Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 студзеня 1999 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

17 студзеня ў Горадні адбыўся 2-гі форум Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў вобласьці. Удзельнічалі ў ёй 80 прадстаўнікоў з правам голасу, а разам з гасьцямі было 100 чалавек. Вёў пасяджэньне старшыня аргкамітэту «Гарадзенская Ініцыятыва» Сямён Домаш.

Удзельнікі абралі кіраўнічую раду з 15 асобаў, вызначылі мэты яе дзейнасьці і зацьвердзілі дэклярацыю форуму. У ёй зазначаецца, што ўлады, ствараючы неспрыяльныя ўмовы для дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, адначасна ствараюць свае - праўрадавыя - грамадзкія арганізацыі. Каб існаваць, дэмакратычныя арганізацыі мусяць гуртавацца, дзеля чаго й быў скліканы форум. У дэклярацыі выказваецца яшчэ падтрымка прынцыпам Асамблеі беларускіх няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў.

Абраныя былі таксама дэлегаты на форум Нацыянальнай Асамблеі, які павінен адбыцца ў сталіцы.

Падчас форуму адбылася дыскусія, аднымі з самых актыўных удзельнікаў якой сталі прадстаўнікі БНФ. Але ня толькі яны. Напрыклад, прадстаўнік гэбрайскай арганізацыі сказаў, што ня можа падпісаць дэклярацыю, у якой сьцьвярджаецца, што ўлады праводзяць непрыязную палітыку адносна грамадзкіх арганізацыяў. Маўляў, ён памятае за польскія часы, дзеяньні савецкай улады, і лічыць, што сёньня стаўленьне да патрэбаў гэбраяў непараўнальна лепшае.

Старшыня Саюзу Палякаў Тадэвуш Гавін аднак сказаў, што стаўльеньне ўладаў да нацыянальных меншасьцяў зьяўляецца варожым, асабліва да палякаў. Ён заклікаў падпісаць дэклярацыю.

Прадстаўніца Таварыства Філяматаў Тацяна Царук з Наваградку сказала, што незважаючы на пэўныя выключэньні ўлады па-сапраўднаму не спрыяюць меншасьцям, і таму яна згодная з сп. Гавіным. Падтрымку выказаў і кіраўнік Таварыства літоўцаў «Tevyne» Альгіс Дзіргінчус.

Перад прысутнымі з паведамленьнем пра будучы сталічны форум выступіў прадстаўнік Нацыянальнай Асамблеі Ўладзімер Роўда.

Трэба зазначыць, што арганізатарам гарадзенскага мерапрыемства давялося праводзіць свой форум у рэстаране чыгуначнага вакзалу, паколькі ўлады цяпер у звычайныя залы грамадзкія арганізацыі не пушчаюць. Але гэта толькі з'эканоміла час удзельнікаў - і для абеду, і для ад'езду, бо можна было потым адразу сесьці ў цягнік.

Адзінае, што на працягу дыскусіі з-за сьцяны часам гучала: «Хуткі цягнік Горадня-Варшава адпраўляецца зь першай каляі» - абвесткі на нашым вакзале робяцца спачатку на беларускай мове.

XS
SM
MD
LG