Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 студзеня 1999 г.


Растлумачыць пазыцыю Вашынгтону ў дачыненьі да магчымасьці вяртаньня амбасадараў у Беларусь мы папрасілі адказнага супрацоўніка Дзярждэпартамэнту ЗША Роса Ўілсана. Зь ім гутарыў Аляксандар Лукашук.

(Ўілсан:) "Мы вялі асобныя перамовы зь беларускімі ўладамі, у якіх гаворка йшла пра нашу заклапочанасьць Венскай канвэнцыяй і падзеямі ў Драздах. Мы чакаем пэўных гарантыяў ад беларускіх уладаў у пытаньнях Венскай канвэнцыі. Калі мы іх атрымаем, мы зможам распачаць новыя перамовы адносна месца знаходжаньня новай рэзыдэнцыі для пасла. Пакуль што мы не гатовыя да гэтага".

(Лукашук:) Якіх канкрэтна гарантыяў чакае амэрыканскі Дзярждэпартамэнт ад беларускага боку?

(Ўілсан:) "Я не магу адказаць на гэтае пытаньне з усімі падрабязнасьцямі, але ў цэлым на працягу тыдняў і месяцаў мы абмяркоўвалі нашую заклапочанасьць выкананьнем Венскай канвэнцыі, якая спарадзіла "справу Драздоў". Мы таксама зрабілі пэўныя прапановы беларускім уладам адносна таго, якія адказы былі б прымальныя. Мы спадзяемся, што нешта атрымаем ад беларускіх уладаў і вельмі хутка".

(Лукашук:) Беларускі друк зьвяртае ўвагу на тое, што эўрапейскія амбасадары вяртаюцца, а амэрыканскі - не. Ці азначае гэта, што паміж Злучанымі Штатамі і Эўрапейскім Зьвязам існуе розьніца ў падыходзе да дыпляматычнага крызысу ў Драздах?

(Ўілсан:) "На самой справе ніякай розьніцы ў падыходах няма. Мы цесна каардынавалі нашыя дзеяньні з эўрапейскімі калегамі, з кіраўніцтвам Эўразьвязу. Эўрапейцы вялі двухбаковыя перамовы зь Беларусьсю і здолелі давесьці іх да завяршэньня. Мы таксама вялі свае двухбаковыя перамовы зь беларускім урадам, але пакуль не прыйшлі да вынікаў. Але ў нас агульны падыход і агульная заклапочанасьць. Калі мы дасягнем таго ўзроўню ўзаемаразуменьня, што і эўрапейцы, мы спадзяемся, што зможам вярнуць нашага амбасадара ў Менск".

(Лукашук:) Нешматгадовая гісторыя прамых беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў была адзначаная ня толькі крызысам у Драздах, але й меншымі канфліктамі: амэрыканскі дыплямат быў абвешчаны пэрсонай нон грата, амэрыканскія грамадзяне не былі дапушчаныя ў Беларусь, быў зачынены Фонд Сораса. Ці разгдядаецца канфлікт у Драздах у гэтым кантэксьце, ці гэта - асобная праблема?

(Ўілсан:) "Вядома, Дразды нельга разгляядаць як цалкам ізаляваную справу ад агульнага кантэксту амэрыкана-беларускіх дачыненьняў. Мы спрабуем працаваць зь Беларусьсю крыху асобна ў справе Драздоў. Можна сказаць - і беларускія ўлады ведаюць пра гэта - што ў нас ёсьць шэраг засьцярогаў як адносна агульнай тэндэнцыі разьвіцьця падзеяў у Беларусі, так і што да асобных пытаньняў амэрыкана-беларускіх дачыненьняў. Мы б вельмі хацелі адчуць "справу Драздоў" ззаду, вярнуць амбасадара ў Менск і аднавіць перамовы на іншыя тэмы, якія былі адкладзеныя на той час, пакуль мы займаліся праблемай Драздоў".

(Лукашук:) Неўзабаве Дзяржаўны Дэпартамэнт Злучаных Штатаў прадставіць Кангрэсу штогадовую справаздачу аб стане правоў чалавека ў сьвеце. Там будзе й разьдзел, прысьвечаны Беларусі. Як вам бачацца амэрыкана-беларускія дачыненьні з гледзішча правоў чалавека?

(Ўілсан:) "Я не магу вельмі падрабязна спыніцца на нашай справаздачы Кангрэсу ў справе правоў чалавека. Яна будзе апублікаваная толькі ў канцы месяца. Ацэнка Беларусі ня будзе вельмі пазытыўная. Мы выказваем заклапочанасьць цэлым шэрагам праблемаў, што датычаць правоў чалавека, а таксама падзеямі, якія адбыліся ў Беларусі ў 1998 годзе. Гэта вельмі сур'ёзнае пытаньне для нас. Мы надаем яму вельмі шмат увагі. І яшчэ, што вельмі важна з гледзішча таго, якой краінай стане Беларусь - падобную заклапочанасьць выклікаюць у Дзярждэпартамэнту і іншыя краіны былога Савецкага Саюзу. Мы лічым, што для палітычнай стабільнасьці ў рэгіёне, для пабудовы заможнай будучыні народаў, якія тут жывуць, надзвычай важна пасьпяхова рухацца па шляху захаваньня правоў чалавека ды дэмакратызацыі. У тым ліку і ў Беларусі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG