Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 1998 г.


Юрась Карманаў, Менск

Рэакцыя беларускай палітычнай эліты на новыя аб'яднаўчыя ініцыятывы прэзыдэнта Лукашэнкі стала надзвычайна жорсткай. Акупацыяй назвалі меркаванае аб'яднаньне Беларусі й Расеі сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІІ скліканьня Сямён Шарэцкі і экс-сьпікеры Станіслаў Шушкевіч і Мечыслаў Грыб. Сёньня яны накіравалі адкрыты ліст да прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Барыса Ельцына.

У адкрытым лісьце на ймя прэзыдэнта Ельцына гаворыцца: «Праектаваная зьмена дзяржаўнага статусу Рэспублікі Беларусь супярэчыць дзейнай Канстытуцыі 1994 году, і мы, беларусы, будзем разглядаць новы статус як акупацыю Беларусі Расеяй. Мы мяркуем, што й рэакцыя міжнароднай супольнасьці будзе адэкватная дзеяньням Расеі».

У звароце на ймя Ельцына праводзяцца прамыя гістарычныя паралелі: «Акупаваўшы Беларусь, вы зробіце тое, што зрабіў Сталін зь Літвой, Латвіяй і Эстоніяй, і пасееце ў Беларусі зерне варожасьці да народу, які мае ўсе падставы працягваць заставацца прыязным».

У звароце сьпікераў ёсьць папярэджаньне, сэнс якога ў тым, што беларуска-расейскія дамовы паскораць цэнтрабежныя працэсы ў самой Расеі. «Віртуальны саюз, – лічаць сьпікеры, – паскорыць ланцуговую рэакцыю ў расейскіх рэгіёнах у кірунку зьмены іхнага статусу. Пра гэта ўжо заявілі прэзыдэнты Татарстану і Інгушэціі, і наўрад ці пасьля Чэчэніі ў кагосьці з расейцаў засталося жаданьне адстойваць «канстытуцыйны парадак» у – пакуль яшчэ – суб'ектах Расейскай Фэдэрацыі», – гаворыцца ў звароце беларускіх сьпікераў.

Аўтары звароту нагадваюць Ельцыну пра ягоны колішні дэмакратызм і неімпэрскую эру, якая, як меркавалася, павінна была распачацца пасьля распаду СССР.

У інтэрвію нашаму радыё сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі патлумачыў, што «новая інтэграцыйная кампанія, распачатая Аляксандрам Лукашэнкам, сталася прамым наступствам сацыяльна-эканамічнага крызысу, да якога прывёў Беларусь прэзыдэнт Лукашэнка. У наступным 1999 годзе Вярхоўны Савет Беларусі згодна з Канстытуцыяй 1994 году, прызначыць прэзыдэнцкія выбары, якія павінны адбыцца не пазьней за 20 траўня наступнага году», – заявіў Сямён Шарэцкі.

(Шарэцкі:) «... І ніякія тут рэфэрэндумы, ніякія тут іншыя захады ня могуць замяніць прамых выбараў, якія павінны адбыцца як таго патрабуе Канстытуцыя. І Вярхоўны Савет усё зробіць для таго, каб гэта так і было».

(Карманаў:) Скажыце, Сямён Георгіевіч, як вы акрэсьліваеце ролю Расеі ў палітычнай будучыні Аляксандра Лукашэнкі і як, вы думаеце, праявіцца Расея ў наступным, 1999 годзе?

(Шарэцкі:) «Па-першае, Расея павінна выканаць свае абавязкі і ў прыватнасьці павінен выканаць свае абавязкі ў дачыненьні да беларускага народу прэзыдэнт Расеі Барыс Мікалаевіч Ельцын. Ён у Берасьці, у 1994 годзе разам з прэзыдэнтам ЗША, а таксама прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі ўзялі абавязаньне спрыяць захаваньню незалежнай сувэрэннай Беларусі».

Слова «акупацыя» і надзвычай жорсткія ацэнкі падпісаных беларуска-расейскіх дакумэнтаў, як лічаць аўтары пасланьня да Ельцына, павінны прымусіць Крэмль як мінімум задумацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG