Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 студзеня 1999 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

Гомельская абласная рада Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі ў часе свайго паседжаньня аднагалосна вырашыла ня ўдзельнічаць у прызначаных на 4 красавіка выбарах у мясцовыя саветы. Менскае кіраўніцтва АГП скрытыкавала пазыцыю сваёй рэгіянальнай партарганізацыі.

Аднадушае рашэньне далося не адразу. Супраць яго напачатку выступаў сябра рады, кіраўнік Жлобінскай суполкі АГП сп. Мірашнічэнка. Справа ў тым, што крыху раней да падобнай высновы прыйшла Гомельская гарадзкая рада АГП. Гэта выклікала непаразуменьне ў вышэйшых эшалёнах партыі, і ў прыватнасьці, у яе лідэра Вячаслава Багданкевіча. Ён накіраваў нават адмысловы ліст у Гомель, у якім скрытыкаваў пазыцыю паплечнікаў і абвінаваціў іх ледзьве не ў сэпаратызме. Няўдзел у выбарах, паводле сп. Багданкевіча, аслабляе партыйныя структуры і наогул можа прывесьці да палітычнае пасіўнасьці.

Гамельчукі аднак настойвалі на сваім. На іх думку, плянаваныя выбары - нішто іншае, як фарс. Гэта было бачна нават падчас унясеньня паправак прэзыдэнтавым "парлямэнтам" у закон аб выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Таму прадстаўнікі грамадзкіх аб'яднаньняў і палітычных партыяў рэгіёнаў, у тым ліку й АГП яшчэ ў лістападзе зрабілі адмысловую заяву, у якой папярэдзілі, што на практыцы выбары ў мясцовыя саветы ператворацца ў галасаваньне за існуючы рэжым, у легітымізацыю "канстытуцыі" ўзору 1996 году, вынікаў незаконных рэфэрэндумаў і указаў прэзыдэнта. Урад проста ня створыць дэмакратычных умоваў для правядзеньня выбараў. Як засьведчыў старшыня абласной арганізацыі АГП Віктар Фаменка, цяпер гэта разумеюць многія і ў нацыянальным камітэце Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі.

Прагнозы пачалі спраўджвацца. Нядаўна аблвыканкам утварыў абласную тэрытарыяльную выбарчую камісію з 15 асобаў. І хоць у прэамбуле рашэньня было сказана, што разглядаліся прапановы сходаў выбаршчыкаў па вылучэньню у камісію сваіх прадстаўнікоў ня толькі ад працоўных калектываў, але кіруючых ворганаў партыяў, аднак менавіта ад партыяў ніводнага прадстаўніка ў абласную камісію так і не зьявілася. Тое самае з складам раённых выбарчых камісіяў. Напрыклад, у Брагінскай камісіі з 15 членаў зноў-такі ніводнага прадстаўніка ад палітычных партыяў. Так што сапраўды, нашы мясцовыя аб'яднаныя грамадзяне здолелі разгледзець у вусені дарослага матыля.

XS
SM
MD
LG