Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 студзеня 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Згодна з прэзыдэнцкім указам, міністар замежных справаў Беларусі Урал Латыпаў прызначаны намесьнікам старшыні Савету Міністраў з захаваньнем сваёй пасады. Пры гэтым у новым міністэрстве, утвораным замест ранейшых трох, прадугледжаныя пасады васьмі намесьнікаў.

Прызначэньне памочніка прэзыдэнта Беларусі Латыпава міністрам замежных справаў замест Антановіча адбылося амаль месяц таму. У прэзыдэнцкім указе паведамлялася, што да 1 студзеня 1999 году урадам павінна быць распрацаваная схема зьліцьця МЗС зь Міністэрствам Зьнешнеэканамічных Сувязяў і Міністэрствам Справаў СНГ.

2 студзеня Латыпаў паведаміў у інтэрвію Беларускай тэлевізіі, што Лукашэнка зацьвердзіў новую структуру Міністэрства Замежных Справаў. Міністар заявіў пры гэтым, што галоўнае — «апэратыўна й хутка гэтую структуру зрабіць працуючай, гэта значыць, правесьці неабходныя ключавыя прызначэньні, паколькі кожны дзень трэба вырашаць канкрэтныя апэратыўныя пытаньні, перш за ўсё – у зьнешняй эканамічнай сфэры».

Паводле прэзыдэнцкага ўказу, поўны тэкст якога дагэтуль не апублікаваны, на новае міністэрства ўскладаецца каардынацыя зьнешнепалітычнай дзейнасьці рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіраваньня, а міністар замежных справаў адначасова зьяўляецца віцэ-прэм'ерам. Фактычна гэта азначае, што кіраўнік новага міністэрства атрымвае паўнамоцтвы й функцыі свайго роду віцэ-канцлера дзяржавы.

У службе інфармацыі абноўленага Міністэрства Замежных Справаў адмовіліся паведаміць падрабязнасьці адносна пабудовы ды структураў гэтага супэрміністэрства. Чакалася, што на працягу дня зьявіцца афіцыйнае паведамленьне для прэсы, аднак на момант перадачы гэтага матэрыялу (каля 16.00 паводле менскага часу) ніякіх паведамленьняў не было.

Між тым, паводле папярэдніх зьвестак, аб'яднаньне міністэрстваў адбылося шляхам звычайнага мэханічнага зьліцьця. Сур'ёзных скарачэньняў апарату не прадбачыцца, хутчэй наадварот. Напрыклад, прадугледжаныя пасады 6 намесьнікаў міністра і яшчэ 2 першых намесьнікаў.

Якімі б ні былі наступствы рэарганізацыі, першымі іх адчулі журналісты. Акрэдытацыя карэспандэнтаў замежных СМІ пры МЗС, паводле пастановы ўраду, уведзеная яшчэ паўтары гады таму, цяпер часова прыпыненая. Як паведамілі ў службе інфармацыі міністэрства, паколькі цяпер пераглядаецца парадак акрэдытацыі, журналістам выдаюцца часовыя пасьведчаньні тэрмінам на 2 месяцы. Ці зьменіцца парадак акрэдытацыі ў бок ейнага спрашчэньня – ніхто ня ведае.

Між тым, Урал Латыпаў яшчэ на першым брыфінгу на новай сваёй пасадзе заявіў, што МЗС будзе імкнуцца падтрымваць добразычлівыя стасункі з прэсай. Пазьней ён паўтарыў гэта і на прыёме для прэсы ў МЗС з нагоды Новага Году. Міністар зазначыў таксама, што ён будзе імкнуцца працягваць традыцыі аднаго з сваіх папярэднікаў – Уладзімера Сянько. Вядома, што пры Антановічы былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС карэспандэнты расейскіх тэлекампаніяў: спачатку Ступнікаў, а пасьля Шарамет і Завадзкі. З другога боку, хоць пры Сянько падобных інцыдэнтаў не было, Міністэрства Замежных Справаў, як і ягоныя супрацоўнікі ўсіх рангаў, не вызначаліся празьмернай адкрытасьцю.

XS
SM
MD
LG