Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 студзеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Прага

Прэзыдэнт Ельцын можа стаць рэальным кандыдатам на пасаду кіраўніка магчымай аб'яднанай беларуска-расейскай дзяржавы. Такое меркаваньне выказаў сёньня ў інтэрвью "Інтерфаксу" асабісты прадстаўнік прэзыдэнта Расеі па краінах былога СССР Іван Рыбкін.

Спраўджваюцца прагнозы наглядальнікаў, якія сьцьвярджалі, што 67-гадовы крамлёўскі патрыярх паспрабуе выкарыстаць стварэньне беларуска-расейскай дзяржавы для працягу свайго палітычнага даўгалецьця. У мінулым годзе Канстытуцыйны Суд Расеі пастанавіў, што у 2000 годзе Барыс Ельцын ня мае права яшчэ раз балятавацца на пасаду прэзыдэнта Расеі, так што цяпер, як і ў 1996 годзе падчас перадвыбарчай кампаніі, Барыс Ельцын разглядае інтэграцыйную гульню як інструмэнт захаваньня ўлады. Тады аб'яднаньне было патрэбнае яму каб ізноў узначаліць Расею. Цяпер - каб узначаліць нейкую іншую дзяржаву. Як сказаў Іван Рыбкін, мы проста ня можам знайсьці замены досьведу такога чалавека, як Барыс Ельцын. Сапраўды, мала хто мае большы досьвед барацьбы за захаваньне сваёй улады, чым дзейны прэзыдэнт Расеі.

Дарэчы, у інтэрвію "Інтэрфаксу" прадстаўнік прэзыдэнта Ельцына выказаў сур'ёзнае сумненьне ў тым, што прэзыдэнт Лукашэнка можа сур'ёзна разглядацца ў якасьці прэтэндэнта на пасаду кіраўніка аб'яднанай дзяржавы.

Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што прэсавы сакратар Ельцына адмовіўся камэнтаваць заяву Рыбкіна. Гэта можа азначаць, што заява Рыбкіна пакуль ня больш чым пробны шар Крамля, спроба высьвятліць, як паставяцца да такога намеру Ельцына асноўныя палітычныя сілы Расеі і, зразумела, беларускі прэзыдэнт.

Дзяліць уладу яшчэ да таго, як высьвятліцца што гэта будзе за ўлада - зьява пры палітычнай культуры постсавецкіх краінаў цалкам натуральная. Што будзе з эканомікай, як аб'яднаньне адаб'ецца на жыцьці людзей? Усе гэтыя пытаньні постсавецкіх палітыкаў мала цікавяць. Для іх цікава адзінае - колькі месцаў будзе наверсе, і як яны будуць разьмяркоўвацца.

Тым ня менш пытаньне застаецца, пытаньне паўнамоцтваў магчымага кіраўніка аб'яднанай дзяржавы. І тут нямала будзе залежаць ад прэзыдэнта Беларусі. Ягоная заява аб тым, што Беларусь у адзінай дзяржаве захавае поўны сувэрэнітэт, маюць дакладны палітычны сэнс. Ён, Лукашэнка, пры любых аб'яднаньнях хоча як мінімум захаваць поўны кантроль над Беларусьсю. Пры выкананьні гэтай умовы ўлада кіраўніка адзінай дзяржавы будзе ня большая за ўладу ангельскай каралевы.

Магчыма гэта й задаволіць немаладога Барыса Ельцына, якому яна больш патрэбная як гарант недатыкальнасьці. А магчыма й не. Магчыма, ён хоча захаваць рэальную ўладу, і тады ў меркаванай агульнай дзяржаве статус сучаснага Татарстану будуць мець ня толькі Беларусь, але і сучасныя суб'екты расейскай фэдэрацыі. Нездарма сп. Рыбкін нічога не сказаў пра пэрспэктывы расейскага прэзыдэнта, а зрабіў намёк на тое, што Лукашэнку спаборнічаць за пасаду кіраўніка ня варта.

XS
SM
MD
LG