Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 студзеня 1999 г.


Галіна Айзэнштат, Менск

Калі ў Беларусі прэзыдэнцкія выбары яшчэ толькі на парадку дня, дык у Казахстане ўжо ў гэтую нядзелю 10 студзеня яны стануцца рэальнасьцю. Ад Беларусі ў якасьці назіральнікаў на іх накіраваліся дэпутат "савету рэспублікі" Аляксандар Акуліч і старшыня ЦэнтарВыбарКаму Лідзія Ярмошына, якая заявіла, што ўсё карыснае з наяўнага ў Казахстане будзе скарыстана ў беларускім заканадаўстве. Чаму менавіта казахстанскі досьвед зацікавіў Беларусь?

Прэзыдэнцкія выбары ў Казахстане не маглі не прыцягнуць увагі кіраўніцтва Беларусі, у першую чаргу самога Аляксандра Лукашэнкі. Рэч у тым, што менавіта прэзыдэнт Казахстану стаў у свой час ініцыятарам правядзеньня рэфэрэндуму дзеля працягу яго прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў на два гады - да 2000 году - без правядзеньня выбараў.

І вось раптоўна, як быццам бы на патрабаваньне вышэйшага заканадаўчага воргану краіны, Назарбаеў у канцы 1998 году абвяшчае прэзыдэнцкія выбары. За тыя тры месяцы, што да іх заставаліся, ніхто зь іншых палітыкаў, якія вырашылі паспаборнічаць з Назарбаевым, ня здолелі па-сапраўднаму разгарнуць сваю прэзыдэнцкую кампанію. Не хапіла ні часу, ні сродкаў. А аднаго з галоўных канкурэнтаў - былога прэм'ера краіны - проста не дапусьцілі да ўдзелу ў выбарчай кампаніі, абвінаваціўшы ў несанкцыянаваным правядзеньні сходу сваіх аднадумцаў.

Сытуацыя ў Беларусі вельмі нагадвае казахстанскую. Праўда, Аляксандар Лукашэнка не праводзіў рэфэрэндум дзеля працягу сваіх паўнамоцтваў, а зрабіў гэта сам, палічыўшы, што законнай падставай дзеля гэтага зьяўляецца прыняцьце ў лістападзе 1996 году новага тэксту канстытуцыі. І гэтае свавольства можа дорага абыйсьціся Лукашэнку, зрабіўшы праз паўгода яго ўладу нелегітымнай. Вось ужо і былы прэм'ер Беларусі Міхаіл Чыгір заяўляе, што прэзыдэнцкія выбары павінны адбыцца паводле Канстытуцыі 1994 году і што ён мае намер у іх удзельнічаць.

Улады робяць усё, каб апазыцыя ня ўдзельнічала ў выбарах любога ўзроўню. У законе аб выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў на прапанову Аляксандра Лукашэнкі ўжо зьявілася палажэньне, згодна зь якім у іх ня маюць права ўдзельнічаць тыя, на каго накладзенае адміністрацыйнае спагнаньне. А гэта галоўным чынам прадстаўнікі апазыцыі.

Закон аб выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў - першая частка выбарчага кодэксу краіны, які цяпер дапрацоўваецца ў заканадаўчым цэнтры пры адміністрацыі прэзыдэнта. У ім павінны быць закладзеныя такія нормы, якія б забясьпечылі выбар у парлямэнт пажаданых уладзе асобаў, каб прэзыдэнтам пры гэтым застаўся Лукашэнка. Адным словам - каб усё адбылося і засталося як у Казахстане. Вось і накіравалася туды старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Паводле яе словаў, яна будзе самым глыбокім чынам вывучаць заканадаўства гэтай краіны і ўсё, што цікавага й карыснага знойдзе там, будзе выкарыстана ў заканадаўстве Беларусі.

Можна меркаваць, што ўбачыўшы, што аб'яднаньне з Расеяй ідзе ня так, як ён хоча, і не прынясе яму тых палітычных дывідэндаў, на якія ён разьлічвае, Лукашэнка таксама нечакана абвесьціць прэзыдэнцкія выбары, каб скончыць размовы пра сваю нелегітымнасьць. Цікава аднак, што на ўзбраеньне беларускія ўлады бяруць не расейскі досьвед правядзеньня выбарчай кампаніі, што было б лягічна, улічваючы цесную інтэграцыйную сувязь дзьвюх краінаў, а менавіта казахстанскі. Хоць на пачатку мінулага году Лідзія Ярмошына езьдзіла ў Маскву, каб вывучыць досьвед працы ЦВК Расеі, і там нават запрапанавалі дапамагчы Беларусі ва ўкараненьні адзінай інфармацыйнай сыстэмы "Выбары", якая ахоплівае ўвесь спэктар выбарчых дзеяньняў на ўсіх яго этапах, а ня толькі ў дзень галасаваньня. Яна ў прыватнасьці дае магчымасьць падаваць выбаршчыкам дадзеныя пра тое, як фармаваліся выбарчыя фонды кандыдатаў, за кошт якіх ахвяраваньняў. Няма сумневу, што такі досьвед беларускім уладам патрэбны менш за ўсё.

XS
SM
MD
LG