Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 студзеня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Менш за пяць тыдняў засталося сядзець у турме актывісту Маладога Фронту Аляксею Шыдлоўскаму. 17 месяцаў, праведзеныя за кратамі, не зламалі волю маладога барацьбіта за незалежную й дэмакратычную Беларусь. Гэткую выснову зрабіла маці Аляксея Шыдлоўскага Ларыса Іванаўна, якая днямі мела спатканьне з сынам у менскай турме.

Сям'я Шыдлоўскіх днямі нарэшце сабралася ў поўным складзе, праўда, усяго толькі на 8 гадзінаў. Гэта адбылося ў менскай калёніі на вуліцы Кальварыйскай, дзе з красавіка мінулага году адбывае 1,5-гадовы тэрмін пакараньня актывіст Маладога Фронту Аляксей Шыдлоўскі.

На сустрэчу з Аляксеем, якога родныя ня бачылі больш за паўгода, прыйшлі маці Ларыса Іванаўна, бацька Аляксея Міхаіл і малодшы брат Віталік.

Паводле словаў Ларысы Іванаўны, Аляксей з часоў мінулага спатканьня стаў яшчэ больш мужны. «Зьдзівіў мяне сваёй сур'ёзнасьцю», - падсумавала ўражаньні Ларыса Іванаўна. Яна параўнала сына з тым, якім яго бачыла на мінулым спатканьні, і адзначыла пэўныя зьмены. «Раней накідваўся на ежу, як галодны хлапчук, а цяпер - хоць хоча есьці ня менш - навучыўся стрымвацца», - адзначыла Аляксеева маці. Падзялілася яна й яшчэ адным прыемным для сябе назіраньнем: «Здалося мне, што мой сын стаў больш чулым, па некалькі разоў пытаўся пра маё здароўе, пра справы на працы. Прычым відаць - гэта быў не фармальны інтарэс, а сапраўдны», - цешыцца маці.

Паводле яе словаў, Аляксей цяпер большасьць часу прысьвячае кнігам ды падручнікам. Ён сур'ёзна рыхтуецца аднавіць сваю навуку ўва ўнівэрсытэце. Вызваліцца з турмы Аляксей 25 лютага, якраз у сярэдзіне навучальнага году - час ня вельмі спрыяльны для аднаўленьня вучобы. Калі ня ўдасца аднавіцца, Аляксей намераны паступаць зноў. «Ён упарты і ад свайго не адступіць», - сьцьвярджае Ларыса Іванаўна.

Яна заўважае, што яшчэ раз пераканалася ў тым, што сын у турме толькі замацаваў свае палітычныя погляды. «У нашых размовах я, вядома, спрабавала не закранаць палітычныя тэмы, але гэта мне ня вельмі ўдавалася. Аляксей не такі чалавек, каб рабіць выгляд, што яго не датычыць тое, што адбываецца вакол. А інфармаваны ён аб падзеях на волі вельмі добра, - кажа Ларыса Іванаўна і працягвае, - ну й хай займаецца тым, што яму па сэрцы. Мне ж толькі балюча, што сапсаваў ён у турме здароўе, хварэць стаў часта, вось і зараз быў прастуджаны. Халодна там у турме ды сумна, вось людзі й вянуць».

Гэтак скончылася наша размова з маці Аляксея Шыдлоўскага. І ўсё ж адзначу, што настрой жанчыны быў значна лепшы, чым яшчэ тры месяцы таму. Усё ж сын вось-вось зьявіцца на ганку роднага дому - чакаць засталося менш за пяць тыдняў.

Калі пра сядзеньне за кратамі Аляксея Шыдлоўскага больш-менш вядома, дык турэмныя дні другога беларускага палітвязьня - Уладзімера Плешчанкі - праходзяць у інфармацыйным вакууме. Зрэдку да Ўладзімера дапускаюць толькі адваката сп. Шайкевіча. А так - ніхто з родных нават ня мае права зь ім сустрэцца. І гэтак ужо амаль чатыры месяцы. «Пакуль ідзе сьледзтва - спатканьні з роднымі забароненыя», - заяўляюць сьледчыя. Між тым, Уладзімер Плешчанка дагэтуль не прызнае сябе вінаватым у злачынстве, якое яму інкрымінуюць - наўмыснае разбурэньне помніка Сувораву. Плешчанка неаднаразова зьвяртаўся ў пракуратуру Віцебскай вобласьці з пратэстамі ды хадайніцтвамі аб пакараньні міліцыянтаў, якія яго беспадстаўна арыштавалі. Але на гэтыя заявы нават няма адказу.

Днямі Ўладзімер Плешчанка перадаў на волю запіску, у якой зноў заявіў, што яго перасьледуць з палітычных матываў. «Плешчанка просіць сяброў на волі не спыняць змаганьня за дэмакратыю й незалежнасьць Бацькаўшчыны», - сьцьвярджае чалавек, якому была адрасаваная запіска Ўладзімера Плешчанкі зь віцебскага ізалятару.

XS
SM
MD
LG