Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 1998 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Палітычныя вязьні беларускага рэжыму сустракаюць Новы Год у спадзяваньні на тое, што ён прынясе ім вызваленьне, а ўсяму беларускаму народу – доўгачаканае вяртаньне на шлях дэмакратыі й прагрэсу.

На жаль, 1998 год быў годам пазбаўленьня волі для шматлікіх грамадзянаў Беларусі, і таму наўрад ці яны згадаюць яго добрым словам.

Памятаеце, атрымаў турэмны тэрмін маладафронтавец Аляксей Шыдлоўскі? Яшчэ паўтара гады ўляпілі яму судзьдзі за тое, што пісаў на сьценах антыпрэзыдэнцкія лёзунгі. У выніку спадзяваньні юнака на тое, што ў яго хутка зьявіцца магчымасьць працягнуць вучобу ва ўнівэрсытэце, аказаліся дарэмнымі і ўвесь год Аляксей праседзеў у турме.

Моцны ўдар лёсу напаткаў і дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава. На пачатку году ён быў арыштаваны за крадзеж дзяржаўнай маёмасьці – гэтак заяўляе пракуратура. Сам жа дэпутат лічыць, што за подпіс аб імпічмэнце і публічную крытыку прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

А напрыканцы году папоўніў сьпіс палітычных вязьняў Беларусі актывіст Віцебскай Рады БНФ «Выбар» Уладзімер Плешчанка. Яго зьбіраюцца судзіць як хулігана паводле абвінавачаньня ў разбурэньні помніка расейскаму генэралісімусу Сувораву. Між тым Плешчанка заўляе, што ён да гэтага ня мае ніякага дачыненьня.

Да сьпісу вязьняў варта яшчэ дадаць некалькі дзясяткаў актывістаў палітычных партыяў і рухаў, што на працягу году былі пакараныя за ўдзел у акцыях пратэсту, пікетах, мітынгах, шэсьцях. Вось і ў гэтыя перадсьвяточныя дні сядзяць за кратамі ў менскім ізалятары на вуліцы Акрэсьціна чацьвёра беларускіх патрыётаў, якія выказаліся супраць плянаў адабраньня ў Беларусі незалежнасьці і далучэньня яе да Расеі.

Найстарэйшы зь вязьняў – сябра Народнага Фронту 65-гадовы Алесь Юстыянавіч Карызна, прадстаўнік роду сапраўдных змагароў за незалежную Бацькаўшчыну. У 30-я гады ягоны бацька Юстыян Карызна быў арыштаваны й расстраляны чэкістамі з кляймом «ворага народу». Прах Юстыяна Карызны спачывае пад Санкт-Пецярбургам, у чужой расейскай зямлі. І вось цяпер Алесь Карызна, памятаючы лёс свайго бацькі, вырашыў папярэдзіць людзей, нагадаць, што можа адбыцца з тымі, хто ня цэніць сваю незалежнасьць, не змагаецца за свае правы. Алесь Карызна, разам зь Зьмітром Бандарэнкам, Віктарам Марозавым і Ўладзімерам Руснаком, заўтра выйдзе на волю.

А як складваюцца справы ў тых вязьняў, каму давядзецца сустрэць Новы Год за кратамі?

Пазаўчора Аляксей Шыдлоўскі прымаў ад сваіх турэмных сяброў віншаваньні з днём нараджэньня. Аляксею споўнілася 20 гадоў – зусім дарослы ўжо чалавек, паводле ўзросту й жыцьцёвага досьведу. Хацелася б далучыцца да дасланых яму віншаваньняў і пажадаць Аляксею вытрымкі й мужнасьці ў гэтыя апошнія дні турэмнага пакараньня. Мы ўсе цябе чакаем, Аляксей – і сябры, і калегі, і родныя. Да сустрэчы на волі – засталося менш за два месяцы.

З дэпутатам Вярхоўнага Савету Ўладзімерам Кудзінавым, які сядзіць у адной калёніі разам з Аляксеем Шыдлоўскім, вось ужо два месяцы ня можа сустрэцца ягоная жонка Зоя і дочкі Зоя й Натальля. Учора дзяўчаткі стаялі на менскай вуліцы ў пікеце, трымаючы ў руках плякат: «Дзед Мароз, вярні нам тату!» «Дзед Мароз магчыма й вярнуў бы, але, на жаль, лёс нашага таты цяпер у руках іншага чалавека», – кажа Зоя Кудзінава. Яе пераднавагоднія мары гэткія: «Хоць бы ў лютым атрымаць спатканьне з Уладзімерам, якому маральная падтрымка цяпер вельмі патрэбная». Галоўнае – Зоя Кудзінава ўсё ж спадзяецца на амністыю, на тое, што датэрміновае дараваньне волі закране і Ўладзімера Кудзінава. Хоць бы яму зьменшылі тэрмін пакараньня... Нагадаем, што з 8 гадоў, атрыманых паводле абвінавачаньня ў хабарніцтве, дэпутат ужо адседзеў больш за два гады. Ён, між іншым, ня лічыць сябе вінаватым. Аднак, наколькі вядома зь ягоных выказваньняў, што даходзяць з турмы на волю, ён спадзяецца не на амністыю, а на вяртаньне Беларусі на шлях дэмакратыі й прагрэсу. «Я веру менавіта ў такую будучыню нашай краіны», – заявіў Кудзінаў на нядаўнай сустрэчы ў турме з кіраўніком групы назіральнікаў АБСЭ Гансам-Георгам Вікам.

Таксама ў Менску вось ужо 10 месяцаў пакутуе за кратамі дэпутат Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў. Паводле зьвестак адваката Вольгі Бірулі, учора яму было абвешчана аб рашэньні правесьці мэдычную экспэртызу стану ягонага здароўя. Клімаў скардзіцца на захворваньне сэрца й пячонкі. Ён дамагаецца вызваленьня і па-ранейшаму адмаўляецца ўдзельнічаць у сьледчых дзеяньнях, якія спрабуе наладзіць сьледчы капітан Алёшкін. Не ўдаецца ў таго ўзьдзейнічаць на дэпутата – ён спрабуе дамагчыся свайго праз узьдзеяньне на родных – заяўляе жонка Андрэя Клімава Тацяна. Яна прыводзіць такі прыклад: ужо некалькі дзён Тацяна просіць аб датэрміновай сустрэчы з Андрэем, бо сама кладзецца ў шпіталь з запаленьнем лёгкіх. Тацяна захварэла, пастаяўшы некалькі разоў на моцным марозе ў пікетах. «Цяпер сьледчы, ведаючы пра тое, што мне трэба як мага хутчэй легчы ў шпіталь, адкладае дзень спатканьня. Ня йначай, зьдзекуецца, каб зрабіць мяне й Андрэя больш згаворлівымі», – упэўненая Тацяна Клімава. Яна аднак спадзяецца, што да Новага Году ўсё ж пабачыць свайго мужа і павіншуе яго зь сьвятам. А калі не – просіць дапамогі ў хваляў нашай радыёстанцыі. Яны, маўляў, усепранікальныя, і нават за кратамі Андрэй Клімаў і ўсе вязьні атрымаюць шчырае «З Новым Годам!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG