Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 студзеня 1999 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньня раніцаю Генэральнае консульства Расейскай Фэдэрацыі ў Берасьці наведала група тутэйшых жыхароў. Дэлегацыю прыняў генэральны консул Барыс Радзімаў, які спачатку запрасіў гасьцей на гарбату, але, даведаўшыся пра мэту візыту да расейцаў, дыплямат ад свайго намеру адмовіўся.

Як высьветлілася, група грамадзянаў, што наведала Генэральнае консульства Расейскай Фэдэрацыі ў Берасьці, ад імя новастворанага Камітэту Абароны Бацькаўшчыны перадала ў дыпляматычную ўстанову суседняй дзяржавы тэкст заявы, у якім выказваецца рашучы пратэст у сувязі з падпісанай Лукашэнкам і Ельцыным дэклярацыяй аб аб'яднаньні Беларусі й Расеі. Як лічаць сябры дагэтуль невядомай у Берасьці арганізацыі, дзеяньні прэзыдэнта Лукашэнкі падпадаюць пад артыкул 61 крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, а плянаванае правядзеньне ўвесну 1999 году рэфэрэндуму аб беларуска-расейскім аб'яднаньні зьяўляецца спробаю пазьбегнуць адказнасьці.

З апошніх выступаў прэзыдэнта Лукашэнкі Камітэт Абароны Бацькаўшчыны зрабіў выснову, што ўвядзеньне агульнай мытнай прасторы й агульнай валюты азначае ліквідацыю эканамічнай незалежнасьці Беларусі, а супольная ахова дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь зьяўляецца падставаю для ўвядзеньня на тэрыторыю Беларусі акупацыйнага расейскага войска. Заканчваецца заява на імя генэральнага консула консульства Расейскай Фэдэрацыі ў Берасьці наступнаю фразаю: "Камітэт Абароны Бацькаўшчыны не дапусьціць акупацыі й калянізацыі Беларусі".

Як удалося даведацца, вышэй названы Камітэт Абароны Бацькаўшчыны паўстаў у Берасьці адразу пасьля падпісаньня прэзыдэнтамі Расеі й Беларусі маскоўскіх пагадненьняў у сьнежні мінулага году. Ініцыятары стварэньня гэтага камітэту заяўляюць, што і надалей будуць прыцягваць увагу грамадзкасьці да дзейнасьці беларускіх уладаў у так званым інтэграцыйным рэчышчы.

Што да расейскага консульства ў Берасьці, дык яно ўжо другі раз за апошнія дні трапляе ў поле зроку журналістаў. Нагадаю, што 29 сьнежня ў гэтую дыпляматычную ўстанову быў ананімна дастаўлены пахавальны вянок с жалобнаю стужкаю, на якой было напісана "Вечная памяць дружбе Расеі й Беларусі", таму відаць і сёньняшняя падзея ніяк не спрыяла ўзняцьцю настрою расейскага консула ды ягоных падначаленых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG