Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 1998 г.


Галіна Айзэнштат, Менск

Адстаўкі высокапастаўленых чыноўнікаў, асабліва ў такой невялікай краіне як Беларусь, амаль заўсёды носяць знакавы характар. Таму мы вырашылі вярнуцца да самых гучных адставак 1998 году і паглядзець на іх у кантэксьце падзеяў, якія адбываюцца ў Беларусі сёньня.

Больш за месяц таму ў адстаўку былі адначасна адпраўленыя шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў. Напрыклад, старшыня Камітэту статыстыкі й аналізу ці міністар замежных справаў – у сувязі з выхадам на пэнсію.

Фармальнай прычынай для адпраўкі ў адстаўку Антановіча сталася зьліцьцё трох міністэрстваў – замежных справаў, зьнешнеэканамічнай дзейнасьці і справаў СНГ – у адно. Аднак мала хто ведае, што і Іван Антановіч, так сказаўшы, даўно замахваўся на Міністэрства Зьнешнеэканамічных Сувязяў, дамагаючыся аб'яднаньня і абяцаючы палепшыць паказчыкі зьнешняга гандлю Беларусі. І на адным з пасяджэньняў Савету Міністраў Аляксандар Лукашэнка, зноў пачуўшы такое абяцаньне Антановіча, заўважыў, што калі той не стрымае слова – у канцы году будзе несьці адказнасьць.

Аб'яднаньне міністэрстваў адбылося, але без Антановіча. Лукашэнка заўсёды надаваў вялікае значэньне таму, наколькі псыхалягічна блізкія беларускі й расейскі міністры замежных справаў. Козыраў – Сянько, Прымакоў – Антановіч, цяпер Іваноў – Латыпаў. Ён і тры міністэрствы аб'яднаў на расейскі ўзор.

Што тычыцца далейшага лёсу Антановіча – усё залежыць ад таго, ці ведаў Лукашэнка, што ў былога міністра расейскае грамадзянства. Калі ведаў – кудысьці прызначыць, і нават, як абяцаў, у сваю каманду. Калі не – не прызначыць, бо факт утоенага грамадзянства сьведчыць пра глыбокі недавер Антановіча да Лукашэнкі, чыю палітыку на словах ён так апантана абараняў.

Што да былога міністра зьнешнеэканамічных сувязяў Міхаіла Марыніча, дык яго, як быццам, мяркуюць накіраваць паслом у Латвію. Гэта сьціплы і даволі сумленны чалавек, які шчыра хацеў служыць справе, але ва ўмовах Беларусі, калі ўсё вырашае прэзыдэнт, гэта немагчыма. Некалі, яшчэ ў часы СССР, Марыніча накіравалі працаваць гандлёвым прадстаўніком у савецкую амбасаду ў Канадзе. Ужо й дакумэнты адпаведныя былі ў яго на руках. Аднак беларускае кіраўніцтва настаяла, каб Марыніч узначаліў Менскі гарсавет. Пасьля ён быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня, а потым стаўся міністрам.

Пасольскую пасаду атрымаў яшчэ адзін высокапастаўлены чыноўнік, былы віцэ-прэм'ер ураду Ўладзімер Гаркун. Цяпер ён – пасол у Літве. Яго адстаўка, быццам бы дзеля стану здароўя, адбылася ціхамірна і нашмат раней, чым Антановіча й Марыніча.

Адразу атрымаў пасаду кіраўніка канцэрну па перапрацоўцы нафты былы губэрнатар Менскай вобласьці Пётра Пётух.

Пакуль невядомы лёс былых міністраў сельскай гаспадаркі Івана Шаколы і справаў СНГ Уладзімера Вялічкі. Але яны – малавядомыя ў краіне асобы і па вялікім рахунку не цікавыя грамадзтву, бо не ўплываюць на яго разьвіцьцё.

А вось вяртаньне ва ўладу Міхаіла Сазонава мае знакавы характар. Нагадаю, што ягоны брат Аляксандар працуе міністрам прадпрымальніцтва. Былы паплечнік Лукашэнкі ў антыкарупцыйнай камісіі, былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта пайшоў у адстаўку дзеля стану здароўя. Ня так даўно ён прызначаны дараднікам прэзыдэнта. Міхаіл Сазонаў быў адным з тых, хто забясьпечыў станоўчыя для ўлады вынікі рэфэрэндуму 1996 году.

І яшчэ: усе высокапастаўленыя чыноўнікі, якіх выпраўляюць у адстаўку, у адрозьненьне ад расейскіх калегаў, не камэнтуюць яе. Нават шматслоўны Антановіч. Вельмі красамоўная дэталь для характарыстыкі стану цяперашняга грамадзтва Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG