Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 07 студзеня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Зноў пагоршылася здароўе Васіля Старавойтава, якога ўжо другі месяц судзяць у Кіраўскім судзе. Жонка былога старшыні "Расьсьвету", сустрэўшыся зь зьняволеным напярэдадні Новага Году ў бабруйскім сьледчым ізалятары, гаворыць, што ніколі ня бачыла мужа такім хворым. Кіраўніцтва ізалятара між тым не дазволіла дачцы Старавойтава Тацяне павіншаваць бацьку з Новым Годам.

Як лічыць жонка Старавойтава Валянціна, турэмнае начальства не хацела дапускаць сваякоў да Старавойтава менавіта таму, каб ня стала вядома пра пагаршэньне ягонага здароўя. Васіль Канстанцінавіч ужо ня можа ляжаць на сьпіне, яго ўвесь час б'е кашаль, яму лягчэй толькі калі ён сядзіць ці ходзіць. Але на прагулкі яго ўжо не выводзяць - зрок пагоршыўся, на турэмным двары сьлізка, і Васіль Канстанцінавіч баіцца ўпасьці.

Распавядае Валянціна. Яна даслоўна працытавала словы свайго мужа: "Я адчуваю сябе намнога горш, чым калі-небудзь за час пасьля арышту". Узгадваючы гэтыя словы, Валянціна заўважае, што напярэдадні каталіцкіх Калядаў, на перадапошнім паседжаньні суду абарона Старавойтава заявіла хадайніцтва аб зьмене меры ўтрыманьня, спаслаўшыся якраз на пагаршэньне здароўя падабароннага. Аднак судзьдзя Надзея Чмара гэтае хадайніцтва не задаволіла. Яна прызначыла толькі мэдыцынскую экспэртызу стану здароўя Старавойтава, прычым паводле ейнай пастановы экспэртыза павінна адбыцца ў бабруйскім сьледчым ізалятары ў прамежку паміж 22 сьнежня і 8 студзеня, калі мае аднавіцца працэс.

8 студзеня наступае праз два дні. Які ж вынік экспэртызы стану здароўя Васіля Старавойтава? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся сёньня да кіраўскага судзьдзі Надзеі Чмары, зь якой зьвязаўся па тэлефоне. Надзея Філіпаўна ў адказ заявіла, што вынікаў экспэртызы дагэтуль ня ведае, а не сьпяшаецца даведацца таму, што ў пятніцу праз два дні працэс усё роўна не адновіцца. 8 студзеня абвешчанае выхадным днём, а таму паседжаньне перанесенае на 12-е. "А да таго часу, спадзяюся, вынікі экспэртызы мне будуць вядомыя", - заявіла судзьдзя Чмара.

Мая згадка пра ўражаньні сваякоў аб стане здароўя Старавойтава ня мела выніку. Зьвесткі пра тое, як адчувае сябе цяпер Васіль Старавойтаў, суд, паводле словаў Надзеі Чмары, чэрпае толькі з афіцыйных крыніцаў, і таму інфармацыю сваякоў вязьня прыняць да ведама ня можа. На гэтым нашая размова скончылася. Між тым жонка Васіля Старавойтава Валянціна паведаміла, спаслаўшыся на мужа, што да 31 сьнежня ніводзін турэмны лекар яго не аглядаў. Потым было некалькі дзён сьвятаў, падчас якіх турэмныя лекары адпачывалі - заўважае Валянціна і выказвае ўпэўненасьць, што комплексную экспэртызу здароўя ейнага мужа дагэтуль у бабруйскай турме ніхто не праводзіў. Хутчэй за ўсё на стол судзьдзі пакладуць вынікі ранейшых аглядаў, у якіх Старавойтава ўжо прызнавалі хоць і ня вельмі здаровым, але здольным прысутнічаць на судзе, - заявіла Валянціна Старавойтава.

Нагадаем, што 74-гадовы Васіль Старавойтаў за 14 месяцаў, праведзеных за кратамі, ужо перанёс інсульт, а падчас судовага працэсу двойчы ледзь не губляў прытомнасьць.

XS
SM
MD
LG