Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 студзеня 1999 г.


Сабіна Радзько, Віцебск

У Віцебску зьявіліся арыгінальныя ўлёткі. Яны нагадалі віцяблянам пра выбары. Сваёй формай яны пераймаюць перадвыбарчую ўлётку Аляксандра Лукашэнкі 1994 году, калі ён толькі кандыдаваў у прэзыдэнты.

Перадвыбарчыя абяцаньні прэтэндэнта, якому пашчасьціла стаць прэзыдэнтам, пададзеныя бязь зьменаў. Далей зьмешчаныя некалькі цытатаў Лукашэнкі першых гадоў прэзыдэнцтва. Праўда, выказваньням прэзыдэнта дадзены загаловак: "Час падводзіць вынікі", а ў канцы надрукаваная іранічная падзяка прэзыдэнту за тое, што не падмануў і ўтрымаў жыцьцёвы ўзровень ніжэй калена.

Невядомыя аўтары таксама наракаюць, што з-за адсутнасьці вітамінаў у рацыёне ў іх сапсаваўся зрок, і яны ня бачаць болей сьвятла надзеі ў цёмным тунэлі, а таксама выказваецца ўпэўненасьць у лепшай будучыні - але ўжо без таго, хто ўсьміхаецца з фатаздымкаў з абяцаньнямі пяцігадовай даўнасьці.

Улёткі былі расклееныя па галоўных вуліцах гораду і ў некаторых пад'ездах жылых дамоў - так што ў віцебскіх камунальных службаў зьявілася праца - вышукваць і займацца ліквідацыяй улётак з прэзыдэнцкім партрэтам і абяцаньнямі.

Тым часам вакол лёсу ўвязьненага старшыні Рады "Выбар" Беларускага Народнага Фронту Ўладзімера Плешчанкі працягваецца тузаніна. Пракуратура не пагадзілася з азначэньнем судзьдзі Зоі Гелімбатоўскай, якая накіравала справу на дасьледаваньне, і гэтае азначэньне было апратэставанае. Пратэст будзе разглядацца ў абласным судзе. Калі ён будзе задаволены, то ва Ўладзімера Плешчанкі, які абвінавачваецца ў дэмантажы бюста Аляксандра Суворава, зьявіцца надзея неўзабаве дачакацца разгляду ў судзе й сваёй справы.

Дарэчы, напярэдадні Новага Году Ўладзімер Плешчанка даведаўся, што стаў ляўрэатам прэміі "Хартыі-97" за асабістую мужнасьць. Дыплём быў перададзены сям'і сп. Плешчанкі.

XS
SM
MD
LG