Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 студзеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Палітыкі, якія прадстаўляюць асноўныя палітычныя сілы Беларусі, заявілі аб сваёй кансалідацыі вакол пастановы Вярхоўнага Савету аб правядзеньні ў траўні прэзыдэнцкіх выбараў. Пра гэта было заяўлена сёньня на супольнай прэсавай канфэрэнцыі ва Ўправе Беларускага Народнага Фронту.

Прэсавая канфэрэнцыя была прысьвечаная стаўленьню палітычных партыяў да прэзыдэнцкіх выбараў. Старшыня арганізацыйнага камітэту правядзеньня Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў Беларусі Генадзь Карпенка заявіў, што хоць арганізатары кангрэсу па-свойму ацэньваюць рашэньне Вярхоўнага Савету, яны адзіныя ў тым, што выбары прэзыдэнта ёсьць на сёньня галоўным палітычным пытаньнем, і мэта кангрэсу, які мае адбыцца неўзабаве - кансалідацыя сілаў на падставе агульнай задачы.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч падкрэсьліў важнасьць рашэньня, прынятага калегамі:

(Шушкевіч:) "Гэтае рашэньне законнае, а вынікі рэфэрэндуму, калі нават дапусьціць, што яны не сфальсыфікаваныя, яны - у адпаведнасьці з запісам у кожным бюлетэні - насілі вылучна дарадчы характар. Таму сьмеху вартыя ўсе тыя намаганьні прыслужнікаў рэжыму, якія хочуць надаць гэтаму гучаньне незаконнасьці. Гэта важная палітычная акцыя. Амаль пяць гадоў цягнецца праўленьне чалавека, які абяцаў праз два гады зрабіць жыцьцё беларусаў заможным. Замест гэтага ўвесь час пагаршаецца жыцьцё людзей, увесь час павялічваецца працэнт людзей, якія па старых крытэрыях - 1990 году - жывуць за рысай беднасьці. Цяпер ён складае каля 85% і ўвесь час павялічваецца. Вось жа трэба законным шляхам сказаць народу: альбо выбірайце таго прэзыдэнта, які ёсьць, і жывіце далей у галечы, альбо падтрымайце тых людзей, якія могуць зрабіць вашае жыцьцё больш прыстойным".

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі, сустаршыня Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі Аляксандар Дабравольскі таксама засяродзіў увагу журналістаў на законнасьці прызначэньня прэзыдэнцкіх выбараў:

(Дабравольскі:) "Паводле Канстытуцыі 1994 году, прэзыдэнт павінен быў быць абраны на 5 гадоў, што й было зроблена. Я хацеў бы толькі зазначыць адзін момант - не юрыдычны, а практычны. Людзі да гэтай пары ў асноўнай сваёй масе ня ведаюць, што прэзыдэнт працягнуў свае паўнамоцтвы на два з паловай гады. Пытаньне пра працяг паўнамоцтваў прэзыдэнта ня ўносілася на рэфэрэндум. Нават у гэтай "канстытуцыі" не запісана, што паўнамоцтвы прэзыдэнта працягваюцца на гэтыя два з паловай гады. І таму мы спадзяемся на тое, што Вярхоўны Савет, пайшоўшы шляхам забесьпячэньня Канстытуцыі й закону, яшчэ дапаможа людзям зразумець: законнасьць - гэта тое, што дазваляе дзяржаве жыць добра".

Намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка зрабіў наступную заяву:

(Хадыка:) "Падтрымка законнага воргану заканадаўчай улады была й застаецца прынцыповай лініяй палітычных паводзінаў Беларускага Народнага Фронту. Таму мы вітаем пастанову Вярхоўнага Савету, які выканаў свой канстытуцыйны абавязак і прызначыў дату новых прэзыдэнцкіх выбараў. Мы вітаем мужнасьць дэпутатаў Вярхоўнага Савету, якія выканалі свой абавязак перад народам і Канстытуцыяй ва ўмовах дыктатуры. Беларускі народ атрымае магчымасьць зрабіць законны выбар паміж правапарадкам і сваволяй дыктатуры, паміж рэформамі і тым гаспадарчым бязладзьдзем, якое ўсталяваў Лукашэнка ў Беларусі. Абавязак усіх палітычных партыяў - зрабіць гэтую магчымасьць рэальнай. Таму мы спадзяемся, што Кангрэс Дэмакратычных Сілаў сапраўды выпрацуе адзіную тактычную лінію паводзінаў і давядзе гэтую кампанію да яе рэальнага завяршэньня. Склалася рэальнае двухуладзьдзе, і кожны грамадзянін Беларусі будзе мець магчымасьць зрабіць свабодны й нязмушаны выбар".

Журналістаў цікавіла сярод іншага - ці будуць дэмакратычныя партыі выстаўляць адзінага кандыдата на выбарах. На пытаньне да Генадзя Карпенкі як да сустаршыні Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі - як ён ставіцца да кандыдатуры Міхаіла Чыгіра, той адказаў:

(Карпенка:) "Гэта пытаньне партыяў, а не пытаньне асабістых заяваў, якія робяць некаторыя палітыкі. Што да майго стаўленьня да Чыгіра, дык я скажу адназначна: гэты чалавек мне блізкі й зразумелы. Не хвалюйцеся - ніякіх супрацьстаяньняў паміж намі быць не павінна. І ня будзе".

У сваю чаргу Станіслаў Шушкевіч, які ўзначальвае Беларускую Сацыял-Дэмакратычную Грамаду, пацьвердзіў, што ягоная партыя прыхільна ставіцца да кандыдатуры Чыгіра, але яна ня мае нічога супраць іншых кандыдатаў.

Юры Хадыка выказаў меркаваньне, што пра кандыдатуры казаць яшчэ рана. Галоўнае - цалкам пазбавіць рэжым легітымнасьці. Калі б у прэзыдэнцкіх выбарах вырашыў узяць удзел Лукашэнка, тады, паводле словаў Хадыкі, мела б сэнс шукаць адзіную альтэрнатыву. А калі не - дык і кандыдатаў павінна быць некалькі. Намесьнік старшыні БНФ назваў верагодным удзел у прэзыдэнцкіх выбарах Зянона Пазьняка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG