Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 1998 г.


Уладзімер Глод, Менск

Галоўным вынікам 1998 году стала згаленьне насельніцтва Беларусі. Да такой высновы прыйшлі спэцыялісты Нацыянальнага Выканаўчага Камітэту на сваім апошнім паседжаньні 29 сьнежня. У падтрымку сваёй думкі яны прывялі даўжэзны шэраг красамоўных лічбаў і фактаў.

Намесьнік старшыні Нацыянальнага Выканаўчага Камітэту прафэсар Станіслаў Багданкевіч, які ўзначальваў групу экспэртаў, сфармуляваў галоўны вынік году наступным чынам: «Гэта ўзрослая галеча насельніцтва, далейшы развал патэнцыялу краіны, правал эканамічнай палітыкі Лукашэнкі». Сутнасьць гэтай палітыкі – у вяртаньні да адміністрацыйнага кіраўніцтва народнай гаспадаркай, крэдытнай экспансіі, адмовы ад рыначных рэформаў.

Вынікам такой палітыкі стала: хуткае падзеньне рэальных заробкаў і пэнсіяў (за год больш чым у два разы); гіпэрінфляцыя (прыкладна 140-150% за год). І вось надзвычай красамоўныя лічбы: узровень інфляцыі ў Беларусі ў кастрычніку склаў 21%, а ў лістападзе – 25%. Для параўнаньня: у так званай «крызыснай» Расеі адпаведныя лічбы – 4,5% і 5,7%.

Да сумных вынікаў году трэба залічыць таксама харчовы крызыс, вяртаньне дэфіцыту й картак. Фактычна адбылося й скасаваньне банкаўскай сыстэмы. Уласны капітал усіх банкаў зьменшыўся ў тры разы. Толькі два банкі – Беларусьбанк і Беларускі Банк Разьвіцьця – паводле паказчыкаў статутнага фонду ўкладаюцца ў нарматывы.

Некалькі ўдзельнікаў паседжаньня ўзьнялі гэткую праблему: людзі, асабліва ў вёсках, пытаюцца – як патлумачыць, што ўлады абвяшчаюць адны вынікі працы, а вы – зусім іншыя? Як высьветліць, хто тут кажа праўду, а хто падманвае? Адказваючы на гэтае пытаньне, сп. Багданкевіч выказаў такую думку: або афіцыйныя ўлады наўмысна накручваюць патрэбныя ім лічбы, або тут выкарыстоўваецца адмысловая мэтадалёгія разьлікаў, якая дазваляе выводзіць патрэбныя для ўладаў лічбы.

А што чакае Беларусь у эканамічным пляне ў будучым годзе? На думку экспэртаў – нічога добрага. Чаму? Галоўнае – гэта тое, што ўлады не разумеюць, што адбылося на самой справе ў гэтым годзе, які цяпер прамінае. Усе хібы тлумачацца толькі адным: мітычным агульнасусьветным і рэальным расейскім фінансавымі крызысамі. І ўсе надзеі на папраўку зводзяцца таксама да аднаго – аб'яднаньня з Расеяй. Але ж такі крок ня выратуе – упэўненыя ў Нацыянальным Выканаўчым Камітэце. Ягоныя экспэрты лічаць мёртванароджанай і ідэю стварэньня так званага «адзінага рубля» – саюзнай валюты пры захаваньні нацыянальных. Нічога сур'ёзнага й добрага гэта ня дасьць, і разьлік тут у Лукашэнкі адзін: каб Расея пакрыла страты ад дылетанцкіх экспэрымэнтаў беларускіх уладаў.

Другім пытаньнем парадку дня паседжаньня Нацыянальнага Выканаўчага Камітэту было абмеркаваньне блёку законапраектаў, якія падрыхтавала грамадзкая арганізацыя пад назовам «Асацыяцыя эканамічнага разьвіцьця». Усе шэсьць законаў тычацца эканомікі. Паводле словаў Васіля Шлындзікава, закон аб фінансавай рэструктурызацыі прадпрыемстваў і банкаў, закон аб акцыйным таварыстве і іншыя законы дазваляюць беларускім прадпрыемствам на мікраўзроўні добра працаваць і разьвівацца.

Засталося толькі дачакацца таго часу, калі гэтыя законы змогуць па-сапраўднаму запрацаваць. Але, як адзначыў, Уладзімер Белякоў, – гэты час безумоўна прыйдзе. І тады непатрэбна будзе пачынаць усё ад пачатку.

XS
SM
MD
LG