Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 студзеня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

У сувязі з прызначэньнем прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі зьявіліся прыкметы таго, што мы зноў будзем мець дачыньне са зьяваю, вядомай з савецкіх часоў - асуджэньнем працоўнымі калектывамі тых або іншых асобаў. Абурэньне працоўных гэтым разам плянуецца накіраваць супраць дэпутатаў Вярхоўнага Савету.

Прадстаўнікі Камуністычнай Партыі Беларусі - партыі Чыкіна, Рух за Сацыяльны Прагрэс і Справядлівасьць, дарэчы, які таксама ўзначальвае Чыкін, Беларускай Патрыятычнай партыі генэрала Баранкевіча і некаторых іншых партыяў левага накірунку 14 студзеня наведалі "палату прадстаўнікоў нацыяльнага сходу". Тут іх ужо чакалі чатыры сумнавядомыя сваімі дзеяньнямі "палатнікі": Касьцян і Гнацішчаў, Катляроў і Худая. Менавіта яны й атрымалі пэтыцыю партыйцаў.

У гэтай заяве дзеяньні дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня, якія прызначылі выбары прэзыдэнта краіны на 16 траўня бягучага году, характарызуюцца як антыканстытуцыйныя й амаральныя. Зразумела, што кожная палітычная партыя мае права выказаць свае адносіны да дзеяньняў Вярхоўнага Савету, як зразумела й тое, што чакаць нейкай іншай рэакцыі ад прыхільнікаў камуністычнай ідэалёгіі было б проста недарэчным. Але зьдзіўляе іншае. Падчас перадачы заявы прадстаўнікі левых сілаў паведамілі пра свой намер зьвярнуцца ў працоўныя калектывы Менску, каб рабочыя выказалі сваю пазыцыю да дзеяньняў дэпутатаў Вярхоўнага Савету.

Такім чынам, з архіваў выцягваюць старыя партыйныя мэтады й прыёмы - падняць вялізарны вэрхал і тым зрабіць уражаньне, што працоўныя выступаюць супраць Вярхоўнага Савету. Можна не сумнявацца, што з тых самых архіваў выцягнуць такі выратавальны для ўладаў набор звыклых словаў, як "дэструктыўны", "апазыцыйны", "ня маючы падтрымкі народа", і г.д і г.д. Зразумела, ўсё гэта - на адрас легітымнага беларускага парлямэнту. А тое, што такіх лістоў набяруць шмат - няма сумневу.

Досьвед так званай ідэалягічнай працы Сеўрука ды Чыкіна, Малафеева ды Гурына, мноства іхных паплечнікаў - велізарны. Гэта ж яны арганізоўвалі лісты супраць Пастарнака й Салжаніцына, чыіх твораў рабочыя ў той час не маглі прачытаць. Гэта яны арганізоўвалі лісты рабочых супраць Беларускага Народнага Фронту, з чыёй праграмай усялякімі шляхамі перашкаджалі тых жа працоўных пазнаёміць .

І ўвогуле, калі я даведаўся пра гэтую ініцыятыву, згадаў мэмуары Аляксандра Дубчэка. Адзін зь лідэраў праскай вясны ўзгадвае, як ён у якасьці доказу падтрымкі сваёй палітыкі народам Чэхаславаччыны спаслаўся ў размове з тагачасным старшынём ураду СССР Аляксеем Касыгіным на лісты працоўных. Касыгін спакойна выслухаў Дубчэка і сказаў: "Я дам каманду, і заўтра ўвесь гэты пакой будзе завалены лістамі ад працоўных, якія вас асудзяць". Касыгін не сумняваўся ў тым, што ён казаў, паколькі цудоўна ведаў сыстэму, якая арганізуе любыя водгукі, якія патрэбныя ўладам.

Аляксандар Лукашэнка быў абраны прэзыдэнтам ў 1994 годзе. Абраны на пяць гадоў. І ў бягучым годзе тэрмін ягоных паўнамоцтваў заканчваецца. Менавіта з гэтага зыходзілі дэпутаты Вярхоўнага Савету, калі прызначалі выбары прэзыдэнта Беларусі на травень 1999 году. Паколькі ніякіх грунтоўных аргумэнтаў супраць гэтага ўлады ня маюць, яны дзейнічаюць як у старыя часы. А менавіта - мэта адна: зрабіць з дэпутатаў ворагаў беларускага народу. І хочуць яны дасягнуць сваёй мэты старымі прыёмамі - ад імя працоўнага народу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG