Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 студзеня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Напярэдадні Калядаў у часе вечаровай багаслужбы, Аляксандар Лукашэнка выступіў у Менскім Катэдральным Саборы з прамоваю, у якой падзякаваў кіраўніцтву Расейскай Праваслаўнай Царквы за падтрымку ідэі аб'яднаньня праваслаўных славянскіх народаў.

Прынамсі два разы на год - у сьвяты Божага Нараджэньня й Вялікадня - галоўны праваслаўны сабор Беларусі больш нагадвае ўзятую ў аблогу цьвярдыню, чым хрысьціянскі храм. Узмоцненыя аддзелы АМОНу й прэзідэнтавай службы бясьпекі шчыльна перакрываюць усе ўваходы й выхады царквы, пакуль туды не прыбудзе галоўны вернік краіны разам з высокімі чыноўнікамі сваёй адміністрацыі.

Сёлета беларускі прэзыдэнт прыбыў у сабор прыкладна за дзесяць хвілінаў да пачатку набажэнства, заняў сваё месца каля іканастасу, пасьля чаго мітрапаліт Філарэт пачаў багаслужбу. Таварышы Лінг, Мясьніковіч, Шыпук, Пашкевіч і іншыя стаялі непадалёк ад Лукашэнкі. Пасьля прачытаньня Эвангельля і кароткага набажэнства да ўладаў і народу зьвярнуўся мітрапаліт Філарэт.

Праваслаўны экзарх адзначыў, што Раство Хрыстовае мае сусьветнае гістарычнае значэньне, бо яно адкрыла новую эру ў жыцьці чалавецтва, у той час скончыўся старажытны пэрыяд, які праходзіў пад дэвізам "чалавек чалавеку - воўк". Хрыстос абвясьціў сьвету зусім іншы - "Чалавек чалавеку брат", - сказаў Уладыка. Пасьля Мітрапаліт падзякаваў Лукашэнку за яго падтрымку праграмы падрыхтоўкі да юбілею 2000-годзьдзя хрысьціянства і падараваў прэзыдэнту абраз Хрыстовага Нараджэньня.

Далей са своеасаблівым казаньнем выступіў сам Лукашэнка. Галоўны сэнс гэтае прамовы зводзіўся да высновы, што мінулы год вызначыўся крокамі да адзінства праваслаўных народаў. Гэтыя крокі ніколі не прывядуць да братазабойчых войнаў і супрацьстаяньня, упэўнена заявіў прэзыдэнт. Лукашэнка лічыць, што Царква зрабіла шмат для таго, каб аб'яднаць нацыі. "Я ўдзячны Вам, Ваша сьвятасьць, і усёй нашай пастве за вялікае духоўнае яднаньне, за духоўную ідэалёгію, якую сёньня царква зьдзяйсьняе ў грамадзтве", - сказаў прэзыдэнт. Мітрапаліт і ўся паства, на думку Лукашэнкі, увасабляе сабою еднасьць Царквы й дзяржавы. Маўляў, еднасьць выяўляецца ў тым, што і сьвецкая ўлада і сьвятарства ўсіх канфэсіяў служаць усяму беларускаму народу, які зьяўляецца часткай вялікай галіны славянскіх народаў, ці нават каранём усяго славянства".

Прэзыдэнта падчас прамовы перапаўнялі самыя шчырыя пачуцьці, і ён не падбіраў адпаведных словаў - гаварыў як умеў. Таму віншавальныя словы былі нейкімі казённа-партыйнымі. Лукашэнка таксама дзякаваў Філарэту за прыезд у Беларусь Патрыярха Алексія ІІ і паставіў сьвечку да абраза Менскай Божай Маці. Царкоўны хор прасьпяваў Лукашэнку "Многая Лета". А прэзыдэнт прайшоўся па Царкве, віншуючы ўсіх са сьвятам. Пасьля прэзыдэнт, мітрапаліт і ўся каманда, што ўяўляе сабой саюз сьвецкай і духоўнай улады, у поўным складзе накіравалася ў Опэрны тэатр, дзе Лукашэнка раздаў ляўрэатам прэзыдэнскія прэміі за духоўнае адраджэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG