Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 студзеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сойм Беларускага Народнага Фронту, які адбыўся ў нядзелю 10 студзеня, прыняў рашэньне прыняць удзел у Кангрэсе Дэмакратычных Сілаў. На Сойме таксама была зацьверджаная праграма дзейнасьці фронту на бліжэйшыя 2 гады.

Вяртаньне Лявона Баршчэўскага да функцыяў выканаўцы абавязкаў старшыні БНФ было адзначана прыняцьцём на апошнім Сойме БНФ шэрагу прынцыповых рашэньняў. Сойм БНФ прыняў рашэньне прыняць удзел у працы Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў ня ў якасьці дэлегатаў, а ў якасьці прадстаўнікоў, да апошняга часу йшлі спрэчкі наконт мэтазгоднасьці ўдзелу. Сойм БНФ зацьвердзіў таксама плян дзеяньняў фронту на два гады.

Галоўнай мэтаю канструктыўнага пляну дзеяньня фронту на бліжэйшыя два гады зьяўляецца, як сказана ў дакумэнце, утварэньне супольнасьці грамадзянаў незалежнай Беларусі - БНР, падмурку для стварэньня паралельных органаў улады незалежнае Беларусі. Згодна з плянам, галоўным накірункам, які ўмоўна называецца "Наш дом Беларусь", зьяўляецца забесьпячэньне захаваньня незалежнасьці Беларусі. У гэтым пункце дэталізаваныя дзеяньні БНФ, сярод якіх - правядзеньне палітычных акцыяў і стварэньне парляменту Незалежнае Беларусі БНР на грунце Рады БНР, створанай супольнасьцю грамадзянаў і існуючых інстытуцыяў прадстаўнічай улады на грунце Канстытуцыі 1994 году.

Другім накірункам двугадовага пляну зьяўляецца абарона Беларусі аб расейскае анэксіі. У мэтах гэтага накірунку плянуецца працягваць збор подпісаў за адстаўку Лукашэнкі, байкатаваньне любых выбараў, абвешчаных афіцыйнымі ўладамі, акцыі публічнага пратэсту, мэта якіх - стварэньне адмоўнага іміджу беларуска-расейскае інтэграцыі і г.д.

Трэці й чацьверты накірунак зьвязаныя паміж сабою і маюць умоўную назву "Беларусь - эўрапейскі дом", "Беларусь - наша Бацькаўшчына-Маці". Гэтыя накірункі прадугледжваюць правядзеньне культурна-адукацыйнай дзейнасьці. Завяршае плян пяты накірунак, які мае назву "За ўзаемадапамогу, салідарнасьць і заможнае жыцьцё ў нашым доме. За нашу агульную талаку".

Прыняцьцё пляну, прапанаванага Лявонам Баршчэўскім, фактычна стала выяўленьнем падтрымкі й даверу выканаўцу абавязкаў старшыні БНФ. Лявон Баршчэўскі першапачаткова ініцыяваў галасаваньне Сойму па даверы яму.

Зацьверджаны плян прадугледжвае каардынацыю дзеяньняў усіх антытаталітарных беларускіх сілаў, якія маюць намер сабрацца на Кангрэс Дэмакратычных Сілаў 29-30 студзеня. Сойм БНФ прыняў зварот да кангрэсу і зацьвердзіў кампраміснае рашэньне - накіраваць 100 сваіх прадстаўнікоў на Кангрэс, але ня ў якасьці дэлегатаў, а ў якасьці проста прадстаўнікоў. Сымбалічна, што Сойм БНФ сабраўся якраз у той момант, калі Вярхоўны Савет Беларусі прымаў рашэньне аб даце прэзыдэнцкіх выбараў.

XS
SM
MD
LG