўды псыхічна неўраўнаважаныя, пітушчыя або тыя, хто такім чынам хацеў вырашыць свае ўласныя праблемы ці зьмяніць сваё няўдалае жыцьцё ўваччу астатніх. Усе гэтыя высновы, аднак, не датычылі Палаха.

Ён ахвяраваў сваё жыцьцё выключна за грамадзкія інтарэсы. Адметна, што Палах не патрабаваў вываду войскаў ці народнага паўстаньня. Два яго патрабаваньні былі вельмі канрэтныя: гэта адмена цэнзуры і спыненьне распаўсюджаньня газэты «Справы - Новости», якая выдавалася савецкімі армейскімі прапагандыстамі. Сам учынак Палаха зь яго вялізным розгаласам не магла схаваць ніякая цэнзура. 19 студзеня трыццаць гадоў таму чэскае радые паведаміла:

"Сёньня днём у 15.30 памёр студэнт Ян Палах. Нягледзячы на ўсе ахвярныя намаганьні дактароў і іншага пэрсаналу, арганізм пацыента ня мог перанесьці тых ускладненьняў, што выклікалі цяжкія апёкі трэцяй ступені, якія ахапілі 85% усяго цела. Студэнт Ян Палах сканаў спакойна".

Разьвітаньне з Палахам было урачыстае і агульнанацыянальнае. Першыя асобы дзяржавы, улучна з прэзыдэнтам Людвікам Свобадам і партыйным лідэрам Аляксандрам Дубчэкам, накіравалі ліст спачуваньня маці студэнта. 24 студзеня ўся краіна спынілася на пяць хвілінаў у знак жалобы. У працэсіі разьвітаньня з Палахам аб'ядналіся дзясяткі тысячаў людзей. У гэтыя самыя дні савецкія кіраўнікі - Брэжнеў і Касыгін - накіравалі сваім чэхаславацкім калегам ліст-папярэджаньне, дзе гаварылася, што падзеі ў сувязі са сьмерцю Палаха пачынаюць набываць небясьпечны палітычны характар.

На працягу наступных гадоў так званай нармалізацыі - або замацаваньня савецкага ідэалягічнага рэжыму - штогод студзень і асабліва яго "палахаўскія дні" станавіліся выпрабаваньнем і для грамадзкасьці, і для ўладаў. Так, кульмінацыйным стаўся 20-гадовы юбілей Палахавага акту ў 1989 годзе. Тады да масавай дэманстрацыі ўлады падрыхтавалі сілы парадку - тры з паловай тысячы міліцыянтаў і добраахвотнікаў, узброеных дубінкамі і сьлезацечным газам. Дэманстрацыю удалося расьсеяць. Тады ўпершыню ў Празе быў скарыстаны мэтад, які пазьней прыдаўся і ў Менску - асобных людзей запіхвалі ў машыны, адвозілі за пару дзясяткаў кілямэтраў ад сталіцы і выкідалі на дарозе ці ў лесе. У часе палахаўскага тыдня 1989 году быў арыштаваны чэскі дысыдэнт Вацлаў Гавэл - за спробу пакласьці кветкі да памятнага месца. Рух за вызваленьне Гаўла з турмы тады перасягнуў межы самой Чэхаславаччыны. Вось архіўны запіс: Гавэл, вызвалены пасьля чатырохмесячнай адсідкі ў турме - што было толькі паловай яго тэрміну, зьвяртаецца да суграмадзянаў. Ён гаворыць з нагоды свайго датэрміновага вызваленьня:

"Гэта сьведчыць пра абуджэньне сьвядомасьці міжнароднай супольнасьці, сьведчыць і пра пашырэньне свабоды духу ў нашай краіне. Тое грамадзтва, якое на доўгія гады было загнанае да стану апатыі і летаргіі, быццам пачынае абуджацца".

Ужо ў сьнежні 1989 году, празь сем месяцаў пасьля вызваленьня Гавэл быў абраны прэзыдэнтам Чэхаславаччыны. Як і кожны год, сёлета гадавіна Палахава чыну была адзначаная афіцыйна: Вацлаў Гавэл наведаў яго магілу, адчыніў бюст Палаха ў яго школе. Пры гэтай урачыстасьці Гавэл заўважыў: "І хоць сёньня ў нас няма таталітарызму, ні Палах, ні яго ўчынак не адыйшлі да гісторыі. Ён застаецца нібы люстэркам, якое настаўленае чававеку ў розныя часы. Мяняецца толькі тое, што мы ў гэтым люстэрку бачым. Сёньня там адлюстроўваюцца наш эгаізм, прымірэнчасьць і усё, што ў часы Палаха называлася паўзучай калябарацыяй".

Між тым, кожнае новае пакаленьне чэхаў, хоць у прынцыпе нічога ня мае супраць гераізацыі Палаха, падыходзіць да абранага ім мэтаду барацьбы са сваімі меркаваньнямі. Часопіс "Nova Pritomnost" у студзені надрукаваў разважаньні цяперашніх студэнтаў - як яны сёньня глядзяць на ахвяру Палаха. Вось тыповы адказ:

«Такое самагубства незразумелае. Мне ніколі ў галаву не прыходзіла сама магчымасьць палітычна матываванага суіцыду ў эўрапейскіх умовах. Ян Палах, тым ня менш, змагаўся за нашу свабоду і заплаціў за яе ўласным болем".

Чэскі філёзаф Карэл Косік прысьвяціў фэномэну Палаха цэлае дасьледаваньне "Юнацтва й смерць". Аўтар пашырае кола праблемы, суадносячы яе зь філязофскім падыходам да адвечнай каштоўнасьці чалавечага жыцьця і канкрэтных надзённых мэтаў. Ён піша таксама пра розныя значэньні паняцьця "ахвяра", пра апраўданасьць і неапраўданасьць, ці марнасьць ахвяр. Цікавыя разважаньні Косіка пра своеасаблівае разьмеркаваньне адказнасьці, якое за сытуацыю ў краіне звычайна на сябе бяруць старэйшае й маладзейшае пакаленьні:

"Малады чалавек, які згарэў, як паходня, на ўвесь наступны час нагадвае, што жыцьцё ня ёсьць самадастатковае. Гэта напамінак пакаленьню бацькоў, што ў вырашальны момант яны ня здолелі выканаць свайго абавязку. Гэта напамінак дарослым, што ў момант небясьпекі яны не стаялі цьвёрда на сваім месцы, не падтрымалі, і таму малады чалавек усклаў іхную задачу на свае плечы. Такім чынам сын праз сваю ахвяру выконвае абавязкі, якімі яго бацькі пагрэбавалі".

Між тым, згадаем, што ячшэ у 1968 годзе адзін з старэйшых людзей - польскі пэнсіянэр спаліў сябе ў знак пратэсту супраць удзелу яго краіны ў акупацыі суседзяў. Праўда, гэты факт стаў здабыткам шырокай галоснасьці толькі праз дваццаць гадоў. Той, хто ахвяруе сабой, ставіць на самую дарагую стаўку: бо эфэкт такога ўчынку ніколі нельга прадугледзець. Можа быць варыянт Палаха. Можа - варыянт пакутлівай сьмерці й забыцьця.

Чын Палаха з аднаго боку дазваляе абсалютна пэўна сьцьвярджаць: адна асоба ўплывае на лёс нацыі й краіны. А з другога - дзясяткі падобных учынкаў сьведчаць - коснасьць жыцьця не ачышчаецца полымем. Так, леташні акт самаспаленьня ў Полацку адваката Філіпчанкі нічога не зьмяніў ні ў судова-прававой сыстэме Беларусі, ні нават у канкрэтным выпадку яго падабароннай Воранавай. Улады ізноў спрабуюць падсяліць у яе прыватызаваную кватэру старонняга чалавека.

Згадаем тут клясычную фразу, якая гаварылася і гаворыцца ў гэтай сувязі: маладыя людзі павінны працаваць для сваёй краіны, а не паміраць для яе. На жаль, у жыцьці заўсёды ёсьць месца надзвычайным выпадкам і непадсільным сытуацыям, якія людзі вырашаюць пераадольваць толькі з дапамогай добраахвотнай сьмерці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG