Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 студзеня 1999 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

14 студзеня ў Гарадзенскім аблвыканкаме адбылася прэсавая канфэрэнцыя, прысьвечаная выбарам у мясцовыя саветы. Цікавасьць да гэтай тэмы выказалі ня толькі журналісты мясцовых дзяржаўных мас-мэдыяў, але й прадстаўнікі незалежнай прэсы.

Пра лічбу выбарчых акругаў, пра колькасьць у іх выбаршчыкаў ды іншыя падрабязнасьці гаварылі сёньня кіраўнік абласной выбарчай камісіі Міхаіл Енка і Мікалай Прысада - начальнік арганізацыйна-кадравай управы аблвыканкаму.

Як было зазначана, на рэфэрэндуме 1996 году ў вобласьці было 875 тысяч выбаршчыкаў і іхняя колькасьць магла зьмяніцца, уважаючы на складаную дэмаграфічную сытуацыю. Карацей - іх павінна стаць менш. Камісія зоймецца ўдакладненьнем дакладных лічбаў. Паміж чыноўнікамі й журналістамі адбылася жывая размова. Па-першае, апошнія скрытыкавалі склад абласной камісіі, якую ўзначальвае Міхаіл Енка. У ёй - тры супрацоўнікі аблвыканкаму, каля дзясятку розных дырэктараў і іншых начальнікаў. Як зазначыў спадар Енка, гэта тыя, хто займаецца вытворчасьцю, а не палітыкай, вельмі дастойныя людзі, і ўвогуле, маўляў, на 19 месцаў камісіі паступіла якраз 19 заявак. Паколькі гэта прагучала занадта ідылічна, ён дадаў, што была яшчэ заяўка ад Народнай Грамады, але штосьці зь ёю было ня так як трэба. Затое ёсьць прадстаўнік ад другой сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная згода", ёсьць КПБ, прадстаўнік ад БПСМ, ад вэтэранскай арганізацыі, - патлумачыў ён.

Што датычыць камісіяў ніжэйшага рангу, дык у іх апрача гэтых двух ёсьць яшчэ прадстаўнікі Аграрнай партыі, а таксама Саюзу Палякаў. Але паколькі кіраўніцтва Аграрнай партыі настроена апазыцыйна, то яе члены просяць, каб іх бралі ў камісіі не паводле партыйнай прыналежнасьці, а як звычайных грамадзянаў. Ад апазыцыйных партыяў заяваў, увогуле, не было.

За мінулыя дні ў абласную камісію паступілі заявы з трох вайсковых частак у Горадні, і з адной столінскай. Рэч у тым, што падчас выбараў яны выяжджаюць на вучэньні, прычым салдаты адной зь іх будуць удзельнічаць ва ўчэньнях ажно ў Берасьцейскай вобласьці, куды выедуць 12 лютага, а датэрміновае галасаваньне дазваляецца толькі за 5 дзён да выбараў. Сп. Енка сказаў, што выбарчую скрынку прывязуць салдатам туды, дзе яны будуць знаходзіцца, як прывозяць яе дахаты хворым і нямоглым.

Журналісты жыва адрэагавалі на паведамленьне пра тое, што балятавацца могуць у нас і грамадзяне Расеі. Адзін журналіст паказаў усім фашысцкую газэтку "Русского национального единства" з расейскай свастыкай. У сераду нейкія маладзёны раздавалі яе ў самым цэнтры гораду, праўда, скончылася тым, што патрыятычна настроеная моладзь адабрала апошнія экзэмпляры й нават набіла распаўсюднікаў.

Журналісты пацікавіліся ў начальнікаў, ці ведаюць яны пра заклік апазыцыйнага камітэту "Гарадзенская ініцыятыва" ня ўдзельнічаць у выбарах, і як яны ставяцца да таго, калі выбаршчыкі ня прыйдуць галасаваць. "Пасьля выбараў пабачым, - сказаў Міхаіл Енка. - Гэта справа саміх выбаршчыкаў галасаваць ці не". Мікалай Прысада сказаў, што "Гарадзенская ініцыятыва" не прызнае цяперашняй канстытуцыі і паводле яе паўнамоцтваў прэзыдэнта. Гэта яе палітычная лінія. Але ён ня бачыць, каб большасьць насельніцтва не прызнавала законнасьці гэтых выбараў.

Гучала пытаньне і наконт прэзыдэнцкіх выбараў, абвешчаных Вярхоўным Саветам. Сп. Прысада сказаў наступнае: "Двойчы ў адну раку ня ўвойдзеш, як казалі ў старажытнасьці". Ён бы таксама хацеў, напрыклад, каб вярнуўся 1991 год, але не дагаварыў чаму. А сп. Енка дадаў: "Наша справа - каб Вярхоўны Савет быў распушчаны, але дэпутаты пачалі добраахвотна будаваць работу іншым чынам. Іншая частка не згадзілася, што цалкам натуральна", - сказаў ён. Такім чынам, ніякіх рэзкіх заяваў і ацэнак магчымых прэзыдэнцкіх выбараў не прагучала. Журналісты яшчэ даведаліся, што асноўныя грошы, якія будуць выдзеленыя на выбары, выдаткуюць на паперу. Чыноўнікі падлічылі, што яе спатрэбіцца 25 тонаў, а тона сёньня каштуе пачынаючы ад 200 мільёнаў рублёў і болей.

XS
SM
MD
LG