Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 студзеня 1999 г.


Дзяржаўны Камітэт па Друку Беларусі апратэставаў рашэньне Вышэйшага Гаспадарчага Суду, вынесенае паводле зыску рэдакцыі газэты «Наша Ніва». Старшыня Дзяржкамдруку Міхаіл Падгайны лічыць, што суд прыняў рашэньне на карысьць газэты бяз поўнага і аб'ектыўнага вывучэньня акалічнасьцяў справы.

Нагадаем, што ведамства Міхаіла Падгайнага вынесла «Нашай Ніве» папярэджаньне на падставе 6-га артыкулу Закону аб друку, які прадугледжвае адказнасьць за парушэньне «агульнапрынятых нормаў» беларускай мовы. Дзяржкамдрукаўскія чыноўнікі лічаць, што выкарыстаньне газэтай дарэформавага беларускага правапісу – тарашкевіцы – зьяўляецца парушэньнем закону.

Паколькі другое такое папярэджаньне аўтаматычна прывяло б да закрыцьця выданьня, галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Сяргей Дубавец сам падаў у Вышэйшы Гаспадарчы Суд зыск супраць Дзяржкамдруку.

Судовы разбор цягнуўся больш за чатыры месяцы, і 22 сьнежня судзьдзя Ірына Петухова прыняла рашэньне, зь якога вынікае, што выкарыстаньне правапісу Тарашкевіча ня можа лічыцца парушэньнем артыкулу Закону аб друку, а папярэджаньне, вынесенае газэце, падлягае адмене. Суд у сваёй пастанове фактычна пацьвердзіў заключэньне мовазнаўчай экспэртызы Акадэміі Навук Беларусі. Сябры экспэртнай камісіі лічаць, што такога паняцьця, як «агульнапрынятыя нормы мовы» наогул не йснуе.

Натуральна, што Дзяржкамдрук ня мог пагадзіцца з такім судовым рашэньнем. Так, у заяве на ймя старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суду Ўладзімера Буйкі, Міхаіл Падгайны сьцьвярджае, што суд падыйшоў да разгляду гэтай справы аднабакова і неаб'ектыўна. Маўляў, агульнапрынятыя нормы беларускай мовы йснуюць і зацьверджаныя ў некалькіх акадэмічных слоўніках. У прыватнасьці Падгайны адзначае, што цяпер абавязковымі для выкарыстаньня зьяўляюцца нормы беларускага правапісу, замацаваныя ў кнізе «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (Менск, 1959).

Далей шэф Дзяржкамдруку выказвае сваё абурэньне тым, што судзьдзя Петухова вынесла рашэньне нават не дачакаўшыся афіцыйных тлумачэньняў 6-га артыкулу Закону аб друку з прэзыдэнтавай «палаты прадстаўнікоў». Кіраўнік Дзяржкамітэту піша, што неаб'ектыўная пастанова суду зрабіла немагчымым далейшае прымяненьне 6-га пункту Закону аб друку.

Падгайны просіць Вышэйшы Гаспадарчы Суд дачакацца афіцыйнага тлумачэньня закону з боку «палаты прадстаўнікоў» і перагледзець раней прынятае рашэньне.

Альгерд Невяроўскі, Менск

XS
SM
MD
LG