Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 04 студзеня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Пэрспэктывы выбараў у Беларусі ў 1999 годзе. Камэнтар Юрыя Дракахруста.

Напярэдадні Новага Году прэзыдэнт выдаў указ аб правядзеньні мясцовых выбараў. Яны прызначаныя на 4 красавіка. Нібыта знарок улады робяць усё, каб вынікі гэтых выбараў не былі прызнаныя сусьветнай супольнасьцю.

У апошні момант на загад прэзыдэнта ў Закон аб мясцовых выбарах была ўнесеная антыканстытуцыйная папраўка, якая запальвае чырвонае сьвятло для вылучэньня ў кандыдаты шматлікіх актывістаў апазыцыі, якія былі адміністрацыйна пакараныя за ўдзел у масавых акцыях пратэсту.

Далей – болей. На мінулым тыдні кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Міхаіл Мясьніковіч праводзіў зь мясцовымі кіраўнікамі нараду, прысьвечаную выбарам, і публічна даў ім устаноўку: працоўныя калектывы не павінны вылучаць у дэпутаты асобаў, якія маюць, як было сказана, «дэструктыўны настрой».

Гэта сьведчыць аб тым, што ўлада мае намер кантраляваць працэс выбараў на ўсіх этапах – ад прыняцьця адпаведнага закону да падліку галасоў. Але галоўная асаблівасьць палягае ў тым, што цяпер гэты намер і не хаваюць. Улады нібыта абвяшчаюць краіне й сьвету, што выбары ня будуць свабодныя. А непазьбежным вынікам гэтага будзе непрызнаньне сьветам вынікаў гэтых выбараў.

Зразумела, ад непрызнаньня вынікаў выбараў у мясцовыя саветы беларуская ўлада не памрэ. Яна ўжо трэці год жыве з квазіпарлямэнтам, які прызнае бадай што адна Расея. Але падыход Лукашэнкі да мясцовых выбараў хутчэй за ўсё сьведчыць аб тым, што праводзіць прэзыдэнцкія выбары ў чэрвені сёлета ён ня мае намеру. Для іх падрыхтоўкі ўжо не застаецца часу. Летась «палата прадстаўнікоў» прыняла законы аб рэфэрэндуме і аб мясцовых выбарах, нават не крануўшы законы аб выбарах прэзыдэнта й «палаты прадстаўнікоў». Калі б Лукашэнка хацеў правесьці выбары прэзыдэнта пасьля сканчэньня тэрміну ягоных легітымных паўнамоцтваў, ён безумоўна падштурхнуў бы «палату» да прыняцьця новага адпаведнага закону.

Шмат аналітыкаў выказвалі меркаваньне, што ў 1999 годзе Лукашэнка будзе вымушаны правесьці выбары ў прэзыдэнты. На карысьць гэтага прагнозу прыводзіліся дастаткова сур'ёзныя аргумэнты. Адсюль вынікае, што ў прэзыдэнта ёсьць яшчэ больш сур'ёзныя матывы, каб іх не праводзіць.

Перш-наперш гэта ягоная «канстытуцыя», паводле якой яму правіць яшчэ два гады. Але гэта, магчыма, не галоўнае. Паводзіны ўлады ў дачыненьні да мясцовых выбараў дэманструюць, якім чынам яна мае намер праводзіць выбары наогул. Дык навошта тады ў 1999 годзе абцяжарваць сябе прэзыдэнцкімі выбарамі, калі іх вынікі ня будуць прызнаныя сьветам? Лукашэнку ня будуць прызнаваць легітымным кіраўніком Беларусі і калі ён правядзе сфальсыфікаваныя выбары, і калі ня будзе праводзіць іх наогул. Апошняе, зразумела, лягчэй.

Да таго ж, у апошнія месяцы жыцьцё беларусаў значна пагоршылася. У адпаведнасьці з вынікамі апытаньняў сацыялягічнай лябараторыі НОВАК, зь лета 1998 году рэйтынг Лукашэнкі зьнізіўся на 10%. Можна спрачацца – ажно на 10% ці ўсяго на 10% – цяпер рэйтынг усё ж такі вагаецца каля 40%, што вельмі шмат. Але ў любым выпадку такі стан справаў павялічвае рызыку паразы.

Але ёсьць для Лукашэнкі й іншыя рызыкі. Хай ён нават перамог бы ў выбарах у 1999 годзе, калі б яны былі. Але ягоны апанэнт мог бы стаць цэнтрам кансалідацыі ўсіх незадаволеных, усіх антылукашэнкаўцаў Беларусі. Ня ў тым праблема Беларусі, што ў Лукашэнкі надта вялікі рэйтынг, а ў тым, што ў ягоных апанэнтаў ён амаль нулявы. Нават тыя, хто супраць прэзыдэнта, у масе сваёй не давяраюць расколатай апазыцыі. Таму, дарэчы, звонку й падаецца часам, што амаль усе за Лукашэнку, і толькі невялічкая купка супраць.

На самай справе тых, хто супраць, ня так ужо й мала. І прэзыдэнцкія выбары маглі б стаць штуршком да іх аб'яднаньня, і гэтага прэзыдэнт баіцца больш, чым сваёй паразы.

Ну і ў рэшце рэшт – у канцы мінулага году стала зразумела, што на пагрозу страты легітымнасьці Лукашэнка адказвае «ракіровачкай» у бок Масквы. Узьнікаюць новыя пасады, мяняецца аб'ём паўнамоцтваў цяперашніх.

На мінулым тыдні кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Міхаіл Мясьніковіч тлумачыў, што адзінай саюзнай дзяржаве спатрэбяцца і парлямэнт, і ўрад, і прэзыдэнт. Лукашэнка зможа прэтэндаваць і на гэтую пасаду, і на пасаду прэзыдэнта Расеі.

У Дзярждуме Расеі зноў гучаць галасы спалучыць выбары ў саюзны парлямэнт з выбарамі ў Дзярждуму, гэта значыць, правесьці іх у канцы 1999 году. А пасьля гэтага, магчыма, прыйдзе час абраньня агульнага прэзыдэнта.

На працягу ўсіх гэтых гульняў для Захаду адзіным увасабленьнем сувэрэнітэту Беларусі будзе, як ні дзіўна, галоўны нелегітымны інтэгратар Лукашэнка. На гэта, ва ўсялякім выпадку, будзе рабіцца разьлік. Падаецца, што тэма прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 1999 годзе можа стаць зноў актуальнай толькі ў адным выпадку – калі пляны стварэньня адзінай дзяржавы ляснуцца, як гэта ўжо неаднойчы было.

XS
SM
MD
LG