Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 студзеня 1999 г.


Аляксандар Лукашук, Вена, Кангрэсавы палац Гофбург

Сёньня ў Вене ў другой палове дня адкрылася штогадовае паседжаньне сталага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. У паседжаньні бярэ ўдзел беларуская дэлегацыя.

Сёньня ў Вене цёпла - +9, неба шэрае, але вялікі пляц перад кангрэсавым цэнтрам выглядае даволі весела, ён расквечаны сьцягамі 54 дзяржаваў-удзельніцаў АБСЭ.

Першае, што я пачуў у вялікай залі, дзе праходзіць паседжаньне, - пытаньне Беларусі. Адзін з супрацоўнікаў сакратарыяту АБСЭ папярэджваў Віталя Яўсеева, намесьніка генэральнага сакратара АБСЭ аб тым, што амбасадар Беларусі ў Вене зноў дамагаўся, каб дэлегаты прэзыдэнцкага парлямэнту, а не Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня, занялі месца Беларусі за сталом паседжаньняў. Расеец крыху звысоку ўсьміхнуўся і сказаў: "Гэта трэба вырашаць праз нас і беларуская амбасада гэта ведае".

Беларускі казус унікальны ў дзейнасьці АБСЭ, тут на тэрыторыі эўрапейскага парлямэнтарызму грубыя сілавыя мэтады беларускіх уладаў церпяць паразу. Падначаленых Малафеева ды Шыпука прызнаюць самазванцамі. Пасяджэньне адкрыла сп-ня Гэлі Дэйн, прэзыдэнт АБСЭ, затым да дэпутатаў зьвярнуўся старшыня АБСЭ Кнут Волебэк. Да гэтага моманту беларускія месцы яшчэ заставаліся свабодныя. Дарэчы гэта былі адзіныя два свабодныя месцы ў вялізарнай залі.

Асноўны зьмест свайго выступу Кнут Волебэк прысьвяціў сытуацыі ў Югаславіі. Ён досыць рэзка гаварыў пра канфлікт, пра адказнасьць абодвух бакоў, таксама былі вызначаныя шляхі выхаду зь цяперашняе непрымальнае сытуацыі. Увесь час выступу Волебэка, які цягнуўся прыкладна паўгадзіны, месцы беларускіх дэлегатаў заставаліся незанятыя. "АБСЭ, - казаў Волебэк, - ёсьць супольнасьцю агульных каштоўнасьцяў, прынцыпаў абароны правоў чалавека прававой дзяржавы. І калі гэтыя прынцыпы парушаюцца, дык паўстае пагроза ўсёй эўрапейскай бясьпецы. Там, дзе дэмакратычныя інстытуты слабыя, АБСЭ гатовая дапамагчы і парадаю і падтрымкаю. Але трэба часам і крытыкаваць адзін аднаго".

Згадка пра крытыку прымусіла крыху ажывіцца расейскую дэлегацыю - гаворка зайшла пра Чачню. Дарэчы, расейцы сядзяць насупраць беларускіх месцаў, Генадзь Селязьнёў увесь час паглядаў на прагал, які ўтварае пустка каля шыльдачкі "Беларусь".

На заканчэньне свайго выступу Кнут Волебэк заявіў, што ў Беларусі не выконваюцца патрабаваньні й прынцыпы АБСЭ. "Мы гатовыя дапамагчы, але місія АБСЭ ў Беларусі павінна таксама мець поўнае ўзаемадзеяньне з уладамі. Патрэбныя практычныя справы, а ня словы", - заявіў старшыня пастаяннага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Кнут Волебэк. Гэтай заявай ён і скончыў свой выступ.

Пасьля гэтага пачаліся пытаньні й адказы, дыскусія, і ўжо ў момант, калі я пакідаў залю дзеля таго, каб перадаць гэты рэпартаж, у яе ўвайшлі Анатоль Лябедзька і Ўладзімер Нісьцюк. Яны занялі свае месцы ля шыльдачкі "Беларусь".

Дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусi ХIII склiканьня Анатоль Лябедзька i Ўладзiмер Нiсьцюк выступiлi сёньня на паседжаньнi. Анатоль Лябедзька паiнфармаваў Парлямэнцкую Асамблею аб пастанове Вярхоўнага Савету аб правядзеньнi прэзыдэнцкiх выбараў у Беларусi.

Пасьля справаздачы камiсара АБСЭ ў справах нацыянальных меншасьцяў Макса ван дэр Стула слова ўзяў Уладзiмер Нiсьцюк.

(Нісьцюк:) "Я быў сябрам той дэлегацыi, якая працавала афiцыйна ў польскiм Сойме ў 1998 годзе, яшчэ тады мы чулi ад Тадэвуша Гавіна i ад iншых нашых польскiх калегаў пра тое, што пытаньнi, зьвязаныя з адкрыцьцём польскамоўнай школы ў Наваградку, улады вырашаць не зьбiраюцца. I потым неаднаразова ў сродках масавай iнфармацыi i ў газэце "Пагоня" i ў "Народнай Волі" Тадэвуш Гавiн пiсаў лiсты, зьвярнуўся да прэзыдэнта, зьвярнуўся да Вярхоўнага Савету з гэтым пытаньнем. Гэтае пытаньне ўлада не вырашае. Улiчваючы тое, што на тэрыторыi Беларусi пражывае больш за 500 тысяч грамадзянаў польскай нацыянальнасьцi, мы змагаемся i за iх правы, таксама як за свае асабiстыя. I мы б вельмi хацелi, каб такiя структуры як АБСЭ заўважылi, што ў Беларусi ня ўсё добра з правамi нацыянальных меншасьцяў".

Праблемы Беларусi сёньня гучалi ў прамовах iншых выступоўцаў. Так, прадстаўнiк АБСЭ ў справах свабоды друку Фраймут Дувэ назваў сытуацыю з свабодай слова ў Беларусi трывожнай.

Аднак Беларусь сапраўды была сёньня ў цэнтры ўвагi пасяджэньня падчас дыскусіi, прысьвечанай выбарам. Пасьля выступу кiраўнiка дэпартамэнту дэмакратыi й правоў чалавека Жэрара Стоўдмана, у дыскусii прыняў удзел Анатоль Лябедзька. Я папрасiў яго распавесьці, у чым палягае асноўная мэта прыезду дэлегацыi Вярхоўнага Савету сюды, у Вену.

(Лябедзька:) "Мэта нашага прыезду - гэта праца. Мы - афiцыйная дэлегацыя Вярхоўнага Савету, якi прадстаўлены ў Парлямэнцкай Асамблеi АБСЭ. Мы тут ставiм канкрэтны шэраг задачаў. 10 студзеня Вярхоўны Савет прыняў рашэньне, прызначыў дату правядзеньня прэзыдэнцкiх выбараў на 16 траўня. Натуральна, мы ставiм задачу - давесьцi да ўсiх краiнаў-членаў АБСЭ iнфармацыю пра тое, што такое рашэньне канстытуцыйнае - законнае прынятае, i натуральна, што мы разьлiчваем, што мiжнародныя назiральнiкi будуць прысутнiчаць на гэтых выбарах. Калi ўлады проста ня пойдуць на рэпрэсіi супраць Вярхоўнага Савету, супраць палiтычных партыяў, наогул супраць апазыцыi.

Другая наша задача - мы ставiм мэтай давесьцi да мiжнароднай супольнасьцi, што выбары рэгiянальныя, якiя мяркуе правесьцi Лукашэнка - гэта псэўдавыбары, бо яны праводзяцца па нелегiтымнаму заканадаўству, а па-другое, нават сама працэдура iх правядзеньня проста абсурдная. Сам Лукашэнка асабiста вырашыў не дапусьцiць да ўдзелу ў мясцовых выбарах апазыцыю. Гэта закранае iнтарэсы прыблiзна 200 тысяч чалавек, якiм забаронена ўдзельнiчаць у мясцовых выбарах, таму што яны былi прыцягнутыя да адмiнiстрацыйнай адказнасьцi ў мiнулым годзе. Але я думаю, што гэтае рашэньне было станоўчае для апазыцыi, бо Лукашэнка ўсiх толькi кансалiдаваў i ўсiх прывёў да адной думкi, што мець нейкую справу з гэтым рэжымам на сёньняшнi дзень проста немагчыма.

Мы плянуем працаваць з асобнымi дэлегацыямi, парлямэнтамi якiя прадстаўлены тут. Я, напрыклад, працягну сваю акцыю, якую iнiцыяваў у Вярхоўным Савеце. Гэта - акцыя мiжнароднай салiдарнасьцi з дэпутатамi Кудзiнавым i Клiмавым, якiя знаходзяцца зараз у турме, i мы зьбiраем подпiсы нашых калегаў за iх свабоду".

Сёньняшняе паседжаньне камiтэту Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ скончыла працу. Да беларускiх дэлегатаў падыходзiлi шмат якiя парлямэнтарыi зь iншых краiнаў, выказвалi сваю салiдарнасьць.

Заўтра тут перад дэпутатамi будуць выступаць кiраўнiкi
Аўстрыi - канцлер i старшыня парлямэнту. Будзе працягвацца абмен досьведам у справе вырашэньня канфлiкту ў Босьнii i ў Косаве, i на Каўказе. Таксама будуць абмяркоўвацца iншыя праблемы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG