Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 студзеня 1999 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

Беларуска-расейскія пэрспэктывы працягваюць камэнтаваць і расейскія палітыкі, прычым пераважная большасьць іх камэнтароў апошнім днём намякае, што ў будучым саюзе Беларусі прыйдзецца адмовіцца ад самастойнай ролі. Свой камэнтар на гэты конт даў і былы віцэ-прэм'ер Расеі Барыс Нямцоў. Ён лічыць, што Беларусь можа далучыцца да Расеі толькі ў якасьці суб'екту фэдэрацыі.

Былы віцэ-прэм'ер расейскага ўраду Барыс Нямцоў бачыць вынікам інтэграцыі толькі далучэньне Беларусі да Расеі. Пра гэта ён заявіў у эфіры радыёстанцыі "Эхо Москвы". Нямцоў сказаў: "Я цалкам падтрымліваю інтэграцыю паміж дзьвюма краінамі, у выніку якой Беларусь стане паўнамоцным суб'ектам аб'яднанай Расеі". Барыс Нямцоў лічыць, што насамрэч прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка "не жадае ствараць адзіную дзяржаву". "Калі ён рэальна жадае інтэгравацца, - заявіў Барыс Нямцоў, - то калі ласка, Беларусь можа стаць суб'ектам фэдэрацыі, а Аляксандар Лукашэнка - кіраўніком гэтага суб'екту, такім самым, як напрыклад, Шайміеў".

Зразумела, адводзячы Беларусі ролю суб'екту фэдэрацыі, расейскія палітыкі настойваюць на тым, што й паўнамоцтвы ў беларускага кіраўніцтва будуць адпаведныя. Барыс Нямцоў у прыватнасьці сказаў: "Беларусь не павінна мець права друкаваць свае грошы. Пасьля інтэграцыі павінен быць адзіны цэнтральны банк.

У адваротным выпадку расейскую эканоміку чакае крах." Барыс Нямцоў упэўнены ў тым, што ў выпадку аб'яднаньня Расея будзе фінансавым донарам для Беларусі. Ён зазначыў: "Кошт інтэграцыі зь Беларусьсю вельмі вялікі. У 1997 годзе мы падлічылі, што калі беларускія пэнсіянэры, лекары, настаўнікі будуць атрымліваць тыя самыя грошы, што й іх расейскія калегі, гэта будзе каштаваць нам 100 мільёнаў даляраў на месяц. Аднак, - зазначыў далей Барыс Нямцоў, - мы маем выйгрыш у ваеным і геапалітычным пляне".

Такім чынам можна канстатаваць, што нават уплывовыя правыя палітыкі, якія лічацца надзеяй расейскай дэмакратыі, ня бачаць перашкодаў для далучэньня Беларусі да Расеі. Магчыма, на жорсткасьць іх пазыцыі паўплывала і небясьпека распаду самой Расейскай Фэдэрацыі. Як вядома, дэклярацыя Барыса Ельцына й Аляксандра Лукашэнкі аб намеры стварыць саюзную дзяржаву выклікала адмоўную рэакцыю кіраўнікоў шэрагу расейскіх рэгіёнаў. У прыватнасьці, прэзыдэнты Татарстану і Інгушэціі выказаліся ў тым пляне, што яны будуць дамагацца статусу паўнамоцных удзельнікаў новага саюзу. У гэтай сытуацыі далучэньне Беларусі да Расеі ў якасьці суб'екту фэдэрацыі - гэта адзіная магчымасьць захаваць еднасьць Расеі і яе статус як фэдэратыўнай дзяржавы. Усе астатнія варыянты правакуюць сэпаратысцкія настроі ў расейскіх рэгіёнах. Барыс Нямцоў, які цяпер займае пасаду намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай рады па мясцовым самакіраваньні, цудоўна гэта разумее. Магчыма, адсюль і сыходзіць жорсткасьць ягонае пазыцыі.

XS
SM
MD
LG