Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сьнежня 1998 г.


Навагодні зварот да народу Беларусі Сямёна Шарэцкага, старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня

Паважаныя суайчыньнікі!

Уваходзіць у гісторыю яшчэ адзін, 1998 год. На жаль, ён быў нялёгкі для беларускага народу. Рэспубліка яшчэ больш глыбока пагрузілася ў крызыс, які ахапіў усе бакі нашага жыцьця: сацыяльна-эканамічны, палітычны й маральны. Працягвала разбурацца вытворчасьць, асабліва сельская гаспадарка. У людзей значна скараціліся рэальныя заробкі і пэнсіі. Пагоршылася становішча з магчымасьцю набыць лекі, а тым больш скарыстацца санаторна-курортным лячэньнем. І, як вынік, – насельніцтва Рэспублікі Беларусь яшчэ больш зьбяднела. Сьмяротнасьць людзей засталася высокая, што прывяло да далейшага зьмяншэньня колькасьці жыхароў краіны. Для беларускага грамадзтва 1998 год быў годам далейшага ўціску на беларускую культуру й мову, паглыбленьня інфармацыйнай ізаляцыі, нагнятаньня маральнай напружанасьці, новых рэпрэсіяў супраць іншадумства, павелічэньня колькасьці выпадкаў парушэньня правоў і свабодаў чалавека.

У прайшоўшым годзе лукашэнкаўскі рэжым набыў яшчэ больш рысаў ваенна-акупацыйнага рэжыму ў адносінах да беларускага народу. Замест канстытуцыйных дзяржаўных ворганаў усім жыцьцём краіны пачаў кіраваць штаб, што, па сутнасьці, азначае ўвядзеньне ў краіне мяккага варыянту надзвычайнага становішча, які ў любы момант можа перайсьці ў жорсткі.

Створаны Лукашэнкам рэжым стаў сёньня тым месцам, дзе знаходзіць сабе падтрымку скампрамэтаваная былая намэнклятура, якая ў сваіх карысных мэтах аказвае паслугі гэтаму антынароднаму і амаральнаму рэжыму.

Прайшоўшы год паказаў, што Лукашэнка й ягоныя паплечнікі не хаваюць ужо сваіх намераў атрымаць у свае рукі ядзерную зброю і шукаюць для гэтага шляхі праз аб'яднаньне Беларусі й Расеі ў адну дзяржаву на чале з Лукашэнкам. Усё гэта з аднаго боку сьведчыць аб тым, што створаны Лукашэнкам рэжым ня бачыць выхаду з таго тупіку, у які ён завёў Беларусь і яе народ. Па апошніх падзеях бачна, што самога Лукашэнку па-ранейшаму цікавіць пасада прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі, да якой у гэтых мэтах ён хоча далучыць і Беларусь. Аб якім аб'яднаньні з Расеяй сёньня можа йсьці гаворка? Паводле словаў саміх расейскіх дэпутатаў і юрыстаў, гэтай краінай кіруюць крымінал і бандыты. Там кожны дзень ліецца кроў. З другога боку, падзеі 1998 году больш выразна паказалі й тую небясьпеку, якую нясе ў сабе рэжым Лукашэнкі для суседніх і больш далёкіх краінаў.

У той жа час зьявіўся рэальны шанец пазбавіцца канстытуцыйным шляхам ад гэтага варожага дыктатарскага рэжыму, які стварыў у Беларусі Лукашэнка. Справа ў тым, што тэрмін яго прэзыдэнцтва завяршаецца 20 ліпеня 1999 году. І таму абраным народам і прызнаным міжнароднай супольнасьцю (за выключэньнем некаторых расейскіх палітыкаў) адзіным легітымным, вышэйшым прадстаўнічым і заканадаўчым ворганам улады ў нашай краіне зьяўляецца Вярхоўны Савет.

Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ужо ў пачатку будучага году прызначыць выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь не пазьней за 20 траўня, як таго й патрабуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь спадзяецца на падтрымку сваіх рашэньняў большасьцю беларускага народу і міжнароднымі арганізацыямі, кіраўнікамі й парлямэнтамі дэмакратычных краінаў сьвету. Трэба памятаць, што дыктатарскі рэжым можна перамагчы толькі аб'яднанымі намаганьнямі самога беларускага народу; у яго для гэтага павінна хапіць сілы й мужнасьці, і міжнароднай супольнасьці, якая павінна адчуць небясьпеку лукашэнкаўскага рэжыму для ўсяго сьвету і зрабіць адпаведныя крокі, каб пазбавіцца ад яго.

Веру, што гэта так і будзе. Новы 1999 год павінен стаць для Беларусі годам прэзыдэнцкіх выбараў і пачаткам сацыяльна-эканамічных рэформаў на карысьць народу. Годам усталяваньня палітычнай стабільнасьці і аздараўленьня маральнага клімату грамадзтва, карэнных зьменаў у зьнешняй палітыцы і наладжваньня прыязных і ўзаемавыгодных дачыненьняў з усімі краінамі. Незалежная Беларусь павінна стаць утульным домам для ўсіх яе жыхароў, якіх бы нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў яны ні былі.

Шаноўныя суайчыньнікі! Віншую Вас з Новым 1999 годам. Жадаю кожнай сям'і Рэспублікі Беларусь моцнага здароўя, чалавечага шчасьця й дабрабыту. Няхай у Новым 1999 годзе зьдзейсьняцца ўсе вашы надзеі й мары.

Сямён Шарэцкі,
старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня

XS
SM
MD
LG