Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 студзеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Сёньня завяршыўся візыт у Беларусь рабочай групы АБСЭ на чале з Адрыянам Сэвэрынам. На заключнай прэсавай канфэрэнцыі ён назваў факт прызначэньня прэзыдэнцкіх выбараў Вярхоўным Саветам важнай палітычнай падзеяй. Пры гэтым прадстаўнікі АБСЭ чарговы раз выказаліся за пошук кампрамісу паміж уладамі й апазыцыяй. З свайго боку, прэзыдэнцкая ўлада фактычна праігнаравала гэты візыт.

Рабочая група па Беларусі, сфармаваная Парлямэнцкай Асамблеяй АБСЭ яшчэ ў ліпені летась, прыбыла ў Менск у нядзелю 17 студзеня. У склад яе, акрамя былога намесьніка міністра замежных справаў Румыніі Адрыяна Сэвэрына, увайшлі таксама парлямэнтары Герт Вайскірхен зь Нямеччыны, Кіма Кільвінэн зь Фінляндыі, Ніно Бур'янадзэ з Грузіі ды Ігар Асташ з Украіны.

У панядзелак яны наведалі Міністэрства Замежных Справаў Беларусі, сустрэліся з прадстаўнікамі абедзьвюх палатаў «нацыянальнага сходу», а затым асобна - з дэпутатамі Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня, лідэрамі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку з рэгіёнаў. Адбылася таксама сустрэча з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі.

Паколькі рабочая група была створаная, паводле задумы, для падтрымкі работы ў Беларусі кансультацыйна-маніторынгавай групы АБСЭ ў Менску, усе сустрэчы рыхтаваліся з дапамогай супрацоўнікаў штаб-кватэры, якая месьціцца ў міжнародным нямецка-беларускім культурна-адукацыйным цэнтры. Тут праходзілі нефармальныя сустрэчы, тут прайшла й прэсавая канфэрэнцыя. Праўда, адбылася яна не ў панядзелак раніцай, як плянавалася, а толькі сёньня.

Кіраўнік дэлегацыі Адрыян Сэвэрын на ўсе пытаньні адказваў досыць абцякальнымі фразамі. Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі зноў пацьвердзілі пазыцыю Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, згодна зь якой Вярхоўны Савет прызнаецца дэмакратычным легітымным парлямэнтам Беларусі.

Рашэньне Вярхоўнага Савету прызначыць на травень прэзыдэнцкія выбары Сэвэрын назваў важнай палітычнай падзеяй у жыцьці краіны, але ня стаў яе камэнтаваць. Разам з тым, ён некалькі разоў выказаўся наконт неабходнасьці пошуку кампрамісу, які б спрыяў нацыянальнаму дыялёгу.

Між тым, як стала вядома, плянаваная сустрэча дыпляматаў з прадстаўніком адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, нягледзячы на намаганьні кансультацыйна-маніторынгавай групы ў Менску, не адбылася. Адміністрацыя не знайшла для гэтага часу. Варта адзначыць, што найбольш высокапастаўленая асоба з тых, хто сустракаўся з супрацоўнікамі рабочай групы АБСЭ - намесьнік міністра замежных справаў Мартынаў - фармальна яшчэ не зацьверджаны на сваёй пасадзе ў сувязі з рэарганізацыяй міністэрства. Сам кіраўнік МЗС віцэ-прэм'ер Латыпаў знаходзіцца гэтымі днямі ў замежнай паездцы.

Сустрэчу прадстаўнікоў АБСЭ з прэсай праігнаравалі амаль усе запрошаныя на яе рэдактары афіцыйных выданьняў, за выключэньнем газэты «Советская Белоруссия».

Што да сустрэчы зь лідэрамі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, дык, паводле прадстаўніка «Хартыі-97» Андрэя Саньнікава, размова на ёй ішла галоўным чынам аб выбарах у мясцовыя ворганы ўлады. Як вядома, Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ вынесла адмоўнае заключэньне адносна зьменаў у Законе аб выбарах у мясцовыя ворганы ўлады. У бліжэйшыя дні гэтае заключэньне будзе апублікаванае.

XS
SM
MD
LG