Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 студзеня 1999 г.


Аляксандр Лукашук, Вена

У Аўстрыі працягвае працу Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ, у якой бярэ ўдзел дэлегацыя Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня: кіраўнік камісіі па міжнародных справах Анатоль Лябедзька і кіраўнік камісіі сродкаў масавай інфармацыі Ўладзімер Нісьцюк, а таксама супрацоўнік сакратарыяту Вярхоўнага Савету Фёдараў. Рэпартаж зь Вены.

Другі дзень у сталіцы Аўстрыі моцны вецер, але неба блакітнае, зьзяе сонца, і канцлер Аўстрыі разам са сьпікерам парлямэнту прыбылі сёньня ў кангрэсавы палац ў Гофбургу ў гарнітурах без паліто, хоць і з аховай. Пасьля іхных прывітаньняў эўрапейскія парлямэнтары працягнулі абмеркаваньне бюджэту, плянаў працы на 1999 год, а таксама працу ў камісіях і рабочых групах. Адна зь іх - у справах Беларусі. У яе ўваходзяць парлямэнтары зь Нямеччыны, Фінляндыі, Грузіі й Румыніі. Я папрасіў адказаць на пытаньне нашага радыё супрацоўніка беларускай групы Герта Вайскірхена:

Наша даведка:

Герт Вайскірхен - дэпутат Бундэстагу з 1974 году, сацыял-дэмакрат. У 1990-1994 гадох узначальваў групу Бундэстагу ў справах Беларусі. Неаднаразова прыяжджаў у Менск. Супрацоўнік камісіі па міжнародных справах, каардынатар фракцыі сацыял-дэмакратаў у пытаньнях культуры й сродкаў масавай інфармацыі.

Першае пытаньне да Герта Вайскірхена - пра ацэнку, якую даў учора беларускаму кіраўніцтву старшыня АБСЭ міністр замежных справаў Нарвэгіі Кнут Волебэк. Дзейнасьць беларускіх уладаў ня цалкам адпавядае прынцыпам АБСЭ, заявіў Волебэк. А што менавіта выклікае найбольшую заклапочанасьць АБСЭ ў Беларусі?

(Вайскірхен:) "Той факт, што Лукашэнка, калі ён атрымаў ўладу ў Рэспубліцы, распусьціў дэмакратычна абраны парлямэнт. Гэта галоўная перашкода ў прызнаньні Лукашэнкі дэмакратычным кіраўніком Беларусі. Беларускія дэпутаты Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня ўдзельнічаюць у пасяджэньнях АБСЭ. Гэта вельмі ясная дэманстрацыя эўрапейскай салідарнасьці".

(Лукашук:) Як гэтага ўдалося дамагчыся?

(Вайскірхен:) "Была цяжкая барацьба паміж рознымі дэлегацыямі АБСЭ, але ўрэшце прадстаўнікі вядучых дэмакратычных дзяржаваў-удзельніцаў АБСЭ прынялі такую пастанову. Як лёгка здагадацца, былі засьцярогі ў асобных членаў АБСЭ, але ў рэшце рэшт вялізарная большасьць падтрымала Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня у якасьці нашага партнэра, а не так званы "парлямэнт", усталяваны Лукашэнкам".

(Лукашук:) Сёньня ў Вене старшыня расейскай Дзярждумы Генадзь Селязьнёў заявіў, што наступная генэральная асамблея АБСЭ пройдзе ў Санкт-Пецярбургу. Як Вы глядзіце на магчымасьць удзелу дэлегацыі Вярхоўнага Савету ў пасяджэньні, якое пройдзе ў саюзнай Лукашэнку Расеі?

(Вайскірхен:) "Чаму не? Мы будзем прымаць рашэньне ў адпаведнасьці з нашай ранейшай лініяй".

(Лукашук:) Выступаючы ўчора перад парлямэнтарыямі АБСЭ, Анатоль Лябедзька паінфармаваў дэпутатаў пра пастанову Вярхоўнага Савету аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў у траўні. Што Вы пра гэта думаеце?

(Вайскірхен:) "Найважнейшае тое, што дэмакратычная апазыцыя Беларусі выставіць адзінага кандыдата на гэтыя выбары, і мы спадзяемся, што ў яго будзе добры шанец на перамогу. Я асабіста перакананы, што тут, на Парлямэнцкай Асамблеі, многія мае калегі падтрымаюць дэмакратычнага кандыдата апазыцыі. Калі ён пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах - гэта будзе прыкметаю добрай будучыні для Беларусі".

(Лукашук:) Мяне ўразіла тое, што Вы адразу гаворыце пра магчымыя вынікі выбараў, але нават не абмяркоўваеце сам факт іхнага прызначэньня Вярхоўным Саветам.

(Вайскірхен:) "Вы маеце рацыю. Прычына, чаму я так гавару, - мы ня зможам пазьбегнуць правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Ніхто ня мае права сказаць гэтаму "не". Хоць мы ведаем, што ўмовы гэтых выбараў ня будуць надта дэмакратычныя, і мы спадзяемся, што нягледзячы на ня надта спрыяльныя ўмовы кандыдат апазыцыі будзе мець шанец на перамогу і моцна будзем падтрымліваць такога кандыдата".

(Лукашук:) Што здарыцца, калі цяперашні прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка вырашыць не праводзіць выбары? Які будзе падыход Захаду да Лукшэнкі пасьля заканчэньня ягонага афіцыйнага тэрміну ва ўладзе гэтым летам?

(Вайскірхен:) "Калі Лукашэнка паспрабуе працягваць свае брудныя гульні, у будучыні ён асабіста будзе адказваць за свае дзеяньні й за вынікі. Ён адзіны ў Беларусі будзе асабіста адказны перад усім народам за тое, што краіна будзе па-за сям'ёю краінаў АБСЭ."

XS
SM
MD
LG