Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 студзеня 1999 г.


Больш за тыдзень прайшло з таго часу, як Вярхоўны Савет Беларусі ХIII скліканьня прыняў рашэньне аб правядзеньні выбараў прэзыдэнта краіны ў траўні сёлета. Што пасьпеў зрабіць легітымны парлямэнт за гэты час?

Пасьля таго, як 44 дэпутаты прагаласавалі за тое, каб прызначыць на 16 траўня 1999 году выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, гэтае рашэньне яны належным чынам зафіксавалі і накіравалі яго усім астатнім парлямэнтарыям, якія былі абраныя ў склад Вярхоўнага Савету ў 1995 годзе. Разьлік тут просты - шмат хто з дэпутатаў зь нейкіх прычынаў ня змог асабіста прысутнічаць на паседжаньні ў гатэлі «Турыст», але падзяляе прынцыпова падыход сваіх калегаў і хоча дадаць свой голас у падтрымку прызначэньня выбараў кіраўніка дзяржавы менавіта ў 1999 годзе. І ня толькі голас, але й асабісты подпіс.

Ужо больш за 20 дэпутатаў Вярхоўнага Савету далучыліся да сваіх калегаў, і такім чынам пад рашэньнем аб правядзеньні выбараў 16 траўня ёсьць ужо ня 44, а 67 подпісаў. І гэта яшчэ ня ўсё. У Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету ўпэўненыя, што гэтая лічба ў хуткім часе павялічыцца. Хутчэй за ўсё пра новыя галасы стане вядома ў суботу 23 студзеня, паколькі ў гэты дзень мяркуецца правесьці супольнае паседжаньне Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету і адмысловай камісіі, якая рыхтуе чарговую сэсію дэпутатаў.

Тут ёсьць сэнс нагадаць, што акрамя паседжаньня, якое ўжо адбылося 10 студзеня, заплянаванае яшчэ адно - на 9 лютага. Менавіта на ім мяркуецца зацьвердзіць плян мерапрыемстваў, неабходных дзеля таго, каб выбары прэзыдэнта Беларусі адбыліся. Распрацоўваюць гэты плян адмысловая камісія па падрыхтоўцы сэсіі на чале зь Сямёнам Шарэцкім і цэнтральная камісія па выбарах прэзыдэнта на чале зь Віктарам Ганчаром.

Дарэчы, Сямён Шарэцкі сёньня ў размове з карэспандэнтам Радыё Свабода паведаміў пра тое, што ён надзвычай уражаны рэакцыяй на рашэньне Вярхоўнага Савету. Яму, іншым сябрам Прэзыдыюму, сябрам ЦВК тэлефануюць сотні людзей. Яны цікавяцца: куды можна пералічыць грошы, неабходныя для арганізацыі выбараў, пытаюцца - куды можна прынесьці паперу, кампутары, іншую аргтэхніку. Усе яны выказваюць падтрымку рашэньню Вярхоўнага Савету, гавораць пра тое, што Лукашэнку абралі ў 1994 годзе на 5 гадоў, і таму абсалютна разумна зноўку йсьці на выбарчыя ўчасткі і менавіта ў 1999 годзе.

І яшчэ адна надзвычай цікавая рэч. Некалькі асобаў, якія патэлефанавалі, заявілі, што на новых выбарах яны падтрымаюць Лукашэнку, але нягледзячы на гэта яны лічаць, што тэрмін дзеяньняў кіраўніка дзяржавы сёлета ўлетку скончыцца, і выбары трэба абавязкова праводзіць у 1999 годзе.

Уладзімер Глод, Менск

XS
SM
MD
LG