Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 студзеня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

У Віцебску нарадзілася ідэя стварэньня новага шырокага грамадзкага руху над назвай "За Беларусь". З такой ініцыятывай выступілі ўдзельнікі рэгіянальнай канфэрэнцыі дэмакратычных сілаў Віцебшчыны, якія ў гэтыя выхадныя выбіралі сваіх дэлегатаў на Ўсебеларускі кангрэс.

У панядзелак 11 студзеня ў Менску адбылося чарговае паседжаньне арганізацыйнага камітэту Кангрэсу Дэмакратычных сілаў Беларусі. Сябра аргкамітэту, старшыня Асамблеі Няўрадавых Арганізацыяў Беларусі Ўладзімер Роўда паведаміў прысутным пра вынікі сваёй паездкі ў Віцебск.

У нядзелю тут прайшла першая з абласных канфэрэнцыяў, на якіх абіраюцца дэлегаты на Кангрэс. У Віцебску сабраліся прадстаўнікі больш як 100 арганізацыяў дэмакратычнага накірунку. Былі прадстаўленыя амаль усе раёны вобласьці. На гэтым сходзе і былі абраныя згодна з кворумам 40 першых дэлегатаў Кангрэсу. Зьява, зразумела, значная, але на думку Ўладзімера Роўды, надзвычай важкае значэньне набывае і зварот удзельнікаў Віцебскага сходу да дэлегатаў будучага кангрэсу.

Сутнасьць звароту - у прапанове стварыць шырокі грамадзка-палітычны рух пад назовам "За Беларусь". Мэта гэтай ініцыятывы - абарона сувэрэнітэту й незалежнасьці Беларусі, аднаўленьне ў поўным аб'ёме й сіле Канстытуцыі 1994 году, адхіленьне мірным шляхам ад улады збанкрутаванага кіраўніцтва краіны на чале з Лукашэнкам. У звароце тлумачыцца, чаму менавіта цяпер узьнікла неабходнасьць стварэньня новага руху. Прычыны вядомыя - гэта пагроза страты незалежнасьці, якая стала вельмі рэальнаю пасьля прыняцьця 25 сьнежня 1998 году ў Маскве чарговага пакету беларуска-расейскіх дакумаэнтаў, пагаршэньне сацыяльна-эканамічнага становішча ў Беларусі, крызыс легітымнасьці ўсіх структураў улады. Гэты зварот быў зь цікавасьцю заслуханы сябрамі аргкамітэту, і праца над ім будзе працягвацца.

Сябры аргкамітэту скарэктавалі графік іншых абласных канфэрэнцыяў. У прыватнасьці, 16 студзеня яна пройдзе ў Горадні, 17-га - у Салігорску й Гомелі, 23-га - у Берасьці й Магілеве. Іх наведаюць Юры Захаранка, Аляксандар Дабравольскі, Генадзь Карпенка, Юры Хадыка ды іншыя асобы, што ўваходзяць у склад аргкамітэту Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў Беларусі.

Нагадаем, што сам Кангрэс заплянаваны на 29 і 30 студзеня гэтага году.

XS
SM
MD
LG