Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 студзеня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Што думаюць пра ўчорашнюю заяву пракуратуры прадстаўнікі апазыцыі? Практычна ўсе апытаныя назвалі матывам зьяўленьня заявы жаданьне запалохаць палітычных апанэнтаў. Пастанова правесьці паседжаньне Вярхоўнага Савету і рашэньне аб правядзеньні Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў застаюцца нязьменныя.

Сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня Сямён Шарэцкі ў інтэрвію нашаму радыё заявіў, што рашэньне аб правядзеньні паседжаньня Вярхоўнага Савету, дзе плянуецца абвесьціць дату прэзыдэнцкіх выбараў, застаецца нязьменнае.

(Шарэцкі:) "Канстытуцыя патрабуе выбараў прэзыдэнта, і Вярхоўны Савет як заканадаўчы ворган павінен прызначыць гэтыя выбары, і ён гэта зробіць - нягледзячы на ніякія там пракуратуры, якія працягваюць парушаць закон".

(Карманаў:) А калі можна чакаць паседжаньня Вярхоўнага Савету?

(Шарэцкі:) "Ну, мы ўжо надрукавалі - 10-га".

(Карманаў:) Яно адбудзецца ў абвешчаны тэрмін?

(Шарэцкі:) "У абвешчаны тэрмін. Як старшыня Вярхоўнага Савету я павінен правесьці паседжаньне Вярхоўнага Савету і прызначыць выбары".

(Карманаў:) Сямён Георгіевіч, ці мяркуеце Вы, што зьяўленьне гэтай заявы пракуратуры сьведчыць пра пэўную нэрвовасьць, якая зьявілася ў адміністрацыі прэзыдэнта?

(Шарэцкі:) "Я толькі думаю аб адным: у нашай дзяржаве павінна выконвацца Канстытуцыя. Людзі галасавалі за Аляксандра Лукашэнку як прэзыдэнта на пяць гадоў, і нельга ніякімі рэфэрэндумамі падмяніць права людзей абіраць прэзыдэнта. Такі выпадак быў толькі адзін у сьвеце - калі Гітлер замяняў прамое галасаваньне людзей нейкімі рэфэрэндумамі. Дык мы што - хочам паўтарыць усё гэта?"

Сямён Шарэцкі выказаў параду Генэральнай пракуратуры спачатку даць адказ на ягоныя запыты - а іх было каля тысячы - адносна парушэньняў Канстытуцыі падчас "рэфэрэндуму" 1996 году, а ўжо потым рабіць заявы адносна дзеяньняў, якія яшчэ ня зьдзейсьненыя.

Намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту Юры Хадыка заявіў нашаму радыё, што хутчэй за ўсё заява пракуратуры сапраўды скончыцца арыштамі й судовымі працэсамі над ініцыятарамі Кангрэсу і прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта ўкладаецца ў лёгіку цяперашняй палітычнай сытуацыі, заявіў сп. Хадыка. Ён паведаміў, што Беларускі Народны Фронт падтрымвае легітымны заканадаўчы ворган - Вярхоўны Савет Беларусі ХІІІ скліканьня - а значыць і рашэньне гэтага воргану аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў. Разам з тым сп. Хадыка паведаміў, што наконт удзелу БНФ у Кангрэсе Дэмакратычных Сілаў у кіраўніцтве Фронту ўзьніклі рознагалосьсі. Але, як лічыць намесьнік старшыні Юры Хадыка, БНФ хутчэй за ўсё возьме ўдзел у працы Кангрэсу.

Прэвэнтыўныя захады афіцыйных уладаў дзеля недапушчэньня прэзыдэнцкіх выбараў, натуральна, павінны ў першую чаргу непакоіць патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцкую пасаду. Адным зь іх ужо абвешчаны экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір, які заявіў нашаму радыё:

(Чыгір:) "Гэта добрая рэакцыя ўладаў. Яны, мабыць, разумеюць, што Вярхоўны Савет прыме такое рашэньне. Яны спрабуюць запалохаць людзей, якія павінны прыняць такое рашэньне, але ж я ўпэўнены ў тым, што ім ня ўдасца запалохаць людзей, якія павінны прымаць такое рашэньне. Мабыць будуць цэбры гразі вылітыя на тых людзей, якія ўсё-ж такі прымуць такое рашэньне, ня больш таго. Аб гэтым рашэньні ведаюць амбасады замежных дзяржаваў, аб гэтым рашэньні ведаюць шмат якія палітыкі ў Расеі. І ведаеце, мне здаецца, што на палітыкаў, зь якімі мне ўдалося сёньня пагаварыць, гэтае папярэджаньне ніяк не падзейнічала".

Міхаіл Чыгір адзначыў, што заява пракуратуры стала першым крокам афіцыйных уладаў, якія да апошняга часу "трымалі паўзу" і ніяк не рэагавалі на ініцыятывы апазыцыі. Разам з тым, факт зьяўленьня заявы засьведчыў, што цяперашні беларускі лідэр за апошнія два гады як мінімум адчуў небясьпеку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG