Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 12 студзеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня з офісу АБСЭ ў Менску мы атрымалі інфармацыю пра тое, што 17 студзеня ў беларускую сталіцу прыбывае чарговая рабочая група АБСЭ па Беларусі.

Дзейны старшыня АБСЭ сп. Хелі Дан з Даніі прызначыла кіраўніком гэтай групы былога міністра замежных справаў Румыніі сп. Андрыяна Сэвэрына. Задачаю групы эўрапейскіх дэпутатаў будзе падтрымка працы сталае місіі АБСЭ ў Менску, дапамога дэмакратызацыі Беларусі й забесьпячэньне нацыянальнага дыялёгу. У паведамленьні таксама падкрэсьліваецца, што парлямэнцкая асамблея АБСЭ па-ранейшаму лічыць Вярхоўны Савет Беларусі ХІІІ скліканьня легітымным парлямэнтам краіны.

Цяпер адзначым, у які адметны час едуць у Беларусь эўрапейскія паслы й парлямэнтарыі. Гэта пярэдадзень двайных выбараў - прэзыдэнцкіх, якія абвясьціў Вярхоўны Савет і якія ігнаруюцца цяперашнімі ўладамі, і мясцовых выбараў, якія абвешчаныя нелегітымным "нацыянальным сходам" і якія з гэтай нагоды ігнаруюцца апазыцыяй.

Сёньня прэзыдыюм Вярхоўнага Савету Беларусі прыняў спэцыяльную заяву, дзе гаворыцца пра немагчымасьць правядзеньня ў рэспубліцы дэмакратычных і свабодных выбараў у мясцовыя саветы. Сам Вярхоўны Савет тым часам прымае чарговыя захады ў рэалізацыі прынятага рашэньня аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў. На 16 студзеня прызначанае першае паседжаньне Цэнтральнай выбарчай камісіі на чале зь Віктарам Ганчаром. 18 зацьверджаных Вярхоўным Саветам сябраў ЦВК абмяркуюць мэханізм правядзеньня выбараў.

Рэалізоўваць палітычны сцэнар, зацьверджаны Вярхоўным Саветам на гэты год, будзе Цэнтральная Выбарчая Камісія, якая зьбярэцца на сваё першае паседжаньне 16 студзеня. Менавіта там будуць зацьверджаныя мэханізмы правядзеньня прэзыдэнцкай кампаніі. Як паведаміў нашаму радыё старшыня ЦВК Віктар Ганчар:

(Ганчар:) "Цэнтральная камісія прыме на сваім першым паседжаньні рашэньне аб стварэньні спэцыяльнага выбарчага фонду, у які здолеюць пералічаць сродкі грамадзяне й арганізацыі Рэспублікі Беларусь, бо выкарыстаньне сродкаў замежных прадпрыемстваў і грамадзянаў забараняецца. Што тычыцца фінансавай базы правядзеньня выбараў, то такая база будзе створаная. Што датычыць рэальных мерапрыемстваў, то натуральна, каштарыс будзе значна меншы, бо мы разьлічваем на энтузіязм і бескарысьліваць удзельнікаў гэтага працэсу, у першую чаргу на ўдзел і бескарысьлівую працу сябраў усіх тэрытарыяльных камісіяў".

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Віктар Ганчар заявіў, што абласныя, менская гарадзкая, раённая й гарадзкія камісіі будуць створаныя ў тэрмін за 45 дзён да выбараў. Вылучэньне кандыдатаў пачнецца зь 1 сакавіка, але ўчастковыя камісіі будуць узбуйняцца ў 5-10 разоў, бо знайсьці 70 тысяч людзей для 7 тысячаў камісіяў, заявіў Ганчар, будзе вельмі цяжка.

Прэзыдэнцкая адміністрацыя і сам Аляксандар Лукашэнка пакуль рэагуюць маўчаньнем на ініцыятывы правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў. Але можна прагназаваць, што блякаваньне перадвыбарчай кампаніі з боку прэзыдэнцкіх структураў будзе. Віктар Ганчар без залішняй далікатнасьці з гэтай нагоды заўважыў:

(Ганчар:) "Адзіная якасьць, якая нікім не аспрэчваецца ў дачыненьні да асобы старшыні выбарчай камісіі - гэта ягоныя незвычайныя арганізацыйныя здольнасьці, таму камісіі будуць створаныя ў тэрмін. Мы выкарыстаем усе законныя й легальныя меры для таго, каб яўка на выбары была такою, каб выбары адбыліся й былі прызнаныя. Таму мы будзем выкарыстоўваць таксама магчымасьці так званага датэрміновага галасаваньня. Тэхналёгія будзе вызначаная на першым паседжаньні Цэнтральнае Выбарчае Камісіі. Гэта ж датычыць так званых пытаньняў блякаваньня з боку афіцыйных структураў дзеяньняў ЦВК. Там, дзе будзе блякаваньне, усе рашэньні будуць прымацца самой Цэнтральнай камісіяй у поўнай адпаведнасьці з законам і з вызначанымі працэдурамі. Нагадаю, што Цэнтральная камісія мае права даваць абавязковае для ўсіх тлумачэньне па пытаньнях па выкарыстаньні законаў, што мы і будзем рабіць".

Гэтая безапэляцыйнасьць наўрад ці спадабаецца прэзыдэнцкай адміністрацыі. Адказваючы на пытаньне, хто й што можа стаць гарантам бясьпекі сябраў Цэнтральнае Выбарчае Камісіі, Віктар Ганчар заявіў:

(Ганчар:) "Асабіста мяне гэтае пытаньне не цікавіць. Што тычыцца тэрытарыяльных камісіяў, то я ўпэўнены, што мы вельмі хутка здолеем дамагчыся міжнародных гарантыяў іх бясьпекі. Міжнародныя назіральнікі будуць запрашацца ня толькі на галасаваньне. Мы будзем весьці кансультацыі наконт удзелу міжнародных назіральнікаў на ўсіх этапах правядзеньня выбараў прэзыдэнта. Гэта будзе першапачатковая ўмова - дамагчыся ўдзелу назіральнікаў і дамагчыся адназначнай дыпляматычнай падтрымкі кроку Вярхоўнага Савету. Мы разьлічваем у бліжэйшы час на сур'ёзныя дыпляматычныя прарывы з гэтага пункту гледжаньня і на абсалютную міжнародную падтрымку нашых дзеяньняў".

Гэткім чынам, лічыць старшыня Цэнтарвыбаркаму Віктар Ганчар, прысутнасьць замежных назіральнікаў стане адным з чыньнікаў забесьпячэньня законнасьці й легітымнасьці аб'яўленых Вярхоўным Саветам прэзыдэнцкіх выбараў. Гэтая акалічнасьць ставіць Аляксандра Лукашэнку ў вельмі казытлівае становішча. Пагадзіцца на ўдзел у выбарчай кампаніі, аб'яўленай палітычнымі апанэнтамі - значыць прызнаць несапраўднымі вынікі рэфэрэндуму 1996 году. Адмовіцца ад удзелу ў выбарах - засьведчыць негатовасьць да палітычнай барацьбы плюс згубіць у вачох Захаду статус легітымнага прэзыдэнта. Зрэшты, як лічыць Віктар Ганчар, гэтае пытаньне зьяўляецца адным з галоўных у распрацаваным палітычным сцэнары апазыцыі.

XS
SM
MD
LG