Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 студзеня 1999 г.


Як зьмянілася моўная сытуацыя ў краіне за мінулы 1998 год? Экспрэс-аналіз намесьніка старшыні Таварыства Беларускай Мовы, вядомага гісторыка Алега Трусава.

(Трусаў:) «Назіраюцца дзьве тэндэнцыі. З аднаго боку, за гэты год урад зрабіў усё магчымае й немагчымае, каб зьнішчыць беларускае школьніцтва. Так, напрыклад, у гэтым навучальным годзе ўжо няма ніводнай беларускай клясы ў Пінску, Магілеве, а колькасьць першаклясьнікаў у Менску скарацілася да 4,5%. Адзіны горад, які яшчэ трымаецца моцна – гэта Ліда, дзе прыкладна 50% усіх вучняў вучыцца па-беларуску.

З другога боку, сярод насельніцтва, асабліва моладзі і дзяцей старэйшых клясаў, шырыцца супраціў татальнай русыфікацыі. За гэты час толькі ў Таварыстве Беларускай Мовы ўзьнікла за лета-восень 15 новых раённых арганізацыяў. Упершыню адрадзіліся суполкі ТБМ на буйнейшых беларускіх заводах. Так, напрыклад, мы ўжо маем больш за 50 сяброў у Жлобіне на Беларускім Мэталюргічным Заводзе, 35-40 сяброў цяпер мае суполка Трактарнага Заводу. Прытым гэта менавіта рабочыя людзі, якія самі прыйшлі да нас і самі стварылі гэтыя структуры.

Трэба адзначыць, што вельмі актыўна працуе наша газэта. Нягледзячы на адсутнасьць фінансаваньня, «Наша Слова» мае цяпер каля 1800 падпісчыкаў, што значна больш, чым іншыя незалежныя выданьні. Яна ні разу не сарвала свой выхад, выходзіць штотыднёва, і цяпер у Менску, напрыклад, яе нават цяжка набыць. Гэта яшчэ раз гаворыць пра тое, што цікавасьць ёсьць, і вялікая.

Яшчэ адна вельмі важная тэндэнцыя – упершыню змагары за мову выйшлі на вуліцы і ўлучыліся ў палітычнае змаганьне за сваю мову. ТБМ толькі за гэты год наладзіў два мітынгі – у цэнтры Менску на плошчы Якуба Коласа – і больш за 15 пікетаў. Гэта толькі ў Менску. Пэўныя акцыі праводзіліся і ў іншых вялікіх беларускіх гарадах».

(Аксак:) Тут дарэчы будзе згадаць, што правядзеньне мітынгу ТБМ у Менску 31 жніўня, напярэдадні новага навучальнага году, уладу забаранілі, небеспадстаўна баючыся гэтай масавай акцыі, бо добра разумеюць злачыннасьць сваіх антыбеларускіх дзяеньняў. Чым яшчэ, сп. Трусаў, запомніўся мінулы год актывістам беларускай мовы?

(Трусаў:) «Яшчэ адна тэндэнцыя – «Наша Ніва» выйграла суд над лукашэнкаўскімі прадстаўнікамі. Гэта таксама вельмі важна – ва ўмовах таталітарызму прыхільнікі беларушчыны першыя пайшлі ў наступ і выйгралі гэты суд.

Яшчэ адна цікавая сытуацыя – усё больш і больш прадстаўнікоў апазыцыі, тых, хто яшчэ год таму размаўляў па-расейску, трывала перайшлі на беларускую мову. У якасьці прыкладу можна прывесьці Нісьцюка, які яшчэ некалькі гадоў таму выступаў і супраць сымболікі, і супраць іншых нацыянальных фактараў. Усе тры сьпікеры выступаюць толькі па-беларуску, пачынаючы ад Шушкевіча й канчаючы Шарэцкім і Грыбам, гэта таксама знамянальна. Ну а прэтэндэнт на прэзыдэнцкае крэсла сп. Чыгір пачынаў сваю дзейнасьць зь беларускай мовы.

Гэта гаворыць пра тое, што спружына, якую лукашэнкаўскія ўлады накручваюць, хутка зламаецца. І нягледзячы на тое, што фармальна колькасьць беларушчыны рэзка зьменшылася, фактычна яна павялічылася, таму што сёньня мы ўжо маем цэлыя маладзёвыя асяродкі, якія размаўляюць па-беларуску нязмушана, гэта іх родная мова.

Яшчэ такі факт падам. Вучаніца 9-й клясы адной зь менскіх школаў Маша Заяц напісала цудоўную малітву за беларускую мову, якую перадрукавалі ўсе прагрэсіўныя газэты Беларусі. Гэта дзяўчынка з простай рабочай сям'і з Заводзкага раёну.

Яшчэ адзін факт: у ТБМ масава пайшлі прадпрымальнікі, людзі, якія прадстаўляюць сярэднюю клясу. Яны пачалі дапамагаць нам фінансава, даюць нам бясплатна транспарт, аўдыё- і відэатэхніку. Значыць, ужо і ў прадпрымальнікаў зьявілася разуменьне, што бяз мовы яны – ніхто.

Такім чынам, вось і другая тэндэнцыя – у самім народзе павага да беларускай мовы рэзка павялічылася. Пра гэта сьведчыць і тое, што ўлады пачалі перасьледаваць як цэлую нашу арганізацыю, так і паасобных людзей. А перасьлед гэты зьяўляецца толькі тады, калі мы нечага вартыя.

Ну й мы вельмі радыя, што наш кіраўнік, вядомы паэт Генадзь Бураўкін дамогся сустрэчы з прэзыдэнтам і публічна запатрабаваў адстаўкі галоўнага ворага беларушчыны – таварышча Замяталіна, і гэта мусілі надрукаваць усе газэты. Такім чынам мы паказалі сваю пазыцыю й на сусьветным узроўні – што прэзыдэнт мусіў усё ж такі прыняць кіраўніка, прэзыдэнт мусіў заявіць публічна, што тая мова, на якой размаўляе большасьць яго прыхільнікаў – гэта не расейская мова, што гэта трасянка і што яе трэба захаваць як рэлікт. Гэта таксама важна – што ўсе гульні ў так званую расейскую мову прапалі, і прэзыдэнт прызнаў, што тая мова, на якой ён размаўляе з сваім асяродзьдзем, да літаратурнай расейскай мовы ня мае ніякага дачыненьня».

(Аксак:) Ну, і мне здаецца, што адной з падзеяў у жыцьці Таварыства Беларускай Мовы сталася высяленьне, а потым зноў вяртаньне сакратарыяту ТБМ у сваю сядзібу. Гэта таксама паказальны працэс.

(Трусаў:) «Так. І мы вельмі ўдзячныя ўсім незалежным журналістам, якія апісалі той ганебны факт, як нас выкідалі на вуліцу, вывозілі трактарамі нашы кнігі, нашы пажыткі. Але мы не зьмірыліся. Мы правялі вялікае змаганьне і можам сказаць, што гэтымі днямі мы канчаткова выйгралі гэтую справу – мы вярнуліся ў сядзібу. Гэтымі днямі адбылося паседжаньне камісіі Партызанскага раёну, нам нарэшце далі льготы, як любой іншай грамадзкай арганізацыі – значна паменшылі плату за памяшканьне і далі дазвол арэндаваць памяшканьне яшчэ тры гады.

Па-другое, мы выплацілі ўсе даўгі – 250 мільёнаў – і цяпер мы дзяржаве нічога ня вінныя. Дарэчы, у гэтай сядзібе мы цяпер пасялілі й нашу структуру – Народны Ўнівэрсытэт, створаны Беларускай Пэрспэктывай».

На пытаньні Валянціны Аксак пра дынаміку моўнай сытуацыі ў краіне ў мінулым годзе адказваў намесьнік старшыні Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў

XS
SM
MD
LG